Калісьці, яшчэ за часамі СССР, было такое свята – Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. Як вядома, Савецкі Саюз паспяхова «ляснуўся», але свята засталося, хоць завецца яно цяпер па-іншаму – Дзень Абаронцы Айчыны.

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА падчас урачыстага маршу ля Менскага Беларускага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Чэрвень 1944г.

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА падчас урачыстага маршу ля Менскага Беларускага тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Чэрвень 1944г.

Дата – 23 лютага – таксама не змянілася, хоць прывязаная яна да дня «масавага ўліцця добраахвотнікаў у Чырвоную Армію ў 1918г. для абароны сацыялістычнай Айчыны» і жаданага прамога дачынення да гісторыі нашага Краю не мае.

Аднак мала хто ведае, што вышэйпамянёная дата ўсё ж «засвяцілася» і ў гісторыі нашага нацыянальнага войска. Акурат 23 лютага 1944г., гэта значыць 67 гадоў таму, Генеральны камісар Беларусі Курт фон Готберг падпісаў загад аб стварэнні Беларускай Краёвай Абароны (БКА) – нацыянальнай вайсковай фармацыі, прызванай змагацца з партызаншчынай і бальшавізмам.

Спачатку БКА мелася быць добраахвотніцкай фармацыяй, але прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (орган самакіравання – Л.Ч.) Радаслаў Астроўскі пераканаў немцаў абвясціць агульную мабілізацыю.

Маладыя вайскоўцы БКА перад адпраўкай на захад. Лета 1944.

Маладыя вайскоўцы БКА перад адпраўкай на захад. Лета 1944.

Гэты факт даволі спрэчны. Радаславу Астроўскаму часта ўпікаецца, што нібыта так ён хацеў выслужыцца перад немцамі, толькі і ўсяго. Насамрэч, не ўсё так проста.

Астроўскі меў перад сабой ясную мэту – вольную Беларусь, хай сабе і «пад апекай» Нямеччыны. У гэтых умовах абавязковая мабілізацыя была важнай палітычнай перамогай. Справа ў тым, што, паводле міжнародных законаў, Нямеччына не магла прымусова мабілізоўваць у сваё войска насельніцтва акупаваных тэрыторый.

І нездарма, нягледзячы на тое, што загад аб стварэнні БКА падпісваў фон Готберг, загад аб агульнай мабілізацыі ў БКА (6 сакавіка 1944г.) падпісаў сам Радаслаў Астроўскі. De jure гэта азначала, што новастворанае беларускае войска робіцца саюзнікам нямецкага, а не ўліваецца ў яго склад (што хутчэй за ўсё адбылося б пры добраахвотнай мабілізацыі).

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА. Чэрвень 1944г.

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА. Чэрвень 1944г.

Агулам да канца сакавіка было ўтворана 39 батальёнаў стральцоў і 6 батальёнаў сапёраў (усяго 21 628 чалавек). Яны выкарыстоўваліся ў асноўным для аховы камунікацый і барацьбы з партызанамі і не пасылаліся на фронт.

З цягам часу рабілася ўсё больш відавочным, што немцы прайграюць вайну. Лінія фронту набліжалася. Дзеля гэтага некаторыя жаўнеры, жадаючы абяліць сябе і не стаць ахвярамі паваенных рэпрэсій, пачалі пераходзіць да партызан. Тая частка салдат, якая не хацела жыць у «савецкім раі» і жадала прадоўжыць барацьбу супраць бальшавізму, адступіла разам з нямецкім войскам.

Бліжэй да канца вайны, зразумеўшы, што Гітлер прайграе, дзеячы Беларускай Цэнтральнай Рады пачынаюць пераарыентацыю на Альянс, спадзеючыся, што пасля перамогі над Германіяй Англія і Злучаныя Штаты абвесцяць вайну СССР. Астроўскі з паплечнікамі чыняць розныя перашкоды, імкнучыся не дапусціць, каб беларусы трацілі жыцці ў барацьбе, якая пачынае рабіцца бессэнсоўнай.

Ды і самі беларускія салдаты пры першай магчымасці імкнуцца перайсці на бок англа-амерыканскіх войскаў. Некаторыя з іх зноў узялі ўдзел у вайне, але ўжо на баку Альянсу (звычайна ў складзе польскіх фармацый).

Пасля заканчэння вайны БКА, як згуртаванне былых удзельнікаў ІІ Сусветнай вайны, цалкам уліваецца ў Беларускі вызвольны фронт – агульнабеларускую змагарную арганізацыю на чужыне.

У цяперашні час можна па-рознаму ставіцца да тых, хто супрацоўнічаў з немцамі ці змагаўся на іх баку. І сёння мы чытаем кнігі, выпушчаныя за савецкім часам, глядзім кінафільмы, дзе ўсё падзелена на «чорнае» і «белае», «нашых» і «фашыстаў». Між тым, трэба ўсведамляць, што за Саветамі гістарыяграфія была не навукай, а хутчэй палітыкай, абернутай у мінулае. Значэнне некаторых падзей перабольшвалася, некаторыя факты замоўчваліся, некаторыя – свядома скажаліся ці фальсіфікаваліся. Аб нечым мы даведваемся толькі цяпер.

Нельга адмаўляць таго, што сярод «калабарантаў» былі людзі, якія любілі свой край, жадалі яму лепшай долі і намагаліся нават ва ўмовах акупацыі штосьці зрабіць для яго. Перад няпростым выбарам: гітлераўская Нямеччына ці сталінскі СССР з розных прычын яны выбралі Нямеччыну.

Наўрадці мы можам іх за гэта асуджаць. Тыя ж, хто ваяваў у шэрагах БКА, таксама абаранялі свой Край ад ворага, бо бальшавізм быў ворагам беларускага народа. Дзякуй ім за гэта.

А нас усіх – з Днём абаронцы Айчыны!

Л. Чарэўскі

Ад рэдакцыі:

Гэта, відаць, і ёсць той выпадак, на які ўсе выданні пішуць на апошняй старонцы «Рэдакцыя можа не падзяляць меркаванні аўтараў і друкаваць артыкулы для далейшай палемікі».

Так што ласкава запрашаем чытачоў выказваць свае думкі адносна паднятай тэмы.

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА падчас урачыстага маршу. Чэрвень 1944г.

Выпускнікі камандзірскіх курсаў БКА падчас урачыстага маршу. Чэрвень 1944г.

[supsystic-social-sharing id="1"]