Адукацыя

Вышэйшая адукацыя ў Балгарыі

Многія людзі з самага дзяцінства ведаюць, кім яны хочуць быць, у якой галіне працаваць. Але ёсць і такія, каго пытанне «кім ты хочаш стаць?» ставіць у тупік.

Дастаткова часта людзі да 11 класа не ўсведамляюць, што рабіць пасля школы. А калі прыходзіць час вызначацца, адкрываюць каталог ВНУ Беларусі і выбіраюць некалькі спецыяльнасцяў па назве, не ведаючы, падыдуць яны ім ці не. Добры выхад для такога маладога чалавека — ўніверсітэты з амерыканскай сістэмай навучання.

Сэнс сістэмы ў тым, што студэнт вольны ў выбары і можа паспрабаваць сябе ва ўсіх галінах: ад гісторыі і філасофіі, да эканомікі і матэматыкі. Да другога курса ён павінен вызначыцца з прафесіяй. Але ў Амерыцы, нават пры атрыманні стыпендыі, плата за навучанне вельмі вялікая для любой беларускай сям’і, таму трэба шукаць нешта ў Еўропе. Пры параўнанні якасці і кошту атрымліваецца, што навучанне ў Балгарыі — адзін з лепшых варыянтаў.

university

university

Як трапіць?

Для паступлення трэба здаваць два стандартныя тэсты: TOEFL (на валоданне ангельскай мовай) і SAT — іспыт, які здаюць амерыканцы пасля школы — аналаг нашага ЦТ. Ён складаецца з трох секцый: граматыка, матэматыка і крытычнае чытанне. Рыхтавацца да яго трэба не менш за год.

Тэксты перанасычаны акадэмічнымі словамі, з першага разу ледзьве разумееш 20%. Матэматыка ж на ўзроўні 6 класа агульнаадукацыйнай беларускай школы. Праўда, рашаць трэба не толькі правільна, але і вельмі хутка.

students

students

Дзе ўзяць грошы?

За год навучанне прыйдзецца аддаць прыкладана $8900, дадаўшы яшчэ $1100 за інтэрнат. Гучыць жудасна, але для студэнтаў з Беларусі заўсёды выдзяляецца добрая фінансавая дапамога.

Падаючы дакументы ва ўніверсітэт, кожны абітурыент збірае паперкі пра прыбытак сваёй сям’і і падае заяўку на фінансавую падтрымку ў розныя арганізацыі. На выснове гэтай заяўкі і балаў SAT кожнаму прысвойваецца стыпендыя, якая можа быць з трох крыніц: ад самога ўніверсітэта, ад фонда Сораса і прэзідэнцкая стыпендыя.

Хаця Балгарыя і член Еўрасаюза, цэны тут прымальныя. Да прыкладу, паабедаць нават ў самай добрай кавярні будзе каштаваць ад 10 да 20 тысяч бел. руб., прычым дваццатку аддасі за розныя вычварэнствы тыпу свініны з ананасамі і вішняй.

Дастаткова мець $120 на два тыдні, каб нармальна харчавацца і жыць. Праўда, працаваць афіцыйна па заканадаўстве беларускія студэнты там не могуць. Таму амаль ўсе летам ляцяць ў ЗША, каб зарабіць грошай на навучанне і падарожжы.

Як будуць вучыць?

Склад выкладчыкаў звычайна інтэрнацыянальны: амерыканцы, аўстралійцы, новазеландцы, балгары і індыйцы, але для ўсіх ёсць агульнае патрабаванне — трэба пастаянна займацца навуковай ці культурніцкай дзейнасцю: выдаваць кнігі, друкаваць артыкулы ці ездзіць на сусветныя канферэнцыі.

Свае патрабаванні да студэнтаў яны выкладаюць ў пачатку семестра ў дакуменце, які называецца syllabus (план): там і інфармацыя пра курс, і тэмы праектаў і эсэ, а таксама дэдлайны і інфа пра тое, з чаго складаецца адзнака. Сістэма вельмі падобная да нашай рэйтынгавай, але ствараецца кожным выкладчыкам самастойна.

Лекцыі праходзяць у форме дыялога паміж студэнтам і выкладчыкам, заўсёды вельмі шмат прыкладаў і практычных заданняў. Спісаць не атрымаецца: плагіят без разбору караецца адзнакай Х, якая азначае крыж на далейшай кар’еры.

Для таго, каб студэнты навучыліся пісаць лагічна і дакладна самі, трэба абавязкова браць два курсы па пісьме. Для беларускіх студэнтаў гэта выклікае пэўныя цяжкасці, бо славянскі стыль выкладання думак адрозніваецца ад амерыканскага. Наша думка сягае, пераскоквае з аднаго на другое, а ў амерыканцаў усё строга па тэме: тэза — пацверджанне — выснова.

А што пасля пар?

Жыццё бурліць: калі зазірнуць ў штодзённік, на кожнай старонцы будзе дэдлайн якога-небудзь праекта ці дата экзамена. Кожны тыдзень ты думаеш, што менавіта ён паб’е ўсе рэкорды па адсутнасці сну, але надыходзіць новы тыдзень, і ўсё паўтараецца.

На ўніверсітэцкую скрыню кожны дзень прыходзіць пяць-дзесяць запрашэнняў на розныя канцэрты, семінары, лекцыі або вечарыны. Да таго, амаль кожны студэнт з’яўляецца членам якога-небудзь клуба: язды на канях, бізнэсу, матэматыкаў ці вялікага тэнісу.

Існуе таксама свой travel fund, які спансуе ўсе паездкі, звязаныя з навучаннем. За гады навучання можа стацца так, што пустых старонак ў пашпарце не застанецца зусім.

the city

the city

Беларусы ды балгары

Беларусаў у Балгарыі няшмат, а тыя што ёсць цалкам абвяргаюць ўсе стэрэатыпы аб памяркоўнасці і неактыўнасці. Беларусы там папулярныя і, як кажуць, у «кожнай бочцы затычка». Сярод «батанаў» — беларусы, сярод party-people — ёсць беларусы, сярод актывістаў — таксама (адзін з іх нават атрымаў працу ў Google-Poland).

Беларусы ёсць і сярод альтэрнатыўнай моладзі. Вучыцца нават і гей-беларус з Ліды. На розныя святы тыпу Вялікдня і Масленіцы беларусы заўсёды збіраюцца разам, цікавяцца справамі адзін аднаго і з гонарам расказваюць пра сваю краіну. Дарэчы, Сінявокая ўваходзяць у пяцёрку краін з самым высокім GPA (сярэднім балам). На інтэрнацыянальным тыдні беларусы кормяць усіх дранікамі, і ўсе ў захапленні!

Балгары — нацыя даволі сімпатычная. Яны вясёлыя і гаваркія, але маюць адну вялікую загану — яны ніколі не прыходзяць у час! Балгары трохі замаруджаныя і безадказныя. Уводзіць у ступар іх звычка ківаць ў адваротны бок, асабліва спачатку.

belorussian eve

belorussian eve

Каму трэба ехаць ў Балгарыю?

Амерыканскі ўніверсітэт у Балгарыі — ідэальны варыянт для тых, што хоча паспрабаваць сябе ў розных сферах і тых, хто глядзіць на свет не пад адным вуглом. Такі ўніверсітэт дае выдатныя магчымасці шмат падарожнічаць, камунікаваць з людзьмі з розных краін, а таксама весці сур’ёзную навуковую дзейнасць. Адным словам, гэта шанец для тых, хто цікавіцца.

Паводле сайту “Альтэрнатыўная моладзевая платформа”

 

2 каментарыя

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *