Ні для каго не сакрэт, што сацыяльныя функцыі беларускай мовы сення, мякка кажучы, вельмі абмежаваныя. Беларуская мова, дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь, не дапускаецца ў войска (нават прысягу беларускія хлопцы прымаюць па-расейску), у беларускіх крамах не ўбачыш цэннікаў на мове тытульнай нацыі, ва ўсей краіне няма ніводнай беларускай вышэйшай навучальнай установы, у буйных гарадах бацькі не могуць даць сваім дзецям беларускую адукацыю, нават сярэднюю, бо амаль не засталося там беларускамоўных класаў.

Пералічаць факты дыскрымінацыі беларускай мовы, а значыць і дыскрымінацыі беларусаў у іх уласнай краіне можна бясконца, але ж усе яны добра вядомыя і беларус сустракаецца з імі ў сваім паўсядзённым жыцці на кожным кроку. Больш карысным было б даведацца як беларуская мова, адзіная дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага прыйшла ў заняпад, паказаць прычыны і асноўныя вехі гістарычнага працэса, які атрымаў назву «лінгвацыд».

Як вядома, у ВКЛ беларуская мова ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На ёй размаўлялі ўсе, ад Вялікага князя да простага мужыка, яна была сродкам міжэтнічных зносін з прадстаўнікамі іншамоўных этнасаў, якія жылі ў ВКЛ — продкамі сучасных украінцаў і літоўцаў, на ёй вялося ўсё дзяржаўнае справаводства (у адрозненне, напрыклад, ад Польшчы, дзе ў той жа час дзяржаўныя паперы пісаліся не на нацыянальнай польскай мове, а на лацінскай).

I хаця пяцьсот гадоў таму нашы продкі пісалі на царкоўнаславянскі ўзор ходити, литовский, чыталі ды казалі яны хадзіці, літоўскі. Разыходжанне асвячонага традыцыяй пісьма і жывога слова нікому не шкодзіла, бо беларуская мова панавала ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, на спосаб чытання не ціснулі чужамоўныя ўплывы, а асаблівасці вымаўлення перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Дарэчы, даволі значна адрозніваецца чытанне ад напісання ў ангельскай, французскай мовах. Такое разыходжанне без рызыкі страціць самабытнасць, падпасць пад чужыя ўплывы, пацярпець у плане прэстыжнасці, як правіла, дазваляюць сабе мовы дзяржаўныя, трывала ўгрунтаваныя ў грамадскім жыцці свайго народа.

Перадумовай заняпаду беларускай мовы было паступовае (ад 2-й пал. XVІ ст.) ўжыванне польскай мовы вышэйшымі коламі беларускага грамадства. На гэты працэс моцна ўплывалі цесныя палітычныя кантакты магнатаў і шляхты абедзвюх саюзных дзяржаў — ВКЛ і Польшчы. Пастаянныя кантакты адбываліся на дзяржаўным узроўні, падчас супольных вайсковых паходаў, на сустрэчах прыватнага характару.

Першым камянём, які быў закладзены ў падмурак працэсаў спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі, можна лічыць падпісанне Люблінскай уніі ў 1569г., калі беларуская дзяржава, аслабленая бясконцымі войнамі з Расеяй, вымушана была ўтварыць з Польскім каралеўствам адзіную дзяржаву — Рэч Паспалітую. У аб’яднанні дзвюх дзяржаў была зацікаўлена дробная шляхта ВКЛ, якая марыла аб польскіх шляхецкіх вольнасцях.

Аднак фармальна Люблінская ўнія не змяніла моўнага становішча. Як і раней, у Беларуска-Літоўскай дзяржаве адзінай дзяржаўнай мовай заставалася беларуская. На ёй пісаліся вялікакняскія прывілеі, іншыя дзяржаўныя дакументы, большая частка прыватнай карэспандэнцыі. Магнаты ведалі беларускую мову і часам карысталіся ёю. Але менавіта Люблінская ўнія паскорыла пранікненне польскай мовы на землі Беларусі і Літвы.

Моцныя пазіцыі беларускай мовы да пары забяспечваліся дзякуючы прыняццю адпаведных актаў дзяржаўна-прававога характару. Адзін з іх прыняў Варшаўскі элекцыйны сойм у 1632г.: «У адпаведнасці з усталяваным звычаем і як гэта здаўна патрабуецца, усе акты, прывілеі, граматы і мандаты, якія датычаць ваяводстваў Літоўскага, Валынскага і Брацлаўскага, павінны складацца ў канцылярыі Я.К.Л. (яго каралеўскай ласкі — Д.Ш.) і выдавацца ёю на рускай (гэта значыць тагачаснай старабеларускай — Д.Ш.) мове. Акт, атрыманы кім-небудзь з канцылярыі на іншай мове, будзе поўнасцю несапраўдным.»

Пра трывалыя пазіцыі беларускай мовы на ўсіх абсягах ВКЛ сведчыць, напрыклад, той факт, што свой вядомы ліст да расейскага цара Аляксея Міхайлавіча Багдан Хмяльніцкі і палкоўнік Залатарэнка напісалі беларускім пісьмом.

Старабеларуская мова працягвала захоўвацца ў дыпламатычных зносінах Рэчы Паспалітай з Масковіяй. Гэтая ж мова ўжывалася апошняй для дыпламатычных зносінаў з шэрагам краін Заходняй Еўропы, у тым ліку і з Францыяй.

Мацнейшы ўдар быў нанесены па пазіцыях беларускай мовы ў 1696г. Канфедэрацыйны сойм 29 жніўня прыняў пастанову «Юрыдычнае ўраўнаванне» («Коэквацыо юрыум») шляхецкіх саслоўяў ВКЛ і Кароны Польскай.

Сярод некалькіх пунктаў, якімі ўраўноўваліся правы шляхты Беларусі і Літвы з правамі польскай шляхты, быў і пункт наконт мовы. Там было запісана, што пісар земскі судовыя дэкрэты павінен «…па-польску, а не па-руску (г. зн. па-беларуску — Д.Ш.) пісаць», «…усе ранейшыя акты, запісы, дэкрэты і сведчанні павінны захаваць сваю моц».

Гэта азначала, што, хаця беларуская мова не забаранялася, усе афіцыйныя акты на беларускай мове захоўвалі сваю моц, аднак менавіта 29 жніўня 1696г. беларуская мова страціла статус дзяржаўнай мовы.

Трэба адзначыць, што пасля прыняцця пастановы 1696г. у многіх месцах досыць доўгі час службовае справаводства вялося на беларускай мове, бо многія не да такой ступені валодалі польскім словам, каб карыстацца ім пры складанні дакументаў.

У Магілёве, напрыклад, магістрацкія кнігі да 1712г. пісаліся кірыліцай, а з пераходам на лацінку толькі зрэдку ўводзіліся польскія словы. Аднак пастанова 1696г. — найсур’ёзнейшы ўдар не толькі па палітычных і нацыянальных правах, але і па культурным развіцці беларускага народа.

Адміністрацыйным уладам пасля пераходу на польскую мову куды прасцей і лягчэй было ўкараняць яе ў асвету, выдавецкую справу. Пазбаўленая статусу дзяржаўнай, забароненая для ўжывання ў многіх сферах грамадскай дзейнасці, беларуская мова вымушана была заканамерна звужаць да крайнасці свае сацыяльныя функцыі.

Ужо ў пачатку XVIII ст. толькі дзе-недзе на беларускай зямлі можна было знайсці школу ці друкарню, якія працавалі б на беларускай мове.

Заняпад беларускай мовы ў XVIII ст. аблегчыў царскім ўладам пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння тэрыторыі Беларусі да Расейскай Імперыі правядзенне дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Зробім кароткую храналогію знішчэння беларускай мовы ў Расейскай Імперыі да кастрычніцкага перавароту:

1790г. Падданы Кацярыне II Уладыка Віктар Садкоўскі на Слуцкім епархіяльным саборы (а сабор адбываўся ў межах не Расеі, а Рэчы Паспалітай, хаця ўмяшальніцтва першай ва ўнутраныя справы другой ужо нікога не здзіўляла) пагражаў беларускім святарам: «Я вас скореню, знішчу, што б і языка вашого проклятого літовского (г. зн. беларускага — Д.Ш.) і вас саміх не было; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону (г. зн. з Расеі — Д.Ш.) панаважу». Епіскап ганіў мясцовых святароў за ўжыванне «літоўскай» (беларускай) мовы замест царкоўнаславянскай у казаннях да беларускай паствы.

1831г. Зачынена адзіная на той час Вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі — Віленскі ўніверсітэт, асноўны асяродак развіцця беларускай нацыянальнай ідэі.

1839г. Ажыццявілася мара В.Садкоўскага: у цэрквах была ўрэшце забаронена казань на беларускай мове (была скасавана Берасцейская ўнія). Усіх уніятаў пераводзілі ў праваслаўе. Праваслаўных беларусаў лічылі рускімі, каталікоў — палякамі.

1840г. Указам Мікалая I забаронена ўжыванне самога тэрміна «Беларусь». Яе афіцыйная назва ад гэтага часу — Паўночна-заходні край. Мову беларусаў на афіцыйным узроўні беспадстаўна аб’явілі «дыялектам», «гаворкай» рускай мовы. Міне некаторы час і яе назавуць яшчэ больш грубым азначэннем «мужыцкая мова».

1864г. Выходзіць распараджэнне Міністэрства асветы Расеі, паводле якога беларускім вучням забаранялася ў сценах навучальных устаноў нават паміж сабой размаўляць на роднай мове.

1867г. Цалкам забаронены друк беларускамоўных кніг. Беларусы не мелі свайго друкаванага слова 25 гадоў. Асобныя кнігі выдаваліся за мяжой (Кракаў, Познань), як, напрыклад, творы Ф.Багушэвіча.

1870г. Міністр асветы Расеі Дз.Талстой пісаў: «Канчатковаю мэтай асветы ўсіх іншародцаў, што пражываюць у межах нашай Айчыны, несумненна, павінна быць абрусенне (падкрэслена мною — Д.Ш.)«. А вось якіх поглядаў прытрымліваўся расейскі крытык В.Бялінскі: «Мы маем поўнае права сказаць, што цяпер ужо не існуе маларасейская мова, а ёсць абласны маларасейскі дыялект, як ёсць беларускі (падкрэслена мною — Д.Ш.), сібірскі ды іншыя падобныя ім дыялекты». Так ацэньваў нашу мову «рэвалюцыйны дэмакрат» «братняга» народу.

Дзякуючы рэвалюцыі 1905-07гг. нацыянальныя меншасці ў Расеі атрымалі магчымасць выпускаць літаратуру на роднай мове. Скарысталі гэтую магчымасць і беларускія адраджэнцы. 3 1906г. пачала выходіць штотыднёвая беларускамоўная газета «Наша Ніва», рэдакцыя якой па-сутнасці стварыла новую літаратурную беларускую мову. Да I Сусветнай вайны цягнуўся перыяд адноснай лібералізацыі рэжыму, у тым ліку і моўнай праблемы.

Новы віток лінгвацыду беларускай мовы прыпадае ўжо на савецкі перыяд беларускай гісторыі.

ЛІНГВАЦЫД

У першыя гады Савецкай улады пад уплывам ідэй дзеячаў БНР пачынаецца беларусізацыя — працэс нацыянальна-культурнага адраджэння, дзякуючы якому беларуская мова стала пануючай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця (ад газет і навучальных устаноў да ЦК КП(б)Б), беларусы складалі большасць у дзяржаўных органах улады.

Яшчэ ў 1938г., у зусім іншых палітычных умовах, з агульнай колькасці 199 газет на беларускай мове выходзіла 149 (75%), у 1940г. агульны наклад выдадзеных кніг склаў 10370 тысяч асобнікаў, з іх на беларускай мове — 7748 тыс (75%) — гэта вынік дзейнасці беларускіх патрыётаў-адраджэнцаў.

На жаль, вельмі значны ў беларускай гісторыі перыяд беларусізацыі скончыўся ўжо ў канцы 1920-х гг., а яму на змену прыйшлі жахлівыя рэпрэсіі, барацьба з «нацыянал-дэмакратызмам» і татальная русіфікацыя.

У ходзе сталінскіх рэпрэсій арыштавана каля 90% беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, большасць з якіх была потым фізічна знішчана. 3 328 арыштаваных пісьменнікаў дажылі да смерці Сталіна ў сакавіку 1953г. усяго 20 чалавек. Беларуская Акадэмія навук страціла больш за 90% сваіх супрацоўнікаў.

Камуністычная партыя пачала наступ на адметнасці беларускай мовы. 26 жніўня 1933г. быў прыняты дэкрэт СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса». Ва ўступе да яго гаварылася, што «нацыянал-дэмакратызм (г.зн. нацыянальна арыентаваная плынь беларускай інтэлігенцыі — Д.Ш.) імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыў штучны бар’ер паміж беларускай і рускай мовамі і засмечваў беларускую мову рознымі сярэдневяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі».

Дэкрэтам паўсюдна ўводзілася «наркамаўка» (ад слова наркамат — народны камісарыят, г.зн. адпаведнік міністэрства асветы — Д.Ш.) — форма беларускай мовы, механічна набліжаная да расейскай.

Пры дапамозе жыварэзання мовы спрабавалі зрабіць з беларускай мовы бляклую копію расейскай. Копія, як вядома, заўсёды горшая за арыгінал, а таму ад яе адмаўляюцца. Згодна з рэформай правапіса 1933г. у беларускую мову было ўведзена каля 30 фанетычных і марфалагічных асаблівасцяў, чужых нашай мове.

Паступова пачаў уводзіцца расейскі слоўнікавы матэрыял. Так, напрыклад, калі «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928г.) для перакладу расейскага слова государство прапаноўваў сінонімы дзяржава, гаспадарства, панства, то «Расейска-беларускі слоўнік» А. Александровіча (1937г.) — толькі дзяржава, тым жа словам перакладалася і расейскае держава.

Эквівалентам расейскага город у першым слоўніку былі места, горад, а ў другім — толькі горад, дефект перакладаўся ў 1928г. сінонімамі дэфект, брак, загана, а ў 1937г. — толькі словам дэфект.

Такое спрашчэнне рабілася для таго, каб потым можна было казаць пра беднасць і неразвітасць беларускай мовы, што мы і маем магчымасць чуць нават у нашы дні.

Яскравы прыклад «навуковага збліжэння» дзвюх моў — перайменаванне на расейскі манер нашай сталіцы — Менска. Аргументам на карысць ідэнтычнага расейскаму напісання назвы галоўнага горада БССР як «Мінск«, а не «Менск» (шырока вядомага па помніках і ў народнай мове) было тое, што «гэта імя адной з рэспубліканскіх сталіц «нашай краіны», і яно ўсюды павінна пісацца аднолькава».

Тая ж аргументацыя выкарыстоўвалася ў якасці «навуковай», як відаць з пратакола пасяджэння Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук ад 18 лютага 1931г.: «Зыходзячы з таго, што ўся працоўная Беларусь, а таксама суседнія рэспублікі ведаюць і ўжываюць тэрмін Мінск, а толькі нязначная частка Міншчыны гаворыць Менск, — тэрмін Менск, уведзены нацдэмамі, замяніць агульнавядомым Мінск».

Вялікую «навуковую вартасць» маюць службовыя допісы першага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі Сталіну. Так, напрыклад, заўважалася імкненне давесці, што кожная спроба перадаць «святыя» для савецкіх людзей словы арыгінальнымі сродкамі беларускай мовы вядзе да іх прафанацыі і дыскрэдытацыі:

«Лозунг «Да здравствует годовщина Октябрьской революции!» на белорусском языке «Няхай жыве гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі!» испохаблен от начала до конца. Белорусы говорят здравствуй, а няхай означает пусть, в смысле пренебрежительного так и быть. Гадавіна означает гада большого размера. Так и говорят: «Ух, якая гадавіна». Кастрычнік — октябрь. Но кастрица — не лён, а отбросы от льна».

Наступны крок русіфікацыі ў Беларусі пры савецкай уладзе — пастанова ЦК ВКП(б) і СНК СССР ад 13 сакавіка 1938г. «Аб абавязковым вывучэнні расейскай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». 3 гэтай нагоды Н.К. Крупская піша ліст I. Сталіну:

«Мы ўводзім абавязковае вывучэнне рускай мовы ва ўсім СССР. Гэта добра. Гэта дапаможа паглыбленню дружбы народаў. Але мяне вельмі хвалюе, як мы гэта абучэнне будзем праводзіць. Мне здаецца іншы раз, што пачынае паказваць пакрышку рожкі вялікадзяржаўны шавінізм (падкрэслена мною — Д.Ш.)».

Пасля 2-й Сусветнай вайны першым сур’ёзным ударам па мове было выданне ў красавіку 1951г. загада міністра асветы БССР, у адпаведнасці з якім у расейскамоўных агульнаадукацыйных школах адмяняліся пераводныя экзамены і экзамены на сталасць па беларускай мове.

Ад гэтага часу пэўная частка нашых агульнаадукацыйных школ пачала фарміраваць з дзяцей беларускага паходжання нацыянальных нігілістаў. Справа даходзіла да абсурду: выпускнік школы атрымліваў атэстат сталасці і не валодаў мовай, якая з’яўляецца роднай для карэннага насельніцтва БССР.

У снежні 1958г. выходзіць Закон СССР «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР». Паводле новага закона пытанне аб неабходнасці вывучэння нацыянальнай мовы ў рускіх школах пакідалася на волю саміх вучняў і іх бацькоў. Зразумела, калі вучням прапанаваць вывучаць на адзін прадмет менш, — без розніцы, матэматыку, альбо беларускую мову, — пераважная большасць з іх будзе «за» абедзвюма рукамі.

У красавіку 1959г. сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла адпаведны закон, у якім адзначалася, што навучанне другой мовы праводзіцца «па жаданню вучняў і іх бацькоў». Паколькі ВНУ ў БССР даўно ўжо працавалі на расейскай мове, зразумела, якую мову пры гэтым выбіралі.

Як бачым, у пытаннях беларускай мовы кампартыя за ўвесь перыяд сваёй пасляваеннай дзейнасці з юрыдычнага боку ні ў чым сябе не запляміла, бо не прыняла ніводнага дыскрымінацыйнага акта, адкрыта накіраванага супраць роднага слова карэннага насельніцтва.

Дыскрымінацыю беларускай мовы партыя чыніла тым, што афіцыйна не карысталася ёю ў сваёй практычнай дзейнасці, падаючы гэтым прыклад залежным ад яе савецкім, прафсаюзным, адміністрацыйна-гаспадарчым органам.

Імкненні некаторай часткі наменклатуры сур’ёзна ўзяцца за паляпшэнне стану беларускай мовы спыняліся з маскоўскага цэнтру. К. Мазураў, па сутнасці першы беларус на пасадзе кіраўніка КПБ, намагаўся хоць неяк аднавіць беларусізацыю.

У студзені 1959г. на святкаванні 40-годдзя БССР ён зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку М. Хрушчоў, які сядзеў у прэзідыуме, пачаў лаяць Мазурава: «Ни черта не понятно!». На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм».

3 сярэдзіны 1960г. пачынаецца эпідэмія вызвалення ад вывучэння беларускай мовы ў школах. Да сярэдзіны 70-х гг.: у 95-ці гарадах і 117-ці раённых цэнтрах БССР не засталося аніводнай беларускай школы.

У 1985г. у БССР была выдадзена 3431 кніга агульным накладам 53,5 млн. асобнікаў, з іх на беларускай мове — 393 кнігі накладам 5 млн. асобнікаў.

З пачаткам перабудовы праблема беларускай мовы, як і нацыянальнага адраджэння ўвогуле, набыла асабліва актуальнае гучанне, прычым не толькі агульна-культурнае, але і грамадска-палітычнае.

15 снежня 1986г. 28 прадстаўнікоў творчай і навуковай эліты падпісалі ліст на імя Генсека ЦК КПСС М. Гарбачова, які практычна змяшчаў праграму адраджэння беларускай нацыі. Галоўным прадметам заклапочанасці аўтараў ліста з’яўлялася родная мова, якая, як справядліва адзначалася, амаль не ўжывалася ў партыйных, савецкіх і дзяржаўных органах як рабочая мова і мова справаводства.

Каб адвесці пагрозу «духоўнага вымірання» беларускага народа, прапаноўвалася праграма мер па карэнным паляпшэнні становішча роднай мовы, культуры і патрыятычнага выхавання.

Пасля таго, як стала зразумелым, што партыйныя ўлады ў рэспубліцы не збіраюцца мяняць сваіх адносін да мовы, 4 чэрвеня 1987г. прадстаўнікі беларускай эліты зрабілі яшчэ адну спробу звярнуцца да М. Гарбачова і накіравалі яму адкрыты ліст са 134 подпісамі ад прадстаўнікоў усіх пластоў грамадства.

У ім нацыянальная палітыка савецкіх улад на Беларусі была названа яе сапраўдным імем — русіфікацыя. Але і на гэты раз улады маўкліва праігнаравалі патрабаванні патрыятычнай часткі грамадства.

Толькі 26 студзеня 1990г. быў прыняты Закон аб мовах. У прэамбуле гэтага дакумента адзначалася, што «пад пагрозай апынулася само існаванне беларускай мовы». Згодна з арт. 2 Закона беларуская мова была прызнана адзінай дзяржаўнай мовай.

Пасля кароткатэрміновага перыяда паляпшэння сітуацыі з праблемай адраджэння беларускай мовы, у сярэдзіне 90-х гг. пачаўся этап чарговага наступу на яе пазіцыі ў грамадстве.

Увосень 1994г. пракамуністычны Народны рух Беларусі выйшаў з ініцыятывай правядзення рэферэндума па пытанні надання расейскай мове роўнага статусу з беларускай. Ініцыятыва разглядалася ў 6-ці парламенцкіх камісіях і Міністэрстве юстыцыі і ў выніку ў правядзенні рэферэндума было адмоўлена.

Спасылаючыся на арт. 3 Закона аб рэферэндуме, згодна з якім на ўсенароднае галасаванне забаранялася выносіць пытанні, якія «парушаюць неад’емнае права народа Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы, Цэнтральная камісія па выбарах і рэферэндумах растлумачыла падаўцам заявы, што пытанне аб наданні расейскай мове дзяржаўнага статуса «прама забаронена заканадаўствам рэспублікі».

Але, як аказалася, quod non licet bovi, licet Jovi!

1 снежня 1994г. прэзідэнт РБ на сесіі Гомельскага гарсавета растлумачыў дэпутатам, чаму ён не гаворыць па-беларуску:

«Люди, которые говорят на беларускай мове, не могут делать ничего, как только говорить на беларускай мове. Потому что на беларускай мове нельзя сказать что-то великое. Беларуская мова — бедная мова. В мире существует только два великих языка — это русский и английский».

Калі б так аб сваёй мове выказаўся, напрыклад, прэзідэнт Чэхіі, дык сыйсці ў адстаўку для яго заставалася б найлепшым выйсцем. А «усенародна абраны» не толькі не спужаўся ўласных слоў, але і пачаў праводзіць адпаведную палітыку.

14 траўня 1995г. па ініцыятыве прэзідэнта РБ А. Лукашэнкі адбыўся незаконны рэферэндум, адно з пытанняў якога тычылася «ураўнання» у правах расейскай мовы з беларускай. Згодна з вынікамі рэферэндума расейская мова ў РБ набыла статус дзяржаўнай. Дэмакратычнай грамадскасцю вынікі рэферэндума не прызнаныя, бо ў працэсе яго падрыхтоўкі і правядзення быў зафіксаваны шэраг істотных парушэнняў.

Адпаведныя змены былі ўнесены А. Лукашэнкам у Закон аб мовах (13 ліпеня 1998г.). Усё гэта дало магчымасць антыбеларускім сілам спыніць працэс беларусізацыі і адкінуць краіну ў вырашэнні моўнага пытання на некалькі дзесяцігоддзяў назад. Пасля рэферэндума да 1998г. колькасць беларускамоўных школ у Менску скарацілася са 130 да 17, у абласных цэнтрах іх не засталося зусім.

Аналізуючы палітыку лінгвацыду, якую праводзілі і праводзяць сёння ўлады ў Беларусі, можна зрабіць выснову, што антыбеларускія сілы ставяць перад сабой наступныя мэты:

  • 1. Звужэнне да мінімума сацыяльных функцый беларускай мовы;
  • 2. Збліжэнне і прыпадабленне беларускай мовы да расейскай;
  • 3. Выцісненне беларускай мовы на перыферыю грамадскага жыцця (у вёску).

Мова начальніка, мова партыі, войска, міліцыі — расейская мова. Мова простага чалавека — беларуская.

У невялікіх і занядбаных вёсках школы застаюцца беларускімі, а гарадскія — усе расейскамоўныя. Лепшую базу, лепшых выкладчыкаў, сацыяльную перавагу горада над вёскай ператвараюць у перавагу расейскасці над беларускасцю.

Практычна ўся сфера навукі расейскамоўная. Беларускай мове пакінулі вывучэнне сябе самой. На ёй хіба толькі функцыянавала мастацкая самадзейнасць на вёсцы, дзе спявалі пра лапці ды гралі на піле. У канцы 60-х гг. і беларускую літаратуру дазволілі ў многіх школах вучыць па-расейску.

Ні адной вышэйшай беларускамоўнай навучальнай установы, ні аднаго тэхнікума, ні аднаго ПТВ.

Да канца 1970-х гг. ні адна кніга сусветнай літаратуры не была перакладзена на беларускую мову (дазвалялася перакладаць пісьменнікаў Сярэдняй Азіі, Казахстана, Грузіі і г.д., каб паказаць «дружбу народаў»).

Дзюма, Твен, Хэмінгуэй, нават Міцкевіч — толькі па-расейску. Не дубляваліся фільмы. «Беларусьфільм» нават «Людзей на балоце» зняў па-расейску. У рэпертуары опернага тэатра адна беларускамоўная опера — «Алеся». Толькі ў купалаўскім тэатры «Паўлінку» яшчэ дазвалялі паказваць па-беларуску, бо там — ізноў жа лапці ды мужыкі, як «сімвал» беларускага народа.

З’яўленне «Песняроў» стала магчымым таксама толькі таму, што пачалі яны з таго ж самага: «Скрыпяць мае лапці…».

Сёння нацыянальная інтэлігенцыя, як калісьці шляхта, мусіць супрацьстаяць уяўленням пра беларускі народ, як пра мужыка ў лапцях. Зноў гэты не самы багаты, але шматлікі і адукаваны пласт грамадства павінен узяць на сябе справу Вялікага нацыянальнага Адраджэння Беларускага народа.

Напрыканцы хацелася б паставіць некалькі рытарычных пытанняў для роздуму:

  • — Чаму кіраўнікі грамадстваў Старажытнай Грэцыі заклікалі народ супраць Персідскай пагрозы перадусім дзеля абароны зямлі і мовы?
  • — Чаму ў новастворанай дзяржаве Ізраіль палічылі неабходным уваскрасіць старажытнагабрэйскую мову (якая ужывалася толькі ў малітвах мінімум 2000 гадоў таму), а не дзейнічалі згодна прымаўкі прыстасаванцаў: «Так ужо склалася гістарычна»?
  • — Чаму ў пераважнай большасці ўсялякая экспансія, заваёва, акупацыя маюць за мэту перадусім знішчэнне роднай мовы мясцовага насельніцтва?
  • — Чаму ўсе нацыянальныя рухі пачынаюцца з барацьбы за сваю мову і за адметную нацыянальную гісторыю?
  • — Чаму чалавек, які займае дзяржаўную пасаду, можа безпакарана здзеквацца з дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, з нацыянальнай святыні свайго народа, зневажаць тое, што па закону, калі не па сумленні, ён павінен берагчы і бараніць?

Дзмітрый Шыманскі


[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Вінцук Вячорка
    Ответить

    Сп. Шыманскі, тэма важная, загаловак спрэчны. Але, незалежна ад гэтага, калі Вы жыўцом бераце гатовыя фрагмэнты чужых тэкстаў, у цывілізаваным сьвеце прынята пазначаць крыніцу.

    Thumb up 0 Thumb down 0

  2. dzedzich
    Ответить

    Сп. Вінцук.
    Артыкул гэты я рыхтаваў да друку яшчэ ў лістападзе 2003-га. Сапраўды на падставе тэкстаў розных аўтараў. Вось спасылка на бюлетэнь, дзе ён быў апублікаваны: https://dzedzich.org/wp-content/uploads/2009/09/24.pdf.
    З таго часу крыніцы, на якіх ён рыхтаваўся, на жаль, не захаваліся.
    У любым выпадку прашу прабачэння, бо памятаю, што і Вашы матэрыялы таксама выкарыстоўваліся для яго падрыхтоўкі. Але цяпер ужо не змагу аднавіць іх. Прасцей па-новай напісаць 🙂

    Thumb up 0 Thumb down 0

  3. Алесь
    Ответить

    Цалкам падзяляю боль спадара Шыманскага за нашу МОВУ. Але я веру, што яна жыцьме і гучацьме!

    Thumb up 0 Thumb down 0

  4. Regine
    Ответить

    Гутарка з аўтарам кнігі «Rock on-line» пра родную мову ў маскульце будзе сёньня (27.03.12) на 8-м тэлеканале ў праграме «Бульбокс» (23.25). Паўтор 30.03.12.

    Thumb up 0 Thumb down 0

  5. Regine
    Ответить

    Памылка. Паўтор перадачы «Бульбокс» з Мартыненкам не 30-га, а 29-га ў 23.05. Учора было строма!

    Thumb up 0 Thumb down 0

  6. Frapёr
    Ответить

    У каго не апынулася тэлевізара пад рукой, згаданая тут перадача «Бульбокс» стаіць у сеціве vimeo.com/39188206

    Thumb up 0 Thumb down 0

Адказаць на Frapёr Адмяніць адказ