У Руха за свабоду з’явілася абласная структура на Берасцейшчыне. Сход па стварэнні берасцейскага абласнога праваабаронча-асветніцкага аб’яднання Рух за свабоду прайшоў 30 ліпеня ў горадзе над Бугам.
Кіруючым органам стала рада ў складзе 8-мі чалавек, якую ўзначаліў Дзмітрый Трэцяк.
– Нашая арганізацыя дынамічна развіваецца, таму ёсць неабходнасць у наяўнасці абласной арганізацыі, – так лічыць Аляксандр Мілінкевіч.
– Калі хочам мець арганізацыю, якая дзейнічае, якая эфектыўная, то мусіць быць пабудаванне структуры. Мы не партыя – у сэнсе тым, што мы зверху даем каманды, а на нізе павінны выконвацца. Мы грамадска-палітычны рух і ў нас ідуць нізавыя ініцыятывы. Лакальная актыўнасць для нас вельмі важная. І мы не толькі будзем запрашаць людзей да ўдзелу ў кампаніях, якія будуць у Менску, але таксама хочам, каб яны на месцах ініцыявалі тое, што трэба тут- дабавіў лідар Руху за свабоду.
Акрамя стварэння абласных арганізацый Рух за свабоду плануе стварэнне
ў Беларусі Грамадскага ўніверсітэта, што стане кузніцаю кадраў будучай беларускай эліты.
Яшчэ адным пунктам планаў сталі Еўрапейскія клубы, якія ставяць мэтаю знаёмства беларусаў з еўрапейскімі традыцыямі, культурай, эканомікай ды іншым.
Паводле: Радыё Рацыя