Улады Паўночнай Карэі вырашылі зачыніць усе ВНУ дзеля падрыхтоўкі да юбілею «вечнага прэзыдэнта» Кім Ір Сэна, які мусяць адсвяткаваць праз год.

Да гэтага часу ўсе студэнты краіны, акрамя выпускнікоў і замежнікаў, будуць працаваць у калгасах і на грандыёзных будоўлях.

Улады Паўночнай Карэі заявілі, што ў 2012 годзе народ гэтай краіны стане «вялікай, квітнеючай і магутнай нацыяй». Ператварэнне ў магутную нацыю супадае са святкаваннем юбілея Кім Ір Сэна, заснавальніка Паўночнай Карэі.

Акрамя гэтага яго сын Кім Чэн Ір, які носіць тытул «Вялікі кіраўнік», спадзяецца праз год перадаць уладу свайму пераемніку і сыну Кім Чон Ыну. Тым часам студэнты вымушаныя будуць папрацаваць на сваіх любімых кіраўнікоў у калгасах і на буйнейшых будоўлях, якія вядуцца напярэдадні святкаваньня 100-гадовага юбілею дзеда Ына. Пазбегнуць гэткай «паншчыны» толькі замежныя студэнты і выпускнікі.

Як лічаць японскія эксперты, улады накіроўваюць студэнтаў на аднаўленне сельскай гаспадаркі і будоўлі, каб пазбегнуць магчымых хваляванняў. Карэйскія студэнты, верагодна, натхнёныя падзеямі на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, захочуць паўтарыць вопыт гэтых рэвалюцый.

Раней паведамлялася, што нядаўна Кітай паставіў Паўночнай Карэі вялікую партыю абсталявання для падаўлення пратэстаў, у тым ліку газ і паліцэйскую амуніцыю.

Паводле: generation.by

[supsystic-social-sharing id="1"]