Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Сёння беларускія музеі можна наведаць бясплатна

У Міжнародны дзень музеяў — 18 мая — усе беларускія музеі можна наведаць бясплатна, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела музеяў і выстаў Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава.

Паводле яе слоў, у краіне дзейнічаюць 153 дзяржаўныя музеі, у тым ліку чатыры нацыянальныя і 13 — рэспубліканскага падпарадкавання. Больш за палову ўсіх музеяў (52%) адносяцца да катэгорыі краязнаўчых. Этнаграфічныя і гістарычныя музеі складаюць 23%, мастацкія — 13%, літаратурныя — 10%. Акрамя гэтага, у Беларусі дзейнічае 479 музеяў сістэмы Міністэрства адукацыі, прыблізна 200 музеяў іншых міністэрстваў і ведамстваў, 14 музеяў, створаных грамадскімі аб’яднаннямі, і сем прыватных.

Як адзначыла Гаўрылава, паводле традыцыі ў Дзень музеяў для наведнікаў падрыхтаваны цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы. Так, у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры ў 17.00 адкрыецца выстава аднаго экспаната — карціны беларускага жывапісца Міхаіла Філіповіча, падоранай ім у 1937 годзе майстру партрэта Міхаілу Станюце. У 16.00 тут жа адкрыецца выстава індыйскіх музычных інструментаў, перададзеных у фонды музея Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, а ў 18.00 — пачнецца канцэрт салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Анастасіі Масквіной.

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адбудзецца міжнародная канферэнцыя “Музеі і традыцыйная культура”, а таксама прэзентацыя першага ў краіне аўдыягіда для правядзення экскурсій па экспазіцыі ансамбля.

На адкрытай пляцоўцы каля будынка Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея (Віцебская вобласць) запланавана інтэрактыўная праграма “Забавы ў стылі рэтра” з дэманстрацыяй прадметаў традыцыйнага побыту беларусаў з фондаў музея.

Паводле: belapan

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *