Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
У краіне

Топ-5 няўдалых размерка-ванняў

Пасля навучання нечакана для сябе можна апынуцца ў зусім непрыемных месцах і сітуацыях: на працы за $40 у месяц, СІЗА альбо ў залі суду ці, крый Божа, у труне. Мы прыгадалі некалькі найбольш скандальных гісторый размеркаванняў беларускіх выпускнікоў.

5. Венэсуэла: «Ўсё ўключана»

Венэсуэла

Венэсуэла

Гэта гісторыя размеркавання яшчэ толькі пачынаецца. Для кагосьці прапанова, якая звалілася на сёлетніх выпускнікоў Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту, выглядае як пуцёўка ў вырай, але для былых студэнтаў яна можа стацца суцэльным трэшам.

У 2011 годзе Берасцейскі ўніверсітэт атрымаў прапанову забеспячэння працоўнымі месцамі студэнтаў ад амбасады брацкай Вэнэсуэлы. Папрацаваць прапанавалі з «найноўшымі тэхналогіямі ў будаўніцтве» у, магчыма, расейскамоўных групах будаўнікоў.

«Праезд, транспарт, пражыванне, харчаванне — абяцалі за кошт фірмы. Плюс яшчэ інтэрнэт. Зарплата паўтары тысячы ўмоўных адзінак. Гэта стартавая», — рэкламуе прапанову намесніца дэкану прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Берасцейчкага тэхнічнага ўніверсітэту Ларыса Козак.

Адзіная праблема: «вострая» мясцовая крымінагенная сітуацыя, пра якую дэкан лічыць за лепшае маўчаць. У 2009 годзе, напрыклад, у сталіцы Каракасе быў забіты перакладчык з Беларусі з-за таго, што адмовіўся аддаваць злачынцу ноўтбук. Забойцу так і не знайшлі. Мабыць размеркаваным студэнтам прыйдзецца тусавацца за вельмі высокімі плотамі з кругласуткавай аховай, калі, канешне, яны хочуць застацца цэлымі ў бліжайшыя два гады.

4. Бабруйскі тэатр драмы і камедыі і $40 у месяц

Бабруйск

Бабруйск

Менавіта такі заробак мелі маладыя спецыялісты, размеркаваныя ў Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску ў 2009 годзе. Каб займець гэту працу, пажадана было скончыць бясплатнае аддзяленне, напрыклад, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў.

Адзіная праблема — тэатру цяжка было забяспечыць выпускнікоў жытлом, таму на $40 прыйшлося б яшчэ і падшукаць які пакойчык.

«Калі шчыра, нічым не зможам дапамагчы, — патлумачылі журналістам у Магілёўскім аблвыканкаме. — Размеркаванне ў нас мэтавае, таму адпрацаваць выпускнік павінен. Галоўнае, каб выходзіла мінімальная зарплата». Спяшаемся суцешыць выпускнікоў БДУКМ — цяпер мінімалку паднялі да 460 тысячаў, што па неафіцыйным курсе цяпер набліжаецца да 100 даляраў.

Зрэшты, самы нізкі заробак мелі тыя, хто працаваў у бабруйскім тэатры балетмэйстрам па 4 гадзіны ў дзень. З грашовых вакансій у той год асабліва вылучалася месца артыста за $112 у месяц. Як кажуць, адчуйце розніцу!

3. $10 000 за свабоду

Адна з найбольш гучных гісторый, звязаных з размеркаваннем, здарылася з выпускніцай журфаку БДУ Ксеніяй Авімавай. Дзяўчына на сваё няшчасце перапаступіла на другім курсе навучання на бясплатнае аддзяленне, а калі прыйшоў час сканчэння ўніверу, атрымала накіраванне ў валожынскую раённую газету «Працоўная слава».

Усё б нічога, але якраз у разгар размеркавання Ксенія была названая на міжнародным конкурсе «Найлепшы блог», які арганізоўвала «Нямецкая хваля», лепшай блогеркай свету. Яе дзённік у момант праславіўся, а Ксенія ў гэты час збірала рэчы дзеля першага наведвання Валожыну.

У раёнцы дзяўчыне прапанавалі заробак у 600 тысяч. Ксенія, што ўжо болей за год працавала на іншае вялікае выданне, з лёсам не пагадзілася, па размеркаванні не паехала, а праз паўгода БДУ паспрабаваў спагнаць з выпускніцы 22 мільёны рублёў (у той час болей за 10 тысячаў даляраў). Быў суд, праз год пасля выпуску справа дайшла нават да прыставаў. У выніку бацькі дзяўчыны без яе ведама вырашылі сплаціць грошы. Многія тады гадалі, ці прыйдзецца Ксеніі аддаваць дзяржаве прызавыя ад «Нямецкай хвалі».

Але цяпер 22 млн не такая ўжо і высокая плата за права не ехаць па размеркаванні. БДУ, напрыклад, ужо ў 2009 ацэньвала поўны кошт навучання студэнтаў у 40 млн рублёў. Залаты дыплом, аднак.

2. Следчы ізалятар часовага ўтрымання

Марыш працаваць у СІЗА? Паступай у Юрыдычны каледж БДУ! Адна ўмова: на бясплатнае аддзяленне. Тады перспектывы размеркавання ў «Следчы ізалятар № 1» адчыняюцца перад табой ва ўсіх колерах гэтай неймавернай установы.

Але гэта не адзіная “экзатычная” прапанова па размеркаванні ў юркаледжы. Таксама юрыстаў чакаюць на пасадах участковага інспектару, у аддзелах дазнання РУУС і РАУС. Нават МАЗ і калгасы з радасцю працаўладкуюць «свежанькага» выпускнічка. Зарплата ‘годная’: ад Br700 тыс. да Br800 тыс.

1. Смерць у роднай Alma Mater

Адсюль скочыщ Павал Ступак

Адсюль скочыщ Павал Ступак

Гэта гісторыя здарылася напрыканцы зімы 2010 году. 24-гадовы выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту Павал Ступак скочыў з 13-га паверху роднага ўніверсітэту пасля таго, як не здолеў пераразмеркавацца з вясковай школы ў Рагачоўскім раёне, дзе паспеў адпрацаваць толькі першыя 6 месяцаў з 24.

Былы студэнт БДПУ прыехаў у Менск вырашаць пытанне з размеркаваннем. Што з ім здарылася ў Менску, не вядома, але 27 лютага хлопец скочыў з акна аўдыторыі будынку на плошчы Незалежнасці і загінуў. Пракуратара Маскоўскага раёну, якая займалася справай Паўла, «асноўнай» версіяй гібелі выпускніка лічыла «няўдалае размеркаванне».

Зрэшты, тое не адзіны выпадак «смерці па размеркаванні». У 2007 годзе павешаным быў знойдзены выпускнік Палескага сельскагаспадарчага каледжу Віктар Гурын, якога размеркавалі ў вёску Іванава Слабада (Лельчыцкі раён) заатэхнікам. Тады прычынай самагубства 20-гадовага хлопца палічылі цяжкія ўмовы жыцця, немагчымасьць змяніць навязанае месца працы. Як прыгадвалі знаёмыя, Гурын не раз скардзіўся, што «лепей смерць, чым такое жыццё» і што «гады працы па размеркаванні — выкінутыя з жыцця».

Фота і інфармацыя паводле generation.by

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *