Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Рэдактараў дзяржаўных СМІ адправілі ў беларускі вёскі

Яны павінны правесці там ідэалагічныя размовы. Такое заданне даў ім віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік.

На днях у Бярозаўскі раён завітаў галоўны рэдактар газеты «Знамя юности» Яўген Мялешка, заснавальнік выдання – БРСМ. На сустрэчы абавязалі прысутнічаць усіх працаўнікоў з кіроўнымі пасадамі, а таксама шараговых працаўнікоў.

Сваё выступленне, паводле прысутных, рэдактар Яўген Мялешка пачаў са справаздачы пра поспехі беларускай эканомікі за апошнюю пяцігодку. Плаўна ён перайшоў да пяцігодкі новай і пачаў казаць пра будучыя абяцаныя заробкі памерам 1000 долараў. На гэтых словах калгаснікі перасталі яго слухаць і пачалі задаваць свае пытанні:

– Па якім курсе вы налічылі гэту тысячу?
– Адкуль вы возьмеце столькі грошай?
– А што мы купім на гэтыя грошы, усё даражэе штодня?

Рэдактар папрасіў прысутных супакоіцца і адзначыў: «Беларусь цяпер мусіць прайсці шэраг выпрабаванняў, але галоўнае ў гэтым – не панікаваць. Мы мусім верыць нашаму прэзідэнту – хутка стабільнасць настане зноў».

Стрымаць абурэнне супрацоўнікаў не змог нават старшыня калгасу. Сустрэча скончылася тым, што людзі запатрабавалі, каб нагі рэдактара не было ў іхняй вёсцы. Старшыня калгасу папрасіў прабачэння ў Яўгена Мялешкі і ад імя калектыву паспрабаваў падзякаваць за выступленне.

Паводле адной з супрацоўніц, людзі дагэтуль абмяркоўваюць прыезд рэдактара газеты «Знамя юности»:

Абураюцца нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, – кажа жанчына. – Кошты ў нашай краме ды тое, што людзям перасталі выдаваць крэдыты – найлепшы паказнік стану эканомікі Беларусі. Мы ўсё гэта бачым і адчуваем. Нас цяпер ужо не падмануць.

Паводле: belsat.eu

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *