Яны прапаноўваюць абмежаваць частату рэкламных паўзаў ды іх працягласць на тэлебачанні. Паводле дэпутаткі Таццяны Філімончык, парламентарыі настойваюць на змене закону «Аб рэкламе». «Працягласць рэкламы на беларускім тэлебачанні ў прайм-тайм самая вялікая ў свеце – 18 хвілінаў. Мы прапаноўваем яе скараціць да 9–15 хвілінаў», – заявіла дэпутатка.

Сапраўды, 12–15 хвілінаў – гэта максімальны час дэманстрацыі рэкламы ў свеце. У Расіі ды Украіне, напрыклад, працягласць рэкламы не мусіць перавышаць 9 хвілінаў, у Літве – 12 хвілінаў.

Парламентарыі таксама хочуць заканадаўча замацаваць норму 45 хвілінаў – часу, на працягу якога будзе забаронена перарываць асноўную трансляцыю на рэкламу. Спасылаюцца чыноўнікі на сацыяльныя даследаванні, паводле якіх 90 % апытаных выказваюцца за тое, каб скараціць колькасць рэкламы, і толькі 1,5 % ставяцца да рэкламы цярпіма.

Магчымыя змены заканадаўства ўжо негатыўна ўспрыняло кіраўніцтва дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў. На іх абарону ўстала і Міністэрства інфармацыі. Аднак канчатковае рашэнне прымуць на супольным паседжанні, куды ў якасці экспертаў запрасілі прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта.

Інтарэсы дэпутатаў і тэлевізійнікаў сутыкнуліся таксама ў пытанні піва. Паводле маркетолага Івана Гурэвіча, гэта адна з найбольш прыбытковых рэкламаў на ТБ. «Прайм-тайм запоўнены рэкламаю піва, і паводле рэйтынгу менавіта гэтая рэклама займае першыя пазіцыі паводле якасці, ідэі ды ўкладзеных сродкаў», – адзначыў эксперт.

Парламентарыі настойваюць на тым, каб забараніць рэкламу піва ў перыяд з 7.00 да 22.00 (цяпер – да 20.00). Іх падтрымлівае Міністэрства аховы здароўя і Генеральная пракуратура. Супраць выступаюць не толькі тэлеканалы, але і піваварныя кампаніі, Міністэрства гандлю і канцэрн «Белдзяржхарчпрам».

Паводле: Радыё Рацыя

 

[supsystic-social-sharing id="1"]