Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Маленькая перамога ў Берасці

Берасцейскі абласны суд задаволіў скаргу актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзмітрыя Шурхая.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, 21 ліпеня аблсуд адмяніў пастанову суда Маскоўскага раёна Берасця і накіраваў адміністрацыйную справу актывіста на новы разгляд.

–    Шурхай не згодны з пастановай суда ад 29 чэрвеня 2011 года, які налажыў адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак згодна з артыкулам 17.1 КоАП. У суд ён падаў дадатковыя доказы аб незаконнасці і неабгрунтаванасці вынесенай ў дачыненні да яго пастановы, а таксама доказы парушэння грамадзянскіх правоў падчас складання пратакола аб адміністрацыйных правапарушэннях і падчас разгляду справы ў судзе, — сказаў праваабаронца.

У прыватнасці, як сцвярджаў актывіст, было відаць, што пратакол складалі некалькі асоб, хоць пад дакументам стаяў подпіс аднаго супрацоўніка міліцыі.

–    Акрамя гэтага, суд не даследаваў змест тых нецэнзурных слоў, якія, паводле паказанняў супрацоўнікаў міліцыі, нібы сказаў Шурхай. Актывіст лічыць, што на раённы суд быў аказаны ўціск і справа аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць яго было сфабрыкаваная супрацоўнікамі міліцыі для таго, каб арыштаваць і ізаляваць на час правядзення маўклівай акцыі пратэсту ў Брэсце 29 чэрвеня. Шурхай лічыць, што гэта помста за выказванне поглядаў, якія адрозніваюцца ад пазіцыі дзейнай выканаўчай улады, — сказаў Кісляк.

Нагадаем, што Шурхай быў затрыманы 28 чэрвеня на вуліцы Янкі Купалы ў Берасці і дастаўлены ў Маскоўскі РАУС. Там у дачыненні да актывіста аргкамітэта БХД быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Сярод адміністрацыйных спраў у сувязі з маўклівымі акцыямі пратэсту гэта першая, пастанова па якой адменена абласным судом.

Паводле: БГ

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *