Дэпрэсняк давёў да таго, што вы пачалі вязаць? Апатыя да жыцця забівае, а настрой ніжэй за плінтус? А можа проста няма чым заняцца? СТОП! Ёсць рашэнне! Твой ратавальны жылет тут.

Вось некалькі свежых і незвычайных спосабаў заняць сябе. Можа, менавіта яны будуць вам даспадобы.

Геакэшынг (geocaching)

Геакэшынг (з грэч. «geo» — Зямля, з анг. «cache» — тайнік) — правабная гульня, у якую граюць ва ўсім свеце. Адначасова і вельмі старая, і зусім новая.

З даўніх часоў пошук скарбаў быў для чалавецтва забаўляльным заняткам, але толькі са з’яўленнем двух вялікіх адкрыццяў — інтэрнета і спадарожнікавай GPS навігацыі — гульня набыла масавы характар.

Сутнасць у тым, што адныя гульцы ствараюць тайнікі, пры дапамозе GPS вызначаюць іх каардынаты і выкладаюць іх у Сеціве, а астатнія — па гэтых каардынатах спрабуюць знайсці тайнікі. Скарб рэкамендуецца ствараць у месцах, якія ўяўляюць прыродную, гістарычную, культурную, геаграфічную цікавасць. Таму кожная кропка, адзначаная каардынатамі, валодае асаблівай прыцягальнай сілай не толькі для ўладальнікаў GPS, але і для людзей, каторыя цікавяцца гісторыяй роднага краю, геаграфіяй і да т.п.

Тайнікі бываюць розныя. Найбольш распаўсюджаны (традыцыйны) уяўляе сабой кантэйнер з накрыўкай, у якім знаходзяцца «скарбы» — дробныя прадметы (кружэлкі, касеты, цацкі, кнігі і да т.п.) і нататнік для тых, хто адшукаў тайнік. Гулец мае права адзначыцца ў нататніку і забраць любы прадмет з кантэйнера, але ўзамен абавязаны пакінуць раўназначны прадмет.

Пасля наведвання тайніка гулец павінен закрыць кантэйнер і, замаскіраваўшы, змясціць яго на першапачатковае месца. Застаецца толькі напісаць пра сваё наведванне ў інтэрнэтаўскай гасцёўні тайніка.

Геакэшынг — гульня, у якой могуць удзельнічаць усе ахвотныя незалежна ад узросту, полу альбо сацыяльнага становішча. У яе можна гуляць з сям’ёй, кампаніяй ці аднаму. Як вам такая ідэя?

Трафарэт (art of the cliche)

Мільёны гадоў чалавечай гісторыі захавалі самы просты і эфектыўны спосаб самавыражэння — адбітак далоні на сцяне пячоры, сцяне першабытнага прыстанішча. Гэты першы твор выкананы ў тэхніцы трафарэта (фарба нанесена вакол сілуэта).

Трафарэт — гэта вулічнае мастацтва, якое набыло маштабны характар. Нярэдка можна пабачыць знакі, сімвалы і малюнкі на сценах, зробленыя балончыкам з фарбай і трафарэтам. Сутнасць іх — жэст, які пакідае ўнікальны след. Выявы, што наносяцца на сцены, прымушаюць задумацца, яны выяўляюць вострыя сацыяльныя праблемы.

Аднак, на жаль, як і бальшыня відаў вулічнага мастацтва, трафарэт — гэта крымінальнасць. Закон разглядае яго як «псаванне» сцен. Усё гэта ператварае вулічны трафарэт у аб’ект пільнай увагі як з боку ўлады, так і простых грамадзян.

Буккросінг (bookcrossing)

Аб’яднанне людзей, якія зняпраўджваюць стэрэатыпы — менавіта так можна назваць буккросераў, бо ніколі ў гісторыі не было такога стаўлення да кнігаў.

Яны пакідаюць свае кнігі на вуліцы, каб кожны жадаючы меў магчымасць іх прачытаць. «Прачытаў — аддай другому» — менавіта гэтак гучыць дэвіз буккросераў.

Гэты рух узнік у 2001 годзе ў ЗША, пасля перамясціўся ў Еўропу. Ён быў цёпла сустрэты ў Італіі і Францыі, затым распаўсюдзіўся далей, ажно да Фінляндыі. Цяпер у свеце ў сістэме распаўсюду кніг зарэгістравана больш за 250 000 чалавек і 1 000 000 кніг.

Зарэгістраваўшы сябе і надаўшы кнізе спецыяльны нумар, вы пакідаеце яе ў загадзя прыдуманым месцы (кавярні, парку, вакзале, аўтобусе і г.д.), дзе любы чалавек можа ўзяць і прачытаць яе. Такім чынам, адбываецца «вызваленне» кнігі — уратаванне ад знаходжання яе на палічцы.

А былы ўладальнік кнігі заўсёды будзе ведаць пра яе перамяшчэнне, атрымоўваючы e-mail пра тое, у чые рукі яна патрапіла і як яна там апынулася. Другой, і ўскоснай, мэтай з’яўляецца ператварэнне ўсяго свету ў «вялізную бібліятэку».

Гэта выдатна: тыя, у каго няма грошай, змогуць чытаць харошыя кнігі, ды і хатнія бібліятэкі бессэнсоўныя — там столькі кніг, якія больш ніхто і ніколі не будзе чытаць. Карацей, бярыце адну-дзве кнігі з палічкі і далучайцеся.

Чындогу (chindogu)

Зубная шчотка на палец

Зубная шчотка на палец

Чындогу або шынтоку — гэта «Таварыства непатрэбных вынаходніцтваў» (з яп. «догу» — прыстасаванне, інструмент; «чын» — непатрэбны).

Сябры гэтай арганізацыі вынаходзяць толькі рэальна здзяйснімыя, але практычна бессэнсоўныя рэчы, а таксама ніколі не патэнтуюць і не прадаюць свае вынаходніцтвы.

Напрыклад, зубная шчотка на палец. Максімальная адчувальнасць пры чыстцы зубоў. Таксама можа прымяняцца ў вандроўцы ці падарожжы

Футболка (саколка) для часання спіны

Футболка (саколка) для часання спіны

Партатыўная «зебра» для пешаходаў, жадаючых пераходзіць вуліцу там, дзе ім захочацца.

Ліхтарык, што працуе ад сонечнай батарэі.

Стальная накладка з шыпамі для наскоў чаравікаў, каб вам не адтоптвалі ногі ў грамадскім транспарце.

Футболка (саколка) для часання спіны. Сапраўдным сябрам з’яўляецца той, хто прапануе пачасаць вам спіну. Аднак сапраўднай трагедыяй можа стаць тое, што часам ён не ў стане правільна вызначыць месца часання. Спецыяльная мапа дапаможа яму зрабіць дакладную наводку на аб’ект.

Закрывалка для рыбінае галавы, каб адгарадзіць повара ад траўмуючага позірку вачэй паміраючай рыбы.

У «Таварыстве непатрэбных вынаходніцтваў» цяпер каля 50 тысяч сябраў у Японіі і за яе межамі.
Вынаходніцтва настолькі пранікла ў побыт грамадзян, што нават гумар не абыходзіцца без вынаходніцтваў. Вы падрыхтаваны разумна жартаваць?

Хіліс (heelys)

Ролікавыя красоўкі — гэта хіліс. Прынцып дзеяння вельмі просты і геніяльны — неабходна зашчапіць ролік у пятку — і вы зможаце ехаць.

Цяпер не трэба пераабувацца, калі вы захочаце рухацца хутчэй, а калі паверхня не дазваляе каціцца — проста здыміце вашыя ролікі — і вы ізноў у звычайных красоўках. Два ролікі дыяметрам 35 мм змяшчаюцца нават у кішэні.

Вы можаце коўзацца ў памяшканнях — інстытут, школа, крама, дыскатэка, офіс і паўсюль, дзе ёсць прынамсі 2 метры вольнай прасторы. Ёсць мадэлі рознага дызайну і функцыянальнага прызначэння. Ёсць нават адмысловыя мадэлі з пластмасавымі ўстаўкамі на падэшве для скатвання па поручнях лесвіц!

Штогод продаж хіліс узрастае на 50-60%. Гэта становіцца сапраўднай моладзевай культурай. Праводзяцца чэмпіянаты свету па коўзанні на хіліс, шоу, дзе танчаць на хіліс.

Хіліс можна зрабіць і самому: два невялікія калёсікі (можна абцясаць ад скейта), плюс старыя красоўкі-скутэры; калёсікі павінны быць у пятцы.

Аляксандра Коўган

P.S. Аўтар гэтага артыкулу Аляксандра Коўган і трое яе сяброў трагічна загінулі амаль год таму: 8 сакавіка 2010г. Трагедыя здарылася падчас сыходу лавіны на перавале Тавайок (Мурманская вобл. РФ). Вечная памяць!

Артыкул «Далоў вышыванне ў вольны час!!!» — адзіны матэрыял, які паспела падрыхтаваць для «Дзедзіча» таленавітая энэргічная дзяўчына.

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

Дадаць каментарый