Агульна прынята, што ў такой непрадказальнай стыхіі, як гісторыя ёсць адна сталая заканамернасць: здольнасць да паўтарэння. І калі гісторыя не аднаўляе нечый ўжо пройдзены шлях — гэта сведчыць толькі аб тым, што недзе ў свеце ёсць некалькі краін, якія развіваюцца паралельна ў аднолькавых умовах і абставінах, і галоўным чыннікам існавання той або іншай народнасці выступае чалавечы фактар.

Беларусь за стагоддзі свайго развіцця прайшла шмат складаных этапаў і выпрабаванняў. Мабыць, аніводнай краіне свету не даводзілася так пакутваць ад гістарычнага лёсу, як нашай Бацькаўшчыне, і нельга назваць яшчэ якую-небудзь іншую краіну, якая б нацярпелася столькі гора ад сваёй «старэйшай сястры-суседкі».

Але, як адзначалася вышэй, гісторыя, калі не паўтараецца, дык развіваецца паралельна. І прыкладам таму — шматпакутная Ірландыя.

Экспансія суседзяў

Ірландыя, як і Беларусь з яе Тураўскім і Полацкім княствамі, у якасці дзяржавы пачала складвацца яшчэ у першых стагоддзях нашай эры. Ангельская экспансія на землі Ірландыі пачалася з ХІІ-ХІІІст. і ўзмацнілася ў ХVI-XVII.

Варта нагадаць, што агрэсія з боку Маскоўскага княства на Беларусь прыпадае прыкладна на гэтыя ж часы. Першая вайна Вялікага княства Літоўскага з Масковіяй датуецца 1492г., а ўжо ў 1563г. войска Івана Жахлівага захапіла Полацак і ўчыніла крывавую расправу над абаронцамі і жыхарамі беларускіх зямель.

Паўстанні

А далей лёсы дзвюх краін, Ірландыі і Беларусі, быццам бы адбіваючыся ў люстэрку, паўтараюць адзін аднаго з розніцай ў некалькі год. Так год 1798 для Ірландыі адзначыўся спробай нацыянальна-вызвольнага паўстання, зарганізаванага таварыствам «Аб’яднаныя ірландцы», а ўжо ў 1801г. Ангельская імперыя ліквідавала рэшткі ірландскай аўтаноміі.

У гэты час на Беларусі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793г.) разгортваецца нацыянальнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а ў 1795г. адбываецца трэці і апошні падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога Беларусь перастае існаваць як самастойная дзяржава і пераўтвараецца ў «Северо-Западный край» Расеі.

Варта адзначыць, што абедзьве Імперыі (Ангельская і Расейская) дзейнічалі пад шыльдай інтарэсаў рэлігіі, расказваючы казкі-страшылкі аб прыгнячэнні рэлігійных інтарэсаў у Ірландыі і Рэчы Паспалітай, адпаведна: пратэстанты/каталікі і уніяты/каталікі/праваслаўныя.

Аднак, імперскія амбіцыі, не задавальнялі ані ірландцаў, ані жыхароў колішняй Рэчы Паспалітай. Таму ў Ірландыі ў 1848г. (зарганізавана Ірландскай Канфедэрацыяй) і ў 1867г. (зарганізавана т.зв. «феніямі») успыхваюць чарговыя нацыянальныя паўстанні.

Тэрыторыя былога Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай на русіфікатарскую палітыку Расейскай імперыі адказвае паўстаннем 1830г. і найбольш крывавым нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Даведка «Дзедзіча»:
Ірландыя (ірл. Eire), поўная назва — Ірландска Рэспубліка (ірл. Saorstat Eireann), агульная плошча 70,3 км2.

Насельніцтва: 3,52млн. чалавек (1993г).

Афіцыйныя мовы: ірландская і ангельская. Сталіца: Дублін. З ХІІст. пачала заваёўвацца ангельцамі.

З 1801г. канчаткова страціла свю незалежнасць. У выніку масавага супрацьстаяння і актыўных ваенных дзеянняў у 1921г. была падзелена на дзьве часткі, адна з якіх атрымала ад Англіі статус дамініёна — т.зв. «Ірландскае вольнае каралеўства», другая ж — Паўночная Ірландыя — засталася ў складзе Велікабрытаніі.

З 1949г. Ірландыя абвешчана рэспублікай.

Паўночная частка — Ольстэр — і па сённяшні дзень знаходзіцца ў складзе Злучанага каралеўства Велікабрытаніі, што з’яўляецца прычынай шматлікіх крывавых сутычак паміж Ірландскай рэспубліканскай арміяй і ангельскім войскам.

Шлях да незалежнасці

Як бачна з вышэй прыведзеных датаў, найбольш важныя падзеі ў існаванні акупаваных земляў Беларусі і Ірландыі разыходзяцца літаральна ў дзесятак год. Што датычыцца ХХ стагоддзя — дык тут гісторыя развівалася не тое што паралельна, а нават адначасова.

У 1919-1921гг. на тэрыторыі Ірландыі развгортваецца вызваленчыя вайна, у выніку якой была заключана дамова, паводле якой Ірландыя падзялялася на дзьве часткі: т.зв. Ірландскую вольную дзяржаву і Паўночную Ірландыю (Ольстэр з галоўным горадам Белфастам).

Калі ўзгадаць гісторыю Беларусі, дык адразу прыгадваецца ганебны Рыжскі мір 1921г., паводле якога Беларусь таксама была падзелена на дзве часткі, толькі з тым выключэннем, што аб ніякай незалежнасці тут не магло ісці і размовы: Заходняя Беларусь адыйшла да шавіністычнай Польшчы, а Усходняя яе частка так і засталася ў кіпцюрах імперскай Расеі, якая толькі фармальна змяніла афарбоўку з «белай» на «чырвоную».

У 1949г. Ірландыя абвешчана Рэспублікай. Беларусь атрымала гэты статус толькі вызваліўшыся ад камуністычнай навалы ў 1991г.

Вынішчэнне мовы і культуры

Аб’ядноўваюць Беларусь і Ірландыю не толькі агульныя гістарычныя моманты, але і сітуацыя з нацыянальнай культурай і мовай.

Справа ў тым, што ангельцы, разам з акупацыяй Ірландыі, увялі забарону на ўжыванне ірландскай мовы. Адначасова вынішчаліся гістарычныя помнікі, рукапісы сакральных тэкстаў, нацыянальная літаратура.

Калі ўзгадаць палітычную сітуацыю Беларусі, якая запанавала пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, можна знайсці шмат агульных момантаў з тагачасным становішчам ірландскай мовы і культуры: уведзена забарона на ужыванне назвы «Беларусь» (1840), вынішчаліся нацыянальныя каштоўнасці, вывозіліся ў Маскву каштоўнейшыя рукапісы і пергаменты.

Сучаснасць

На сучасным этапе гістарычнага развіцця метады, якімі ўздзейнічае Англія на Ольстэр мала чым адрозніваюцца ад метадаў іншай імперыі, якая то пернікам, то кнутом (газам) імкнецца вярнуць незалежнай Беларусі ярлык «Северо-Западного края».

У памкненнях да аднаўлення незалежнасці больш радыкальныя плыні ірландскіх барацьбітоў схіліліся ў бок тэррарызму.

Безумоўна, што для Беларусі гэткі шлях не падыходзіць і акрамя маўклівага, амаль быдлячага пратэсту, нічога ў далейшым не прадугледжваецца. А таму ёсць усе падставы казаць, што Беларусь знаходзіцца ў пошуках сваёй, адметнай бел-чырвона-белай будучыні.

А. Ндрусь

Ірландцы адзначаюць Дзень св. Патрыка, галоўнае нацыянальная свята

Ірландцы адзначаюць Дзень св. Патрыка, галоўнае нацыянальная свята

[supsystic-social-sharing id="1"]