Тэзаўрус

Брудна лаяцца, страціўшы раўнавагу

Як звычайна, кароткая казань перад тым, як пачаць даваць прыклады няправільнага ўжывання слоў.
Чаму трэба старацца ўжываць чыстую беларускую мову? Не будучы дыялектам ніякай іншай, наша мова жыве паводле сваіх уласных законаў, як асобны арганізм. Калі ж мы ператвараем сваё асабістае маўленне ў суцэльную кальку, то мы фактычна моўнай практыкай абвяргаем гэты тэзіс.

Якая ж тады беларуская мова “асобная”? Як жа яна “жыве як асобны арганізм”, калі выходзіць, што мы проста падстаўляем на месца расейскіх слоў беларускія, робячы калькі? Пазбягайма гэтага.

Пачынайма вучыцца думаць адразу па-беларуску, без іншых моў-пасярэдніц.

Шмат хто з вас, едучы ў грамадскім транспарце чуў, як прыемны мужчынскі голас раіць пасажырам: “Каб не згубіць раўнавагу і не ўпасці, трымайцеся за поручні“. Той, хто склаў гэты тэкст відавочна думаў па-расейску.

Па-расейску правільна будзе сказаць “потерять равновесие”, але расейскае “терять” па-беларуску можа перакладацца як “губляць” і як “траціць”. “Губляюць” нешта канкрэтнае. Напрыклад, ключы. А “трацяць” – абстрактнае. Трацяць прытомнасць, трацяць раўнавагу. Дык правільна было б сказаць “страціць раўнавагу“. Гэта можна было б знайсці ў слоўніках, але “нашы людзі” слоўнікаў відавочна не любяць.

Нельга “сварыцца матам”, можна “лаяцца“. Сварка – гэта канфлікт між людзьмі. Часткай гэтага канфлікту можа быць “лаянка” – выражэнне варожасці ў словах. Дзеля гэтага кажуць “брудная лаянка“, калі гэтыя словы надта ўжо нехарошыя, але не ўжываюць “брудная сварка”. Тут зноў думанне па-расейску стварае праблемы, бо па-расейску і “лаяцца” – “ругаться”, і “сварыцца” – “ругаться”. Ну бедная ў іх мова, што тут парадзіш. 🙂

Няма і слова “абдрукоўка” ў беларускай літаратурнай мове. Далібог, няма. Гэта прыклад калькі: о-печат-ка – аб-друкоў-ка. Па-беларуску правільна – “памылка друку“.

Спіца” ў беларускай мове – гэта не тое, чым робяць, напрыклад, панчохі. Такія прылады па-беларуску завуцца “пруткі“. Не канечне імі можна “вязаць”, можна проста “рабіць”: “Узяла пруткі, каб рабіць шкарпэткі”.

Ёсць два дзеясловы “надзяваць” і “апранаць“. Апранаюць світку, кажух, бурнос. Гэта значыць, “верхняе адзенне”, вопратку. Таму, напрыклад, трусы “апранаць” нельга.

У беларускай літаратурнай мове ёсць словы “гандляваць” (займацца гандлем), і “таргаваць” (дамаўляцца аб цане) (“Я ўчора на таргу пабываў, я ж табе вяночак старгаваў“). Таму “за кожны рубель” таргуюцца а не “гандлююцца”.

Юрка Агіевіч


1 Comment

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *