Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Моладзь

Маладыя спецыялісты Беларусі горшыя расейскіх?

У Беларусі маладым спецыялістам плацяць у 30 разоў менш, чым у Расеі.

Калі студэнт з Беларускага педагагічнага ВНУ накіроўваецца працаваць па размеркаванні, яго чакаюць “пад’ёмныя”. Сума залежыць ад мясцовасці, дзе давядзецца працаваць, і настрою кіраўніцтва на месцы працы. “Нам адразу плацілі “пад’ёмныя”, а потым “за сельскую мясцовасць”. Агулам, тысяч 600-700”, – кажа маладая спецыялістка, якая размеркавалася ў 2010 годзе пасля педагагічнага ўніверсітэта выкладчыцай у школу.

За месяц яна атрымлівае каля мільёна. Да заробку дадаецца і надбаўка – 20% ад заробку, каб заахвоціць да працы маладога спецыяліста. Прыкладна 120 тысяч.

Апроч іншага, маладым спецыялістам даюць жыллё, аднак яно не заўжды прыходзіцца даспадобы…

“Ужо трэцяе жыллё мяняю. Яны мусяць даць жыллё, а калі не задавальняе – шукай сам. Мне далі вясковы дом, але там было вельмі холадна. Цяпер я жыву з гаспадаром – здымаю сама жыллё”.

У суседняй Расеі абавязковага размеркавання няма. Але калі выпускнік ВНУ захоча паехаць працаваць настаўнікам у вясковай школе, то зможа гэта зрабіць. І атрымаць “пад’ёмныя” ў 500 тысяч расійскіх рублёў! Для гэтага ў Расеі нават распрацавалі адмысловую праграму, каб заахвоціць педагогаў працаваць у вёсках.

“Гэта канкрэтны праект, які быў рэалізаваны ў мінулым годзе і там было 780 чалавек, якія атрымалі грошы ад дзяржавы”, – распавядаюць у прэс-службе Міністэрстве адукацыі Расеі.

Праграма падтрымкі разлічаная на нядаўніх выпускнікоў – маладых спецыялістаў. Усе жадаючыя паехаць працаваць у вёску па гэтай праграме адбіраюцца адмысловай камісіяй. Едуць у асноўным паспяховыя студэнты, тлумачыць аглядальніца адукацыйных праблем з расійскай “Незалежнай газеты” Наталля Савіцкая.

“Выпускнікі 2009 і 2010 года. Планавалася, што будзе тысяча выкладчыкаў. У выніку выкладчыкі атрымліваюць па 500 тысяч. 250 тысяч рублёў за год. Два гады яны будуць іх атрымоўваць, то бок гэтыя “пад’ёмныя” разбітыя на 2 часткі. Умовы для маладых людзей: яны мусяць адпрацаваць 5 гадоў”.

Калі гэтыя грошы пералічыць у беларускія рублі, то атрымаецца больш за 88 мільёнаў. Бярэм беларускія 700 тысяч “пад’ёмных”. Калі дадаць да іх 120 тысяч, якія атрымліваюць спецыялісты штомесяц цягам двух гадоў атрымліваецца 3 мільёны. То бок ў Беларусі “пад’ёмныя” для выпускнікоў у 30 разоў меншыя, чым для ўдзельнікаў гэтай расійскай праграмы.

Сярэдні заробак настаўніка па Расеі — 15 тысяч рублёў. Па словах Наталлі Савіцкай, заробак у расійскіх сельскіх школах складае прыблізна 6000 рублёў на месяц. У пераводзе на беларускія грошы гэта – крыху больш за мільён. Столькі ж атрымоўваюць і беларускія настаўнікі.

Нагадаем, у Беларусі размеркаванне для студэнтаў бюджэтнага аддзялення абавязковае. Па спецыяльнасці выпускнікі мусяць адпрацаваць роўна два гады.

Паводле: euroradio.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *