Новы пункт пропуску «Дамачава» на беларуска-польскай мяжы, што за 45 км ад Брэста, адкрыецца 20 верасня. Пра гэта паведаміў 25 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Брыткоў.

Паводле слоў прадстаўніка камітэта, пункт будзе арыентаваны на пропуск фізічных асоб. Але «таксама праз гэты пункт пропуску будуць мець магчымасць перамяшчацца транспартныя сродкі грузападымальнасцю 3,5 тоны і пасажырскія мікрааўтобусы ёмістасцю да дзевяці чалавек», удакладніў Брыткоў.

Прадстаўнікі ДМК паведамілі пра тэндэнцыю скарачэння спроб незаконнага вывазу за межы краіны паліва і сацыяльна значных спажывецкіх тавараў, вываз якіх абмежаваны чэрвеньскімі пастановамі ўрада №№ 753 і 755. Калі ў першыя дні дзеяння гэтых пастаноў праз мытную мяжу за суткі перамяшчалася да 11 тыс. фізічных асоб, то цяпер — прыкладна 9 тыс. чалавек, сказаў Брыткоў.

Начальнік упраўлення арганізацыі барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі парушэннямі ДМК Андрэй Міхалькевіч дадаў, што за няпоўныя тры месяцы яго падначаленымі выяўлена 384 спробы незаконнага вывазу паліва ці спажывецкіх тавараў.

[supsystic-social-sharing id="1"]