Эпоха геаграфічных адкрыццяў прынесла «Старому» свету тытунь і каву. Калі адносна шкадлівага ўплыву тытуню ўсё было вырашана яшчэ ў мінулым стагоддзі, дык у навуковым і медыцынскім свеце аб карыснасці кавы спрачаюцца дагэтуль. Адно можна сказаць з дакладнай упэўненасцю — спажыванне недабраякаснай кавы шкадліва адбіваецца на вашым настроі.

Неяк нядаўна, прагульваючы сумную пару ці то па логіцы, ці то па філасофіі (пры ўсім маім захапленні навукамі, для мяне гэтыя прадметы мала чым адрозніваюцца), вясновым ветрыкам быў я занесены ў адну невялічкую кавярню.

І, каб хоць крыху забіць час ды адагнаць «агульную млявасць і абыякавасць да жыцця», вырашыў замовіць я сабе кубачак кавы. Надвор’е было веснавое, за вокнамі спявалі птушкі, ззяла сонейка і нічога не прадракала бяды (даруйце мне, калі ласка, гэтае лірычнае адступленне).

Адстаяўшы чаргу да касы (аказалася, што я не адзін такі красавіцкі, якому не сядзіцца на парах), атрымаў за пэўную суму грошаў пластыкавы «стаканчык» з субстанцыяй карычневага колеру на дне і накіраваўся да «забраніраванага» месца.

Я, канешне, ведаў, што кава ў барах — гэта не амброзія, не цудоўны нектар і нават не напой пераможцаў, але тое, што паўстала перада мной, было сапраўднай нечаканасцю.

Наконт водару гэтай вадкасці можна сказаць толькі адно — кава з водарам «цывілізацыі» (маю на ўвазе пах пластыку). Паглядзеўшы на колер змесціва «кубка» я нечакана для сябе прыгадаў радкі знаёмыя з дзяцінства: «Не ветер бушует над бором, не с гор побежали ручьи…». І ўзнікла ў мяне такое адчуванне, што гэтыя самыя «ручьи» ўсе да аднога нахабна збяжаліся чамусьці менавіта ў мой пластыкавы стаканчык.

Мне ўжо стала нават цікава: які смак будзе мець гэтая вадкасць. Набраўшыся адвагі, я пакаштаваў «эліксір».

Не тое, каб змесціва «стакана» было ўжо зусім немагчымае для спажывання, ці яшчэ нешта такое, але ж па смаку «кава» нагадвала старажытны напой, прыгатаваны па сакрэтным рэцэпце алхімікаў, дэгустацыйныя асаблівасці якога можна знайсці ў фантастычных кнігах і з дапамогай якога чалавек мог атрымаць вечнае жыццё (калі, канешне, выжываў).

Што адбывалася далей — гісторыя зусім для іншага артыкула, а для сапраўдных аматараў добрай кавы я прапаную некалькі «хатніх» (г. зн. апрабаваных мною ў хатніх умовах) рэцэптаў прыгатавання кавы.

«Стандартная» кава

1-2 чайныя лыжкі кавы на філіжанку вады. Давядзіце ваду да кіпення. Старанна апаласніце кіпнем кафейнік і пакладзіце ў яго палову падрыхтаванай порцыі парашку кавы. Заліце парашок кавы кіпенем і шчыльна закрыйце кафейнік.

Хвіліны праз дзве засыпце астатнюю частку парашку кавы і даліце вады да неабходнай порцыі. Падагравайце кафейнік на маленькім агню, але не даводзьце да кіпення. Праз пяць хвілін кава гатовая да спажывання.

Класічны рэцэпт

1 порцыя. У маленькі кафейнік — джэзву (аб’ём 100 см3) — кладуць 1 кавалак цукру, заліваюць свежай халоднай вадой і ставяць на агонь. Як толькі змесціва джэзвы закіпіць, кафейнік здымаюць з агню і засыпаюць 5-7 грамаў дробна молатай кавы. Перамяшаўшы лыжкай, ставяць на агонь і даводзяць да кіпення. Зняўшы з агню, дадаюць у джэзву вады і ставяць на агонь. Калі кава закіпіць, джэзву здымаюць з агню і ў гарачым выглядзе падаюць да стала. Пры неабходнасці ў каву дадаюць цукар.

Палаючая кава

Інгрыдыенты: 4 шклянкі вады; 60 гр. кавы; 80 гр. цукру; 80 гр. спірту або рому. Каву з цукрам засыпаюць ў кіпень, заварваюць і даюць час настаяцца. Разліваюць у кубкі. У палоўнік наліваюць спірт, запальваюць яго, пад час гарэння разліваюць ў кожную філіжанку і падаюць.
Адразу хачу абмовіцца, што ў мяне засталося яшчэ шмат добрых рэцэптаў кавы, так што заходзьце да нас у рэдакцыю — будзем частавацца!

А. СТОГРАМОВІЧ


[supsystic-social-sharing id="1"]