Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

300 машын з бел-чырвона-белымі стужкамі

Такім бачаць галоўны вынік акцыі на Дзень Волі сябры “Дзедзіча”. Разам з прадстаўнікамі іншых дэмакратычных арганізацый яны правялі сёння цэлы шэраг лакальных акцый.

Пачаць святочныя мерапрыемствы на Дзень Волі 25 сакавіка сябры “Дзедзіча” вырашылі ўшанаваннем памяці аднаго з актыўных дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі Адама Трыпуса. Жыхар Берасця Адам Трыпус – вайсковы афіцэр, пазней настаўнік, – усё жыццё актыўна працаваў на карысць незалежнасці Беларусі.

У часы змагання за незалежнасць у 1920-я гады ён быў павятовым камэндантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага. З другой паловы 1920-х гг. жыў у Берасці, працаваў настаўнікам у в. Ратайчыцы. Пасля вайны працаваў у Берасцейскім раённым аддзеле адукацыі і ў педагагічным інстытуце. Адам Трыпус трагічна загінуў у Берасці ў 1965 годзе. Быў знойдзены на вуліцы збітым невядомымі пры нявысветленых абставінах.

Ушанаваць памяць А. Трыпуса прыйшлі прадстаўнікі цэлага шэрагу дэмакратычных арганізацый Берасця: Партыі БНФ, Руха “За Свабоду”, моладзевых арганізацый. З прамовай пра жыццёвы шлях А. Трыпуса выступіў берасцейскі краязнаўца Ігар Бараноўскі.

Пасля наведвання Трышынскіх могілкаў актывісты адправіліся віншаваць жыхароў Берасця з Днём Волі.

На аўтамабільным рынку ў Задворцах і на паркінгу каля гіпермаркета “Карона” валанцёры раздавалі кіроўцам віншавальныя паштоўкі з нагоды Дня Волі і прапаноўвалі ім павязаць бел-чырвона-белыя стужкі на антэны сваіх аўтамабіляў у знак салідарнасці з палітычнымі вязнямі і ўсімі, хто пацярпеў ад рэпрэсій беларускіх уладаў. У выніку сёння па Берасці ездзілі 300 аўтамабіляў з нацыянальнай сімволікай.

Адзін з арганізатараў акцыі, кіраўнік “Дзедзіча” Дзмітрый Шыманскі лічыць гэта галоўным вынікам сённяшняй акцыі:

– Упершыню ў Берасці мы паспрабавалі правесці масавую акцыю салідарнасці ў такой форме і яе поспех проста ўражвае. Я асабіста павязаў больш за 20 стужачак і толькі адзін чалавек адмовіўся павесіць яе на сваю машыну. Абсалютная большасць людзей станоўча ўспрымалі беларускую гаворку, дзякавалі за віншаванні і выказвалі шчырыя словы падтрымкі. Лічу, што акцыя прайшла ўдала і гэтую форму працы з людзьмі абавязкова трэба выкарыстоўваць надалей.

 

 

Вечарам у офісе “Дзедзіча” берасцейская моладзь пісала нацыянальную дыктоўку. Тэкст для дыктоўкі прапанаваў менскі палітолаг Уладзімір Падгол. Ім стаў “Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, які кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-га года напісаў у ноч перад выкананнем прысуду расейскага суду – смяротная кара праз павешанне.

Дыктоўка стала своеасаблівай праявай салідарнасці з ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі. Па словах кіраўніка Берасцейскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктара Клімуса лісты, напісаныя ўдзельнікамі дыктоўкі, будуць дастаўленыя ў турмы і следчыя ізалятары, дзе ўтрымліваюцца палітычныя вязні рэжыму.

13 каментарыяў

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *