Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
У краіне

Пушчанскі “пярсцёнак”

Упершыню пра будову “пярсцёнка” вакол пушчы было аб’яўлена леташняй восенню падчас святкавання 600-годдзя запаведнага рэжыму пушчы.

А 11 мая 2010г. выйшаў адпаведны Указ №244 Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Агульная працягласць дарогі вакол запаведніка – каля 190 км, з іх 140 пройдзе па Берасцейскай вобласці. Большая частка праз Пружанскі раён (88 км), на долю Камянецкага застаецца 52. Быццам бы нямнога. Але ж для пашырэння дарогі давялося і лес высякаць паміж Асіннікамі і Церасінамі, каля Дашэвічаў, а таксама за Рэчыцай.

На дароге будуюцца ў трох месцах праходы для земнаводных, а на ўчастку каля Амелянца, дзе працуюць работнікі ДРБУ №200 з Ляхавічаў, – праход тунельнага тыпу для дзікіх жывёл…

Завяршыць пракладку “пярсцёнка” намечана да лістапада 2011 года. Засталося менш года!

– Ці не прывядзе спешка да зніжэння якасці?

На гэтае пытанне начальнік аддзела тэхналогіі дарожных работ КУП “Брэстаблдарбуд” Уладзімір СІНЮК адказаў так:

Ні ў якім разе! Хоць тэрміны і сціслыя, але сіл і сродкаў дастаткова. Наш аддзел вядзе пастаянны кантроль за якасцю работ, для чаго тут, у будаўнічым гарадку, функцыянуе лабараторны пост. Правяраем і якасць матэрыялаў, і якасць работ. А канчаткова прымае работу строгі тэхнагляд.

Былі зроблены усе ўдакладненні да зацвярджэння праекта, абраны аптымальны варыянт – каб турыстам увесь час можна было назіраць наваколле пушчы, ды каб і добрую ворную зямлю не псаваць. Пэўна, таму і зварочвае траса ля Дашэвічаў на асушанае балота, адкуль відаць ускраіна запаведнага лесу.

Турыстычная траса не можа існаваць без прыдарожнага сэрвісу. Таму запланавана будаўніцтва ля дарогі 41 аб’екта (установы гандлю, харчавання, чатыры гасцініцы, чатыры аўтастаянкі, 14 аўтазаправак).

Сама ідэя аб’язной дарогі дзеля таго, каб разгрузіць ад аўтатранспарту Белавежскую пушчу. У любым месцы можна будзе спыніцца і накіравацца ў запаведны лес пешшу, на веласіпедзе, кані, неўзабаве – і на электрамабілі. Запланаваны і 2-3 агульнадаступныя ўезды (адзін з іх існуе, на месцы, дзе за Дзмітровічамі аб’язная траса перасячэцца з галоўнай дарогай Берасце-Камянюкі).

Аб’язная дарога будзе запатрабаванай. Яна звяжа тры раёны дзвюх абласцей!

www.kamenec.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *