Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
У краіне

Усіх затрыманых у Берасці адпусцілі без пратаколаў

Усіх затрыманых увечар 15 чэрвеня ў Берасцi падчас маўклівай акцыі пратэсту адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў.
Як паведаміў БЕЛАПАН праваабаронца Раман Кісляк, з 19.00 да 19.25 на плошчы Леніна, дзе праходзіла акцыя, супрацоўнікі міліцыі затрымалі 10 чалавек. Гэта мясцовыя актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Зміцер Шурхай і Арцём Палачанін; актывіст «Маладога фронта» Яўген Скрабец; старшыня Берасцейскай гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс і актывіст гэтай партыйнай структуры Андрэй Турак; берасцейскі каардынатар руху «За cвободу» Дзяніс Турчаняк; карэспандэнт «Берасцейскай газеты» Станіслаў Коршунаў; фотакарэспандэнт сайта «Віртуальны Брэст» Зміцер Босак; незалежны журналіст Міхась Іллін і берасцеец Суханос.

У аўтазаку іх даставілі ў Ленінскі РАУС Берасця. У райаддзеле міліцыі ў іх праверылі дакументы, знялі на відэа, у Ганны Канюс узялі адбіткі пальцаў. Да 20.45 усе былі адпушчаны.

«Усе гэтыя затрыманні з’яўляюцца адвольнымі. Людзі проста знаходзіліся на пляцы, і рэальна немагчыма ідэнтыфікаваць удзельнікаў акцыі, бо яна праходзіла без якой-небудзь візуалізацыі. Таму «пад раздачу» патрапілі журналісты і грамадзяне, якія проста праходзілі па плошчы», — пракаментаваў інцыдэнт праваабаронца.

Ён падкрэсліў, што акцыя, якая прайшла ў такім фармаце, не падпадае пад дзеянне закона «Пра масавыя мерапрыемствы».

Паводле naviny.by

Фота БЕЛАПАН

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *