Адукацыя

Новыя правілы размеркавання

Міністэрства адукацыі агучыла новыя правілы прымусовага размеркавання, якія пачнуць дзейнічаць першага верасня ў межах Кодэксу аб адукацыі.

Цяпер пазбегнуць размеркавання стане яшчэ цяжэй, затое размяркоўваць у першую чаргу будуць ня толькі ў дзяржаўныя кампаніі, пры гэтым самога студэнта аб жаданым месцы працы будуць пытаць у апошнюю чаргу. Для нязгодных з сістэмай размеркавання прапаноўваецца толькі адна «вопцыя»: дабравольна заплаціць адразу за ўсё навучанне па максімальным тарыфе без суду.

Каментуючы новыя правілы размеркавання зацверджаныя месяц таму, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук назваў толькі дзве прычыны, якія могуць дапамагчы бюджэтнікам пазбегнуць прымусовага размеркавання. Гэта працяг адукацыі ў беларускіх ВНУ за дзяржаўныя грошы і дзіцё-інвалід, якога выпускнік выхоўвае. Аднак існыя льготы пры размеркаванні, калі, напрыклад, выпускнік мае жонку ці мужа з пэўнага гораду і мусіць быць размеркаваны па месцы працы жонкі ці мужа, захаваюцца.

«З верасня мы пераходзім на падрыхтоўку спецыялістаў на дагаворнай аснове. Усе студэнты будуць заключаць дамовы, у якіх будуць агаворвацца ў тым ліку пытанні размеркавання», — сказаў Жук.

У новых правілах размеркавання прыведзены пералік бакоў, меркаванне якіх мусіць улічваць камісія па размеркаванні. Найперш камісія разгледзіць, як студэнт вучыўся і «ўдзельнічаў у грамадскім жыцці»,
пасля паглядзяць на сямейнае становішча,
месца пераддыпломнай практыкі і спытае прадстаўнікоў універсітэту аб «мэтазгодным месцы накіравання». І толькі ў апошнюю чаргу звернуцца да самога выпускніка.

Слова «мэтазгоднасць» у правілах размеркавання не тлумачыцца, але Раман Дапіра, старшыня Рэспубліканскага савету старшыняў прафсаюзных камітэтаў моладзі, што вучыцца, пры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у сваім інтэрв’ю «Звяздзе» расшыфроўвае яго як варыянт размеркавання, што ўлічвае наступныя фактары:

  1. адпаведнасць атрыманай спецыяльнасці
  2.  магчымасць прафесійнай самарэалізацыі
  3. кар’ернага росту
  4. забеспячэнне сацыяльных гарантый
  5. геаграфічнае размяшчэнне арганізацый з улікам асабістых абставінаў выпускніка

Яшчэ адна навіна — прыярытэтнае «права на маладога спецыяліста» акрамя дзяржаўных атрымліваюць і прыватныя арганізацыі. То бок калі заяўку на выпускніка даслалі адразу прыватная і дзяржаўная кампанія, то камісія цяпер ня будзе абавязаная адаслаць студэнта менавіта ў дзяржаўную арганізацыю. Але для таго, каб у час размеркавання прыватная кампанія атрымала аднолькавы статус з дзяржаўнай, ёй трэба стаць «базавай». Што гэта значыць, у новых правілах не тлумачыцца. Але верагодна маюцца на ўвазе тыя кампаніі, што супрацоўнічаюць з універсітэтамі: «дармова» набываюць ім тэхніку ці абсталёўваюць цэлыя паверхі ўніверсітэтаў за права атрымаць па размеркаванні найлепшых выпускнікоў, як, напрыклад Epam ці IBA для БДУІР.

Паводле Кодэксу аб адукацыі, размяркоўваць будуць нават пасля платнай магістратуры — у тым выпадку, калі студэнт скончыў бясплатнае аддзяленне альбо болей за палову тэрміну свайго навучання хадзіў у «бясплатніках». Тыя ж студэнты, якія скончылі платнае, альбо паступілі ў магістратуру пасля году адпрацоўкі пасля бясплатнага, вымушаныя будуць пасля сканчэння адукацыі паехаць на старое ці новае месца працы па размеркаванні на год.

Няяснай застаецца сітуацыя з размеркаваннем сёлетніх выпускнікоў, якія паступяць у платныя альбо замежныя магістратуры. Справа ў тым, што Кодэкс аб адукацыі ўступае ў сілу з 1 верасня. А залічэнне ў магістратуру звычайна адбываецца раней за гэту дату. Ці распаўсюджваюцца новыя правілы размеркавання на выпускнікоў гэтага лета, пытаюцца выпускнікі. У дэканатах адказу ня маюць: «усё можа змяніцца», — кажуць, напрыклад, у БДУ на пытанне студэнтаў аб неабходнасці адпрацоўкі пасля платнай магістратуры і бясплатнага «спецыяліста».

Але прафсаюзнік Раман Дапіра адказ на гэта пытанне мае:

З 1 верасня пасля ўступлення ў сілу Кодэкса аб адукацыі, калі малады чалавек паступіць у магістратуру ў год заканчэння першай ступені вышэйшай школы, то ён будзе адпрацоўваць свае два гады ўжо пасля заканчэння магістратуры», — заявіў ён у інтэрв’ю дзяржаўнай «Звяздзе». Калі лічыць словы лідэра праўладнага прафсаюзу за афіцыйную пазіцыю, то адпрацоўваць цяперашнім магістрантам за «мінулыя» адукацыі ня прыйдзецца.

Аднак для астатніх справы выглядаюць не вельмі светлымі:

Свой доўг дзяржаве за бясплатнае навучанне на першай ступені ў выглядзе працы па размеркаванні ён [выпускнік] мусіць вярнуць. І нават калі малады чалавек едзе за мяжу, каб навучацца там у магістратуры, усё роўна яму абавязкова нагадаюць пра яго доўг, як толькі той вернецца на радзіму. Калі праца па размеркаванні не ўваходзіць у яго жыццёвыя планы, то яму давядзецца расплачвацца з дзяржавай за ўсе гады свайго навучання, — кажа спадар Дапіра.

Яшчэ на этапе размеркавання выпускнік можа заявіць пра сваё нежаданне працаваць і звярнуцца па разлік сумы сродкаў, выдаткаваных на яго навучанне. Пасля ўнясення сродкаў ён зможа атрымаць даведку аб свабодным працаўладкаванні, — кажа Дапіра. — Але я асабіста параіў бы спачатку паспрабаваць пераразмеркавацца да таго наймальніка, у якога хацеў бы працаваць, а ўжо калі гэта не атрымаецца, задзейнічаць фінансавыя рычагі — вяртаць у бюджэт сродкі.

Калі ж хлопец ці дзяўчына адмовяцца плаціць добраахвотна, універсітэт падасць на свайго былога студэнта ў суд. Дарэчы, выніковая сума выйдзе большай у параўнанні са звычайнай платай за навучанне: у рахунак дададуць стыпендыю і многія іншыя выдаткі, якія ў большасці выпадкаў бярэ на сябе ўніверсітэт.

Паводле: generation.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *