Якія беларускія словы пры гэтым ужыць? Гэта цікавае пытанне. Большасць маіх таварышаў, звяртаючыся да мяне па-беларуску, гавораць «Прывітанне!» Але ці добра так казаць?

Спрабую зараз успомніць хоць які радок з падобным вітаннем з нашых класікаў або падобную фразу з вуснаў маіх дзядоў і не магу. Ці сапраўды тады беларусы вітаюцца так?

Па ўсім відаць, не. І тут заднімі дзвярыма пралазіць у беларушчыну расейшчына. Велікарусы ўжываюць свой «привет» двума спосабамі: як выгук, якім яны вітаюцца (Эй, привет!) і як назоўнік, які адпавядае па значэнні беларускаму «прывітанню, вітанню».

Але ж гэта супадзенне ў велікарускай мове выпадковае, і пераймаць у велікарусаў ужыванне назоўніка «прывітанне» у якасці вітальнага выгуку няма ніякай патрэбы.

Цікава, што аналагічная з’ява назіраецца і ў выпадку слоў пока/пакуль. У велікарускай мове гэты злучнік і развітальны выгук аманімічныя. І, беручы гэту аманімічнасць і ў сваю індывідуальную мову, некаторыя беларусы пачынаюць развітвацца… беларускім злучнікам! Было б гэта смешным, каб не шкодзіла мове.

Я дык больш люблю вітацца словамі «Добры дзень» (або «Дзень добры» — мая бабуля часцей ужывае так). Імі можна вітацца з якім заўгодна чалавекам, незалежна ад яго веку і сацыяльнага становішча.

(Дарэчы, адкрыю вам адну таямніцу — беларусы не гавораць адзін аднаму «Добрай раніцы» — толькі адразу «Добры дзень» (нават калі яшчэ рана) і «Добры вечар«. Рабіце заўвагі таму, хто ўжывае «Добрай раніцы», бо гэта не па-беларуску.)

Адпаведнікам велікарускаму «здравствуй(те)» будзе наша «Добрага здароўя!» (або проста «Здароў!«). Такое вітанне часта можна чуць ад старых людзей. Праўда, я нейкі час думаў, што яно паўстала ад «Добры дзень!» пад уплывам «здравствуйте«, аднак нядаўна сустрэў яго ў падручніку нямецкай мовы, выданым яшчэ да савецка-нямецкай вайны. Так што гэта вітанне — беларускае, ужывайце на здароўе.

Шмат яшчэ як можна павітацца: «Чалом!» (урачыстае вітанне), «Дабраслаў!» або проста «Вітаю!«, хоць гэтыя словы рэдкія. Але калі нехта іх упадабае — чаму не.

Развітвацца таксама можна па рознаму (але толькі не гаварыць «пакуль«!): «да пабачэння» (а лепей «да пабачання» (націск на другі склад), «бывай(це)«, «шчасліва» і г. д.

У канцы яшчэ адзін харошы выраз беларускі: «Як маешся? (Як маецеся?)«. Ён адпавядае па значэнні ангельскаму «How do you do?» або нямецкаму «Wie geht’s?«.

У маім сяле з падобным значэннем ужываецца (разам з «Як маешся?«) «А што ты? (А шчо ты?)«. Пытанні гэтыя больш рытарычныя, і хутчэй патрабуюць фармальных адказаў, чым доўгіх наратываў аб гаротным жыцці і долі-нядолі.

Можа і спакайней «просто говоріть по-русскі», але ўсё-такі мусім дбаць пра беларускую мову. У ёй адбіваецца псіхіка і душа народа (таму мова і каштоўная), і прынцып «хай абы-якой, але беларускай мовай» (з усякімі «пакуль«, «добрай раніцы» і г.д.) мусіць быць адкінуты.

Юрка Агіевіч

[supsystic-social-sharing id="1"]