Еўрарадыё праверыла як падаражанне курса адбілася на ВНУ Беларусі.

“Расцэнкі, вядома, будуць змяняцца, на кожны навучальны год фарміруецца новая цана”, – кажа супрацоўніца Віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава.

Новыя цэны ў ВНУ яшчэ не з’явіліся – будуць вядомыя бліжэй да пачатку новага навучальнага года.

“У бліжэйшы час мы не планавалі, пакуль не павысяць стаўку першага разраду. Пакуль мы не плануем мяняць кошты”, – распавядаюць у бухгалтэрыі БДУ. Тарыфная стаўка – гэта кропка вымярэння заробку. Менавіта ад яе залежыць павышэнне коштаў на навучанне.

У Беларускім універсітэце інфамратыкі і радыёэлектронікі таксама пакуль не плануюць павышаць кошты на навучанне.

Супрацоўніца БДУІР: “Пакуль не будзе павышацца стаўка першага разраду, цэны на навучанне таксама падымацца не будуць”.

Кошт навучання ўзгадняецца з Міністэрствам адукацыі, універсітэт можа толькі ўнесці прапановы. Зараз самае дарагое навучанне ў БДУІРы складае 5,2 мільёны за год.

Нагадаем, у студзені 2009 года адбылася дэвальвацыя. Беларускі рубель патаннеў на 20%.

Тады студэнты галоўнага ВНУ краіны пачалі плаціць больш на 1,3 мільёна. То бок у сярэднім аплата вырасла з 3,3 мільёнаў рублёў у 2008 годзе да 4,7 мільёнаў у пачатку 2009 года.

Студэнтам БДПУ імя Танка пасля дэвальвацыі-2009 за другі семестр давялося заплаціць больш на 300 тысяч.

“1,1 мільён я плаціў у першым семестры. У другім плаціў ужо 1,3 і яшчэ потым даплачваў 100 тысяч”, – прыгадвае студэнт.

Дарэчы, у некаторых універсітэтах аплата вырасла ўжо сёння. Бо ў мінскім філіяле Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі аплата ў расійскіх рублях.

“У мінулым годзе каштавала 26 тысяч расійскіх рублёў завочнае і 54 тысячы дзённае. Што будзе ў гэтым годзе не ведаю”, – распавядаюць ва ўніверсітэце. Пры гэтым аплата праводзіцца па курсе Нацбанка ў беларускіх грошах. “Які курс Нацбанк выстаўляе, па такім і плаціце”.

Нагадаем, з 24 траўня курс Нацбанка 173 беларускія за 1 расійскі рубель, замест ранейшых 113. Такім чынам, раней студэнт мінскага філіяла Маскоўскага ВНУ плаціў 6 мільёнаў за год. Цяпер жа — больш за 9 мільёнаў. Аднак ва ўніверсітэце плануюць меры, каб выйсці з нечаканай сітуацыі.

“Мы добра разумеем, што курс рэзка скочыў, і будуць праблемы з аплатай. Трэба ўзгадніць з Масквой”.

Цікава, што зараз навучанне на факультэце БДУ – “Міжнародныя адносіны” каштуе 6,5 мільёнаў за год, альбо амаль на траціну менш, чым ў мінскім філіяле маскоўскага ВНУ.

Апошні раз плата за навучанне у беларускіх ВНУ павышалася з пачатку 2011 года. Цяпер аплата ў БДЭУ складае 4,6 мільёна за год. У Акадэміі кіравання 5,1 мільёна.

Паводле: http://euroradio.fm

[supsystic-social-sharing id="1"]