Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Замежжа

У Вільні знойдзена магіла Камілы Марцінкевіч

Каміла Марцінкевіч – славутая дачка пачынальніка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Таленавітая кампазітарка і спявачка, настаўніца і патрыётка – гэтая ахвярная дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці краю, за што яшчэ ў маладосці была арыштавана і выслана за межы Айчыны ў Салікамск (Пермская губерня).

Менавіта Каміла Марцінкевіч, паводле рапартаў жандармерыі, першай пачынала спяваць патрыятычныя гімны ў касцёле, за што апынулася ў багадзельні (тагачаснай псіхлякарні). Яна ж выліла на галаву менскаму губернатару графу Э. Келеру вядро памыяў і, седзячы пад арыштам у Менскім турэмным замку (Валадарка), ухітрылася выкінуць пад ногі паўстанцу, якога вялі на пакаранне, букет кветак.

Да заключэння і высылкі яна займалася адукацыяй простых людзей, грала акторкай у п’есах свайго бацькі, натхняла людзей сваёй узнёслай музыкай і спевамі, карміла арыштантаў з Варшавы, якіх гналі праз Менск на ўсход, а аднойчы нават спякла для іх пірог з цукровым надпісам “Чэсць Вам”, і толькі пільнасць жандарскага афіцэра не дазволіла “небяспечнаму” пірагу патрапіць да вязняў.

Каміла карысталася вялізнай папулярнасцю сярод менскага люду, а на расейскіх чыноўнікаў наганяла жудасны страх. Аднойчы менскі губернатар выслаў яе з Менску ў Вільню, але калі пра гэта даведаўся віленскі губернатар Назімаў, то вельмі ўзлаваўся на свайго калегу і адразу ж забараніў дзяўчыне ўезд на Віленшчыну, вярнуўшы яе назад у Менск.

Каміла шмат паспела зрабіць для свайго народа, але да сёння не вядомая дакладная дата яе нараджэння, і да гэтага часу не было вядома, калі яна пакінула гэты свет. Асноўным даследчыкам яе жыцця і дзейнасці з’яўляецца Язэп Янушкевіч, які шмат зрабіў для вяртання гэтага слаўнага імя з нябыту.

Дзякуючы яму сёння вядома, што высланая з краю Каміла ажанілася з лекарам Казімірам Асіповічам, нарадзіла шасцёра дзяцей і здолела вярнуцца ў Вільню, каб потым шукаць рукапісы твораў свайго бацькі і захаваць іх для нашчадкаў. Аднак час і месца яе пахавання доўгі час заставаліся таямніцай. Выказваліся версіі, што яна сышла з жыцця дзесьці пасля 1884 ці 1890 года. Лічылася, што яна можа быць пахаваная на Росах альбо на Антокалі.

І вось яе магіла знойдзена выкладчыкам ЕГУ Юрасём Бачышча на Бернардынскіх могілках. Знаходка стала магчымай дзякуючы дапамозе Людвікі Кардзіс і Антанаса Грынчэлайціса. Антанас параіў звярнуцца да новай кнігі Віды Гірынінкене “Vilniaus Bernardinų kapinės. 1810—2010”.

Там, напрыканцы кнігі ў паказальніку імёнаў, і былі знойдзеныя згадкі пра пахаванне Казіміра і Камілы Асіповічаў на Бернардынскіх могілках і прыкладзена мапа, дзе пазначалася іх месца пахавання ІІ-77. Пахаванне захавалася ў даволі добрым стане, а надпіс нават быў абноўлены ў мінулым годзе польскімі валанцёрамі.

Пасля знаходкі стала вядома, што яна пахавана побач са сваім мужам Казімірам Асіповічам, нават каменны манумент усталяваны адзін на дваіх – з аднаго боку надпіс у памяць па Казіміру, а з іншага – па Каміле. Цікава, што дата яе смерці паводле надпісу на надмагіллі – 1900 год, што падаўжае яе жыццё прынамсі на дзесяць гадоў у параўнанні з папярэднімі здагадкамі. На жаль, і тут адсутнічае дата яе нараджэння, а таксама дзень і месяц смерці, хаця даты нараджэння і смерці яе супруга пазначаныя дакладна – 27 красавіка 1835 года і 25 ліпеня 1884 года.

Усіх беларусаў віншую са знаходкай і раю пасля шпацыру па старым горадзе Вільні завітаць у Зарэчча (Ужупіс) на вул. Полацкую на Бернардынскія могілкі і ўскласці кветкі ў знак памяці нашай ахвярнай зямлячкі.

Паводле: http://students.ehu.lt

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *