Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Урад прапаноўвае зрабіць больш жорсткім закон аб масавых мерапрыемствах

Закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі можа быць дапоўнены пунктам аб адказнасці за несанкцыянаванае “бяздзеянне” ў грамадскім месцы.

Гэта вынікае з тэксту праекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон “Аб масавых мерапрыемствах”, які апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 20 ліпеня Савет міністраў унёс гэты дакумент на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Распрацоўшчыкі, у прыватнасці, прапаноўваюць змяніць паняцце “пікетаванне”, на якое неабходна атрымаць дазвол гарадскіх уладаў, наступным чынам: “Да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) і ўстаноўлены час для ўчынення загадзя вызначанага дзеяння або бяздзеяння, арганізаваная (у тым ліку праз глабальную камп`ютарную сетку інтэрнэт ці іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў або пратэсту”.

Згодна з законапраектам, асобы, якія парушаюць парадак арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія парушэнні павінны быць пазбаўлены права выступаць арганізатарамі масавых мерапрыемстваў.

Апрача таго, арганізатарам такіх мерапрыемстваў забараняецца “прыцягваць да ўдзелу ў іх грамадзян за матэрыяльнае ўзнагароджанне”.

Законапраект дазваляе супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія ахоўваюць грамадскі парадак, “праводзіць асабісты надгляд грамадзян і надгляд рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў”. Калі грамадзянін адмаўляецца ад надгляду, яго маюць права не пусціць на месца мерапрыемства.

Месцы, якія могуць быць выкарыстаныя для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама метрапалітэн, аб`екты чыгуначнага, воднага і паветранага транспарту, згодна з законапраектам, дазваляецца абсталяваць “стацыянарнымі сродкамі відэаназірання і іншымі тэхнічнымі сродкамі арганізацыі бяспекі”.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі, прапанаваныя папраўкі — гэта спроба падвесці юрыдычную базу пад жорсткія дзеянні міліцыі.

Як заявіў БелаПАН апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч, сустаршыня аргкамітэта па правядзенні 8 кастрычніка агульнарэспубліканскай акцыі “Народны сход”, законапраект стаў “відавочнай рэакцыяй улады на акцыі інтэрнэт-супольнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”.

Калі пакаранне за дзеянне і бяздзеянне, за тое, што ты крычыш ці маўчыш, дастаеш сцягі ці не, — аднолькавае, то лепш быць грэшным, чым лічыцца ім, — мяркуе Івашкевіч. — Калі закон увойдзе ў сілу, становіцца бессэнсоўным камуфляваць свой пратэст, бо ад гэтага больш бяспечна не будзе. Давядзецца дзейнічаць адкрыта, а эфектыўнасць акцый яшчэ больш будзе залежаць ад колькасці яе ўдзельнікаў”.

Адзін з ініцыятараў інтэрнэт-супольнасці “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі” Вячаслаў Дзіянаў у каментарыі БелаПАН зазначыў: “Будуць прыняты папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах ці не, міліцыя ў любым выпадку дзейнічае неадэкватна, занадта жорстка”.

Што тычыцца законапраекта, то ён, на думку Дзіянава, супярэчыць “усім правам чалавека і міжнародным нормам”. “Па сутнасці законапраект нічога новага не дае, а толькі апраўдвае жорсткія дзеянні сілавых структур падчас акцый пратэсту. Такія папраўкі антызаконныя, абсурдныя. Яны паказваюць, што ўлада вырашыла далей рухацца па шляху беззаконнасці, і яе дзеянні ў гэтым кірунку становяцца сістэмнымі”, — заявіў Дзіянаў.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *