Вось ўжо больш за чатыры стагоддзі жыве ў беларускім і польскім народах паданне пра Чорную Даму, якая жыве ў Нясвіжскім замку. Перад жывымі заўсёды з’яўляецца яна ў чорным аддзенні ў знак смутку аб сваім загубленным каханні.

 

…Выйдзі, любы, на спатканне,
Я раскажу табе пра долю,
Пра наша горкае каханне…
Пятро Глебка

Трагічная гісторыя кахання Жыгімонта II Аўгуста і Барбары Радзівіл, караля і падданай, стала аб’ектам твораў шматлікіх літаратараў, мастакоў, музыкаў.

Барбара Радзівіл

Барбара Радзівіл

Дачка гетмана і кашталяна віленскага Юры Радзівіла, яна была вельмі прыгожай жанчынай — адрознівалася павольнасцю рухаў, мяккасцю вымовы. У яе былі доўгія ясныя валасы. Калі Барбара мела 17 гадоў, яе выдалі замуж за ваяводу Троцкага Станіслава Гаштольда. Але той памёр праз пяць гадоў, і Барбара разам з маці пасялілася ў Вільні.

У гэты час у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя Жыгімонта Аўгуста, які яшчэ пры жыцці бацькі Жыгімонта II Старога быў каранаваны на караля Польшчы і князя Літвы. Калі ў 1545 годзе памерла яго жонка, Эльжбета з роду Габсбургаў, рабіліся ўсе намаганні пасватаць караля з прадстаўніцамі самых вядомых і ўплывовых дынастый тагачаснай Еўропы. Але падчас пабыту ў Літве, кароль пазнаёміўся з Барбарай Радзівіл і не застаўся абыякавы да яе прыгажосці.

Малады і прыгожы манарх закахаўся ў Барбару без памяці. Яны пачалі сустракацца. Кароль арганізоўваў у гонар каханай турніры і маскарады, ён выпісаў для яе лебядзей — птушак, што сімвалізуюць каханне рыцара да сваёй дамы. У хуткім часе (1547г.) каханыя ўпотай ажаніліся.

Адна версія падання гаворыць, што прычынай шлюбу стала цяжарнасць Барбары (гэтая версія не мае абгрунтавання, таму што Барбара была бясплодная), другая — што браты Барбары, родны Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны Мікалай Радзівіл Чорны, занепакоеныя спатканнямі яе з каралём, патрабавалі ад Жыгімонта канчатковага рашэння: альбо ажаніцца з іх сястрой, альбо з ёй не сустракацца.

Барбара Радзівіл

Ведаючы свой няўстойлівы стан, дрэннае стаўленне каралевы-маці да Радзівілаў, а таксама інтрыгі пры польскім двары, ён даў слова, што пакіне каханую. Але каралевіч зноў захацеў пабачыць Барбару, каб развітацца з ёй. Браты, верна разлічыўшы, у час сустрэчы раптоўна з’явіліся перад каханымі і пачалі патрабаваць ад Жыгімонта, каб ён ажаніўся з іх сястрой, бо парушыў слова. Каралевіч згадзіўся, таму што вельмі кахаў Барбару. Папрасіў толькі, каб шлюб заставаўся ў тайне да таго часу, пакуль ён не сядзе на польскі трон, інакш ён не зможа абараніць не толькі Барбару, але і сябе.

У гэты час памёр Жыгімонт Стары. Каралевіча тэрмінова выклікалі ў Кракаў. Бона Сфорца, яго маці, ўжо актыўна шукала для будучага ўладара жонку: шлюб павінен быў узмацніць трон і павялічыць прэстыж Рэчы Паспалітай. Як удар грома для ўсіх была вестка аб тым, што Жыгімонт Аўгуст ужо жанаты.

Шляхта параўноўвала шлюб караля са шляхецкай вольнасцю. Бона Сфорца пачала прыкладаць усе намаганні, каб сейм не каранаваў Барбару. Яе выстаўлялі як распутную чараўніцу-атрутніцу, што падтрымлівае забароненыя адносіны з каралём, які быццам бы з’яўляецца яе родным братам.

Жыгімонт ІІ Аўгуст

Жыгімонт ІІ Аўгуст

Жыгімонт Аўгуст, не звяртаючы на ўсё гэта увагі, дабіўся у 1550 годзе урачыстай каранацыі жонкі. Для ўладкавання гэтай справы Мікалаю Чорнаму прыйшлося спецыяльна паехаць у Рым да Папы. Калі сейм вырашыў ўсё ж такі каранаваць Барбару, каралева-маці ў знак пратэсту пакінула Кракаў і выехала на радзіму ў Італію.

Пачуццё, якое злучыла караля з падданай, было вялікім каханнем. Барбара прывабіла Жыгімонта не толькі прыгажосцю, але і абсалютнай адсутнасцю палітычных амбіцый. Але для сваіх ворагаў яна заставалася жанчынай упартай. У дасягненні поспехаў ёй дапамагала незвычайная прыгажосць, якую каралева заўсёды магла і ўмела падкрэсліць.

Барбара была каранавана ў снежні 1550 года, а ў траўні 1551 года яе не стала. І тут зноў жа паўстае разыходжанне думак гісторыкаў у вызначэнні прычыны яе смерці. У беларускім варыянце падання сцвярджаецца, што калі каралева Бона пакінула Кракаў, яна забрала з сабой ўвесь свой двор, але пакінула агентаў з заданнем атруціць ненавісную Барбару.

"Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні". Карціна Яна Матэйкі 1867г.

"Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні". Карціна Яна Матэйкі 1867г.

Да нашых дзён дайшло прозвішча аптэкара Монці, які, замест патрэбных лекаў, падрыхтаваў атруту, якая павольна звяла квітнеючую прыгажуню ў магілу. Па версіі польскіх гісторыкаў, Барбару звяла ў магілу цяжкая хвароба. Маладая каралева да гэтага часу не нарадзіла Жыгімонту наследніка і таму лічыла сябе бясплоднай. Яна пачала ўжываць моцныя лекі, якія, магчыма, выклікалі ў яе заражэнне. Барбара моцна схуднела, яна часта гарачкавала і неўзабаве памерла.

Роспач і гора караля былі бязмернымі. Пахаванне Барбары паводле яе завяшчання павінна было адбыцца ў Вільні. Несуцешны кароль усю дарогу ад Кракава ішоў пешшу за труной. У гарадах, праз  якія праязджаў абоз, білі ў званы, а памерлую праводзілі у апошні шлях тоўпы мяшчан.

Смерць жонкі прыгняціла Жыгімонта, які ад таго часу пачаў насіць чорныя строі і пазбягаць людзей і забаў. У касцёле св. Ганны ён планаваў стварыць спецыяльны маўзалей, але смерць перашкодзіла яму у рэалізацыі гэтага замеру. Перад смерцю Жыгімонт II Аўгуст ажаніўся з сястрой Эльжбеты Габсбужанкі Кацярынай, але трэці шлюб не прынёс яму ані шчасця, ані патомкаў.

Тым часам разам з наступнымі пакаленнямі ўзрастала легенда Барбары Радзівіл. Каралеўна сімвалізавала прыгажосць і каханне, і, адначасова, трагедыю людскога жыцця. Хутка пасля заўчаснай смерці Барбару пачалі лічыць святой. Лічаць, што з яе партрэта была намалявана ікона Маці Боскай Вострабрамскай, якая цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Вось такая сумная гісторыя сапраўднага кахання, светлага, і, адначасова, трагічнага.

Алена Дземідзюк

"Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні". Карціна Яна Матэйкі 1867г.

"Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні". Карціна Яна Матэйкі 1867г.

[supsystic-social-sharing id="1"]