Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Гісторыя

За Беларусь без бальшавізму!

Асоба Міхала Вітушкі цікавая. Дзейнасць гэтага малавядомага цяпер беларускага патрыёта выходзіла за межы беларускай тэрыторыі. Ён стаў героем і ўкраінскай, і літоўскай, і нават расейскай гісторыі.

Міхал Вітушка нарадзіўся 5 лістапада 1907г. Вучыўся ў Клецкай, Радашковіцкай, Віленскай гімназіях. Пазней атрымаў дыпломы Пражскага ўніверсітэта і Варшаўскага палітэха. Быў адным з кіраўнікоў Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый у Варшаве.

У жніўні-верасні 1941г., паводле ўспамінаў атамана Тараса Бульбы-Бараўца, Вітушка быў намеснікам камандзіра беларускіх аддзелаў Усевалада Родзькі. Гэтыя аддзелы, якія праводзілі сумесную акцыю з “Палескай Сеччу” Украінскай паўстанцкай арміі Бараўца (супраць узброеных фарміраванняў прамаскоўскіх партызанаў, што складаліся ў большасці з рэшткаў часцей Чырвонай Арміі) каардынаваліся штабам беларускіх сацыялістаў-грамадоўцаў і Беларускай незалежніцкай партыі.

Пазней гэтыя аддзелы ўвайшлі ў грамадоўскую Беларускую народную партызанку, якая дзейнічала на Палессі ў 1942-1948гг.

Увосень 1941г. ён браў удзел у арганізацыі паліцыі ў Менску, у 1942-1943гг. сумесна з Дзмітрыем Касмовічам (што пазней прадстаўляў Беларусь у Антыбальшавіцкім блоку народаў і ў Сусветнай антыкамуністычнай лізе) ствараў аддзелы “Беларускай Самааховы” ў Бранскай, Смаленскай і Магілёўскай абласцях. Адначасова сябры ЦК Беларускай незалежніцкай партыі Вітушка і Касмовіч вялі работу па стварэнні падпольнай сеткі БНП на гэтых тэрыторыях.

Вядома, што Украінскай паўстанцкай арміі ўдалося дамовіцца з немцамі аб тым, што вермахт, адступаючы з Украніны, пакіне нацыяналістычнаму падполлю арсеналы зброі, якія партызаны УПА выкарыстаюць для барацьбы з савецкімі войскамі.

У беларускім выпадку немцы ўзяліся падрыхтаваць, узброіць і абмундзіраваць батальён “Дальвіц”, які павінен быў дзейнічаць на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі. У жніўні 1944г. Абверам (нямецкай ваеннай разведкай) на тэрыторыі Усходняй Прусіі гэты батальён быў створаны. Камандаваў ім маёр Іван Гелда. У складзе батальёна трапіў у Беларусь і Міхал Вітушка.

У данясеннях савецкага камандавання паведамляецца, што Вітушка быў забіты ў студзені 1945г.: нібыта ён загінуў 7 студзеня 1945г. каля возера Кернава у перастрэлцы з НКВД. Але там загінуў не Міхал, а Мікалай Вітушка, былы афіцэр Чырвонай Арміі, які быў выкарыстаны ў аперацыі прыкрыцця Міхала Вітушкі.

Сам Міхал Вітушка працягваў дзейнічаць у падполлі. У канцы года ён абвяшчае аб стварэнні Беларускай вызвольнай арміі, якая функцыянавала пад кодавай назвай “Чорны кот”. Яна складалася з рэгулярных партызанскіх аддзелаў і так званых “ударнікаў” – падпольшчыкаў, што легальна працавалі на савецкіх прадпрыемствах. На чале арганізацыі стаяў Галоўны штаб, якім кіраваў Вітушка.

У складзе “Чорнага ката” ваявалі не толькі беларусы. Таксама там былі і рускія, украінцы, літоўцы, латышы, а таксама немцы (батальёны “Вервольф”, “Цэпэлін” и “Эдэльвейс”).

На працягу 1945 – 1948гг. “Чорны кот” здзейсніў звыш 1300 нападаў на савецкія установы, банкі, крамы і вайсковыя часці. Здабытыя сродкі ішлі на папаўненне “баявога фонда”. Пры гэтым загінула звыш 8 тыс. прадстаўнікоў савецкай улады – партыйных работнікаў, ваеннаслужачых, сябраў КПСС і супрацоўнікаў МГБ.

Колькасна БВА налічвала да трох тысяч баевікоў. Група Чорнага ката, якая займалася выведкай, дзейнічала нават у Маскве. Наколькі сур’ёзна савецкія ўлады непакоіла гэта арганізацыя сведчыць факт, што аб ходзе барацьбы з ёю штодня дакладвалі асабіста таварышу Берыі.

Паступова аддзелам МГБ удалося ўзяць пад свой кантроль сітуацыю ў Беларусі і Літве. Большасць сябраў Чорнага ката трапілі ў лагеры і турмы, частцы ўдалося прарвацца на польскую тэрыторыю і далей на Захад. Удалося гэта зрабіць і Міхалу Вітушку.

Апошнія патрабаванні выдачы Вітушкі, адрасаваныя саветамі ўладам ФРГ датуюцца 1975-ым годам. Памёр Міхал Вітушка у Швейцарыі, 27 красавіка 2006г., маючы 99 гадоў. Паводле некаторых звестак, рыхтуюцца да друку яго ўспаміны.

Беларускі партызан Міхал Вітушка выклікаў захапленне тых, хто яго сустракаў. Вось некаторыя фрагменты з успамінаў:

“…Вітушка штодзённа праводзіць са сваімі камандзірамі аддзелаў аператыўныя нарады. Ад розных нечаканасцяў яго аберагае ахова – непрыкметныя з выгляду хлопцы. Вітушка – паўсюль і… нідзе. Заўсёды ў яго тысячы самых розных задум”

“Перад камандзірам партызанаў Вітушкам усе адчуваюць страх… Вітушка ёсць фанатычным праціўнікам бальшавізму. Ён змагаецца ўсімі спосабамі за незалежнасць сваёй беларускай Айчыны”.

Прэзідэнт Рады БНР (у эміграцыі) сваім дэкрэтам ад 1 верасня 1949г. устанавіў спецыяльныя ўзнагароды для партызан: медаль Партызана, ордэн Жалезнага Рыцара і ордэн Пагоні. У ліку ўзнагароджаных быў і генерал Міхась Вітушка.

Юрка АГІЕВІЧ

Паводле кнігі: С.Ёрш, С. Горбік “Беларускі Супраціў”, Львоў, 2006

 

15 каментарыяў

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *