У беларускай вайсковай гісторыі ёсць дата, на наш погляд значна больш вартая называцца Днём абаронцаў айчыны, чым 23 лютага. 8 верасня 1514 г. беларусы ўшчэнт разбілі маскоўскае войска, якое амаль у тры разы пераўзыходзіла наша па колькасці ваяроў.

У ноч з 7 на 8 верасня 1514 года насупраць стану маскоўцаў пачалі шыхтавацца таемна перайшоўшыя кагадзе рэчку Крапіўну палкі гетмана Кастанціна Астрожскага — назаўтра ім суджана было назаўсёды увайсці у гісторыю як пераможцам у вялікай бітве, якая збераглася ў памяці нашчадкаў як «бітва пад Воршай».

Гэта бітва стала кульмінацыйным пунктам у пачатай на схіле 1512г. Масквой чарговай вайне за нашыя землі.

На досвітку маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў павялі палкі ў першую атаку. Дрэнную службу ваяводам саслужыла самаўпэўненасць — яны мелі амаль трохразовую перавагу (80 тысяч супраць 30) і кепска ўзаемадзейнічалі, нават не лічачы патрэбным дапамагаць адзін аднаму.

Спроба абыйсці наша войска і наляцець з тылу не ўдалася, і пасля поўдня маскоўскія ваяводы кінулі на праціўніка галоўныя сілы. Конніца Астрожскага завагалася, спыніла націск, а потым і наогул пакацілася назад.

Раптам яна знячэўку крута павярнула ўбок і расейская дваранская конніца апынулася перад пакінутымі ў засадзе гарматамі. Смяротны град артылерыі спыніў атаку. Конніца Астрожскага рассекла заваёўнікаў на часткі і рассеяла іх па шырокім прырэчным полі.

Бітва пад Воршай. Карціна невядомага мастака адлюстравала ў тым ліку і бел-чырвона-белыя сцягі нашых ваяроў.

Бітва пад Воршай. Карціна невядомага мастака адлюстравала ў тым ліку і бел-чырвона-белыя сцягі нашых ваяроў.

Ворагаў гналі і секлі яшчэ пяць вёрстаў. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві. Летапісы і хронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысяч. Чаляднін, Булгакаў-Голіца і яшчэ восем ваяводаў трапілі ў палон. Разам з імі ў руках пераможцаў апынуліся дзве тысячы «дзяцей баярскіх» і тры тысячы шэраговых воінаў.

Бліскучая перамога аддала ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства Літоўскага. Усе захопленыя маскоўцамі гарады, апрача Смаленску, былі вызваленыя.

Пачаў развальвацца накіраваны супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы таемны альянс Масковіі ды еўрапеўскіх дзяржаваў. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Княства і павярнулі сваіх коней у бок Масквы.

Пра выдатную перамогу, якой Астрожскі фактычна ўратаваў краіну ад чужынскага панавання, даведалася ўся Еўропа. Ёй быў прысвечаны спецыяльны лісток навінаў, выпушчаных ў Нюрнбэргу ў 1514г.

Аршанская бітва ўвайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змагання з нашмат пераважаючымі сіламі ворага.

Памяць пра слаўную перамогу ўвасобілася і ў старадаўняй беларускай народнай песні:

«…Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы уцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі…
…Слава Воршы ўжо ня горша
Слаўся, пан Астроскі!»

Дзень 8 верасня, як дзень слаўнай перамогі, неафіцыйна святкуецца цяпер як Дзень беларускай вайсковай славы.

З гістарычныга гледзішча ёсць куды больш падставаў адзначаць менавіта гэты дзень, як дзень абаронцаў Айчыны, чым дзень «масавава влітья дабравольцэв в Красную Армію» — 23 лютага.

Дык святкуйма Дзень абаронцаў Айчыны 8 верасня!!!

Іван Панасюк

[supsystic-social-sharing id="1"]