Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Якія ўбранні носіць радыяцыя?

Ёсць у чарнобыльскай трагедыі нешта тагасветнае, нешта жудасна-містычнае. Горад Прыпяць – фантастычнае месца камп’ютэрных гульняў, фільмаў-антыўтопій. Тут не было войнаў і разбурэнняў: дамы, транспарт, каруселі – усе цэлае, толькі крыху пашкоджанае часам.

Але нешта нябачнае і нячутнае выкасіла людзей, прымусіла іх бегчы прэч.

Страх, які выклікае выгляд горада – гэта нейкі архетыпічны, састарэлы страх – страх незнаёмага, незразумелага, перад якім чалавек адчувае сябе разгубленым і безабаронным. Быццам бы сама маці прырода, багі і духі помсцяць чалавеку за спробу абыграць іх, стаць над імі. Нарэшце алавек, які прыдумаў дзіўныя словы “атамная энэргетыка” і “рэактар” вымушаны быў прыдумаць яшчэ і слова “радыяцыя”…

Такія думкі наведалі мяне пасля прагляду пластычна-паэтычнага спектаклю “Чорны боль” тэатра-студыі “Раёк” Цэнтра маладзёжнай творчасці.

Карціны тэхнагеннай катастрофы, спраектаваныя на экран у глыбіні сцэны, спалучаліся з фантастычнымі танцамі істотаў са страшных казак – яны пужалі дзяцей у светлых адзеннях, якія невядома як трапілі ў гэтае царства смерці.
Паставіла спектакль маладая рэжысёрка “Райка” Анастасія Крэмянеўская. Яна зрабіла мэтай паказаць свежы позірк на тэму, пра якую ўжо столькі сказана і якая, нажаль, рызыкуе стаць замыленай і пазбаўленай сэнсу для маладога пакалення.

Юныя акторы “Райка” не заўсёды спраўляліся з складанымі элементамі танца, якія мусілі перадаць увесь драматызм сітуацыі. Але здавалася, што ад сваіх жудасных строяў, слабага таямнічага света, страшных карцінак на экране ім самім станавілася няўтульна, нават пасля дзесяткаў рэпетыцый. Напэўна, на такі эфект і разлічвала рэжысёрка.

Альбіна Трус

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *