Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Маўклівая акцыя ў Берасці 03.06.11.

У Дзень Незалежнасці па ўсё краіне прайшлі маўклівыя акцыі. На гэты раз колькасць удзельнікаў у Берасці была не такая вялікая, як раней.Аляксандр Ахмач, ОГП:

Дзень трэцяга ліпеня у гэтым годзе для берасьцейцаў, цалкам адпавядаў настрою той самай “незалежнасці”, на якую прыйшлася гэтая каляндарная нядзеля. І пачаўся ён з правакацыі.

Дакладней, я аб гэтай правакацыі даведаўся. Што зробіш – якое “свята”, такія і “падарункі” падрыхтавалі ўлады для жыхароў нашага гораду.

Фота: сайт ОГП

Фота: сайт ОГП

Ранкам, “коўзаючыся” па “павуцінню” інтэрнэт-сеціва выпадкова натрапіў на нейкую сумніўную групу “Кантакту”, якая “ўзяла” на сябе абавязкі па каардынацыі дзеянняў на “маўклівай” Плошчы добрай Надзеі ў Берасці . І прапанавала яна зусім не той мірны сцэнар пратэсту як заўжды, а нейкую “кавер-версію” падзей, якія меліся адбыцца на галоўнай плошчы Менску. Маўляў, выходзім на Плошчу пад выглядам “правільных” грамадзян і слухаем “святочны” канцэрт, але на заключным этапе выканання “гімну” пачынаем гучна пляскаць у ладкі і скандаваць “Уходи!» ды «Пора менять лысую резину!».

Першае пытанне якое ўзнікла: хто б гэта мог быць, калі сапраўдныя каардынатары берасьцейскай акцыі “маўклівых” зараз знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання? І па другое – каму мы, берасьцейцы павінны былі б крычаць «Уходи!»? Хіба што вайсковаму аркестру? Глупства, панове… нешта тут нейкая нелагічная “прапанова” ад спадароў “каардынатараў”. Аднак, самае прыкрае, што на дадзеныя заклікі “павяліся” некаторыя даволі актыўныя прадстаўнікі дэмакратычнага супраціву.

Асабіста я, адразу вырашыў для сябе што буду ўдзельнічаць толькі ў тым “фармаце” акцыі, які быў вядомы мне раней , а калі і застануся на Плошчы пасля 19.30, то выключна ў якасці журналіста, адыйшоўшы ад “ухадзільнікаў” на пэўную адлегласць, але… гэта былі толькі планы.

Фота: сайт ОГП

Фота: сайт ОГП

Прайшоўшы “заград-кардон” ля турнікетаў, я выйшаў на сваю Плошчу акурат а 19-й гадзіне. Зрабіўшы колькі здымкаў сумна пазяхаючых грамадзян у “рэзервацыі” атарочанай светаадбіваючай лентай (“Граждане отдыхающие, убедительная просьба не заплывать за буйки…”) перад імправізаванай сцэнай, накіраваўся да асноўнай групы народу, якая толькі пачынала канцэнтравацца ля фантану. Прыблізна, чалавек каля сотні тых, што ўжо НІКОЛІ не будуць забітымі і “дабравольна-прымусова” загнанымі па разнарадках у межы якіх бы ні было рэзервацый.

Прастаяўшы толькі каля сямі-васьмі хвілін, дачуўся і на свае вочы ўбачыў што невядомыя ў “цывільным” падыходзяць да людзей і вельмі ветліва просяць «буквально на минут десять, максимум – полчасика, освободить территорию площади т.к. мы должны её проверить на возможность наличия на ней взрывчатых и иных, угрожающих безопасности веществ и предметов». Нічога не скажаш – крэатыўна адпрацавалі хлопцы з “ворганаў”, прынамсі, я ўпершыню ад іх бачу такі высокі “палёт думкі”.

Калі апынуўся “па той” бок турнікетаў, пачуў званок сваёй мабілкі. Тэлефанавала знаёмая журналістка з “Радыё Рацыя”, якая паведаміла што ў яе заблакаваны тэлефон (хаця на рахунку былі яшчэ даволі значныя грошы) і хацела б часова скарыстацца маім тэлефонам так як ёй тэрмінова патрэбны “прамы” эфір. Калегам адмаўляць у нашай прафесіі не прынята, таму – іду на сустрэчу.

Шлях мой пралягаў праз галоўны ўваход на Плошчу з боку вуліцы Пушкінская, але наблізіўшыся да яго, я убачыў мітусню і пачуў крыкі “Помогите!”. Далейшае, з-за нечаканасці нагадала кадры з нейкага “бандыцкага” серыялу, калі чацвёра лысых дзяцюкоў неандэртальскага выгляду, намагаліся захапіць інтэлігентнай знешнасці “закладніка”. Але самым нечаканым для мяне стала тое, як імгненна адрэагавалі на прызыў аб дапамозе незнаёмага чалавека берасцейцы – не паспеў я яшчэ разчахліць фотакамеру, як людзі абкружылі нападаючых з усіх бакоў. Жанчына ўчапілася за аднаго за вопратку і літаральна на ім павісла, зусім стары дзед з ордэнскімі планкамі смачна “пераехаў” другога “быка” клюкою па спіне, моладзь штурхала “гопнікаў” ва ўсе бакі… і толькі тут, зусім павольна ў “справу” былі вымушаны ўмяшацца прадстаўнікі “правааховы”. Як вынік – “гопнікі” хутка рэтыраваліся. Пачуліся апладысменты.

Фота: сайт ОГП

Фота: сайт ОГП

Апладысменты нашай першай Перамозе на Плошчы Добрай Надзеі, якая ў гэты дзень стала нашым першым Грунвальдам і нашай Воршай, Сінімі Водамі і Мілавідамі… я ганаруся што жыву ў адным горадзе з ТАКІМІ ЛЮДЗЬМІ!!! Шчыра, нават без намёку на пафас…

У свеце гэтых падзей, адначасова, вельмі камічнымі і ненатуральнымі выглядаюць “віншавальныя” словы Канстанціна Сумара аб тым, што”дзень незалежнасці – гэта сімвал стабільнасці і спакою”. Не паверыў бы, каб нават хацеў гэтага. Бо бачыў на ўласныя вочы, і бачылі разам са мною дзесяткі іншых…

Аднак, сёння ў Берасці ўпершыню не было такой відавочнай масавасці на акцыі “маўклівага” пратэсту. І не апошнюю ролю, як мне падаецца, адыгралі ў гэтым вышэйназваныя “каардынатары”. Не маючы дакладнага плану і сцэнару, людзі стаялі групамі па 30 – 50 чалавек з розных бакоў Плошчы. У гэтым мы прайгралі. Прайгралі, бо ў рэчаіснасці не бывае перамог без параз. І, спадзяюся, сённяшні дзень стане для нас не столькі мінулай гісторыяй, колькі вопытам на Будучыню… беражыце сябе і адзін аднаго!

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *