«…Траха не ўсе нашы часопісы і газеты, а таксама творы некаторых пісьменнікаў выходзяць у свет у гэтакай мове, якую можна назваць сапраўды толькі «наречием». Фразеалогія гэтае мовы зусім не беларуская. Гэта фразеалогія той мовы, стыхія якое пануе ў аўтара, на якой у аўтара працэс думання. Гэтая з’ява, якая не толькі не слабее, а набывае памеры нястрыманай навалы, цяжкім каменем загароджвае дарогі развіцця беларускае культуры».

У гэтых словах Кузьмы Чорнага, напісаных у 1928г. выразна відаць трывогу. І, як мы бачым сёння, трывогу справядлівую: тое, што ў 1928г. толькі «набывала памеры нястрыманай навалы» сёння запанавала ў літаратурнай беларускай мове татальна.

Часта маеш уражанне, што беларускамоўныя людзі адвыклі думаць па-беларуску наогул, што адзіны алгарытм, які яны здольныя выкарыстоўваць, гэта «фармулюем у думках па-расейску — падстаўляем беларускія словы — і маем «беларускі» выраз».

Прыкладаў выкарыстання такога алгарытму процьма. Узяць першы-лепшы выраз: рас. «как дела?«. Падстаўляем беларускія словы: «как» — «як», «дела» — «справы». «Як справы?«, значыцца. Але калі гэты выраз — «беларускі», то я — Элвіс Прэслі.

Той, хто вучыўся якой-небудзь замежнай мовы на універсітэцкім узроўні, памятае простае правіла: фразеалагічныя адзінкі адной мовы перакладаюцца толькі фразеалагічнымі адзінкамі другой мовы.

Паслоўны пераклад у гэтым выпадку — недапушчальны. Бо калі вы перакладзяце фразеалагічныя выразы паслоўна, то гэта будзе не пераклад, а карыкатура.

«Як справы?» — гэта карыкатура. Расейскаму «как дела?» адпавядае беларускі выраз «Як маешся?/Як маецеся?«.

З гэтай «справай» у нас проста бяда, дарэчы. Блізу скрозь і заўсёды велікарускае «дело» перакладаецца як «справа». Ну і з’яўляюцца такія карыкатуры: «справа ў капелюшы«, «у чым справа» і г. д.

Пра гэту апошнюю штучную карыкатуру на рас. «в чём дело?» ёсць прыклад і ў Кузьмы Чорнага (у тым жа самым артыкуле «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры», 1928). Вось як ён піша:

«У п’есе «Каля тэрасы», якую ставіць Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, ёсць гэтакая з’ява. Бяжыць сялянка і крычыць: «У чым справа, у чым справа?» Няўжо гэта крычыць сялянка? Не, гэта крычыць сам аўтар п’есы. Ён думаў: «в чем дело» і пісаў «у чым справа». Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак? Таму і чуецца тут фальш, таму і траціцца вобраз ці тып сялянкі. І вінавата тутака моўнае думанне аўтара, якое зусім чужое сялянцы-беларусцы».

Пра «справу ў капелюшы» магу ўспомніць ажно цэлую перадачу для дзяцей на БТ. Здаецца, яна так і называлася — «Уся справа ў капелюшы». Яшчэ і песню з той перадачы помню: «Капялюш, капялюш… Уся справа ў капелюшы…» Цьх-ху!.. Брыда!

Праўда была Станкевічава, калі ён (Ян Станкевіч) пісаў, што такой «беларускай мовай» можна адно палохаць беларусаў.

Ёсць такія кнігі — слоўнікі. Мала хто з беларусаў умее з іх карыстаць. А варта было б навучыцца. Шмат хто папракае Кандрата Крапіву за русіфікацыйныя тэндэнцыі, але калі разгарнуць расейска-беларускі слоўнік пад яго рэдакцыяй на артыкуле «дело», то можна даведацца, што і Крапіва не вельмі любіў «справы ў капелюшах». Вось якія ўзоры перакладаў дае яго слоўнік:

  • в самом деле — сапраўды;
  • за дело — нездарма, па заслугах;
  • между делом — прыхваткамі, перапынкамі;
  • на деле — на справе;
  • известное дело — уводн. сл. вядомая рэч;
  • моё дело сторона — мая хата з краю; я тут ні пры чым;
  • то и дело — раз-пораз;
  • первым делом — першым чынам, перш за ўсё, перш-наперш;
  • пустить в дело — скарыстаць, пусціць у ход;
  • иметь дело — мець дачыненне,
  • грешным делом — прызнацца, прызнаюся;
  • дело говорить — слушна (добра, праўду) казаць;
  • дело в шляпе — усё ў парадку;
  • главное дело — галоўная справа;
  • ясное дело — вядомая рэч;
  • то ли дело — іншая рэч;
  • а мне что за дело? — а мне што да таго?;
  • в чём дело? — што такое?;
  • это дело! — гэта добра!;
  • плохо дело — кепскія (дрэнныя) справы;
  • это другое дело — гэта іншая рэч;
  • быть не у дел — быць (стаяць) у баку, быць ні пры чым;
  • это дело его рук — гэта яго работа;
  • и дело с концом, и делу конец — і канец, і ўсё;
  • дело хозяйское — воля ваша (твая, яго, яе, іх).

Гэта ж проста — глянуць у слоўнік, так ці не?

А ніжэй — узоры перакладаў фразеалагізмаў і ўстойлівых выразаў, якія прапануе выкладчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Пятро Жаўняровіч:

  • дело в том — рэч у тым;
  • и дело с концом — ды й годзе;
  • в самом деле — насамрэч, сапраўды;
  • ясное дело — вядома ж;
  • взяться за дело — узяцца за працу;
  • иметь дело с — мець стасункі з;
  • главное дело — галоўны клопат;
  • в том-то и дело — то ж бо;
  • быть не у дел — быць без занятку;
  • милое дело — любата.

Як фанат доктара Яна Станкевіча не магу не уткнуць дзве капейчыны і ад яго:

в том-то и дело — тож-ба-то (Бульба прыгарэла. — Паставіла гаршчок із бульбаю ў печ і мала вады наліла. — Тож-ба-то.);

то и дело (очень часто) абярняся (Абярняся ўходзяць і выходзяць, чыста вышвіндалі хату).

© Кузьма Чорны:

«Літаратурная мова павінна быць моваю чыстаю, беларускаю. Карэнні яе — у мове народнай. Літаратары павінны навучыцца моўна думаць па-беларуску. Яны павінны абудзіць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калі не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхію. Бо калі гэтага не будзе, яны будуць, як і цяпер, шкодзіць нацыянальнай форме культуры».

Юрка Агіевіч

ПРА «СПРАВЫ Ў КАПЕЛЮШАХ»
[supsystic-social-sharing id="1"]