Кветкі са старажытных часоў не толькі ўпрыгожвалі побыт людзей, але і неслі з сабою шмат сімвалаў. Падарыўшы тую ці іншую кветку, можна было прызнацца ў каханні, выказаць захапленне, абурэнне, збянтэжанасць, папярэдзіць пра небяспеку і г. д. Тут іграла ролю кожная дэталь: колькасць кветак, іх колер, суседства з іншымі кветкамі, размяшчэнне лісця…

Натуральна, што калі кветкамі можна было «даслаць ліст», то імі ж можна было «адправіць адказ». Такая перапіска куды больш рамантычная і куды больш гаворыць сэрцу, чым звычайная.

Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што мова кветак нарадзілася ў эпоху рамантызму і на працягу больш як ста гадоў з’яўлялася неад’емнай часткай сентыментальных гульняў закаханых.

Кветкі дапамагалі закаханым весці маўклівы дыялог, выражаць складаную гаму перажыванняў. Напрыклад, гіяцынт па колькасці бутонаў «прызначаў» дзень спаткання, а званочак па колькасці кветак «удакладняў» нават гадзіну спаткання. Мова кветак на Усходзе склала цэлую навуку «селам», а лепшым «даведнікам» сімвалічнага значэння кветак прызнаецца японская экібана.

Значэнне кветкі

Азалія абазначае смутак, выкліканы адзінотай, гваздзікі спрабуюць упэўніць: «Нават калі між намі ўзнікаюць сваркі, я гатовы іх вырашыць!». Белы гваздзік выказвае давер, а чырвоны – палымяныя пачуцці. Букет бэзу выражае надзею на тое, што адрасат усё яшчэ прыхільны і добразычлівы.

Дзякуючы рамонкам можна даведацца, што Ваш сябар пакутуе, магчыма Вы занадта жорсткія з ім. Вось ён і цяпер варожыць: кахае – не кахае?.. Калі дзяўчыне дораць вяргіні – гэта знак смутнага непадзельнага кахання.

Англічане дораць сваім каханым браткі. Іх пачуцці могуць быць выказаны толькі пры дапамозе гэтых цудоўных кветак.

Кветкай, што ўвасабляе чыстае і светлае каханне, у многіх еўрапейскіх народаў да сённяшняга дня лічыцца белая акацыя – сімвал пяшчоты і надзея на новае спатканне.

У Нямеччыне і зараз лічаць ландышы гарантам шчасця ў сямейным жыцці.

Падораныя пралескі сведчаць пра нараджэнне першага кахання, дорачы канюшыну чалавек просіць, каб Вы выявілі нарэшце свае пачуцці, а паднесеныя васількі раскажуць Вам, што іх дарыцель даўно Вас кахае, але не мае смеласці прызнацца ў гэтым.

Званочкі – гэта прамое пытанне: «А якой гадзіне мы сустрэнемся?»

Стакроткі – кветкі маладых дзяўчат, варта падарыць іх, і дзяўчына без шматслоўных тлумачэнняў зразумее, што малады чалавек з кожным днём усё больш і больш адчувае ў ёй патрэбу.

Незабудка абяцае падтрымку ў горы і ў радасці, а сланечнік – адданасць і велізарнае шчасце ўдваіх.

Цюльпан – гэта знак, што дзеля каханых часам трэба пераадолець празмерны гонар і адшукаць кампраміс, і тады ружы, асабліва чырвоныя, стануць весткай шчасця, таму што яны – сімвал кахання.

Колер

Сваю ўласную сімволіку мае кожны колер кветкі. І пра гэта нельга забываць. Чырвоны колер абазначае жыццё, каханне, свабоду і, у той жа час, агонь, кроў, малінавы – сталыя адносіны, а ружовы – свежасць пачуццяў. Аранжавы колер кажа пра тое, што чалавек часам занадта ганарлівы і высакамерны, жоўты абазначае нявернасць і рэўнасць, фіялетавы – сяброўства. Блакітны колер – гэта чысціня, цнота, далечыня, а ліловы – сапраўднае, самаахвярнае каханне.

Смутак, бясконцасць і ў той жа час вернасць і надзейнасць выражае сіні колер. Букет сініх ірысаў, падораны каханай жанчыне, нагадае ёй, што ў яе ёсць на каго абаперціся. Мір, спакой і пасіўнасць сімвалізуе зялёны колер, аднак яго адценне, зеленавата-жоўты, выражае нянавісць, зайздрасць, нявернасць, таму не варта дарыць жанчыне зеленавата-жоўтую архідэю, каб не выклікаць падазрэнняў.

Белы – нейтральны колер, які моцна кантрастуе з усімі цёмнымі колерамі, ён пры-ўносіць святло, вяселле, асабліва ўзмацняе святочнае гучанне чырвонага. Ён сімвалічна ўспрымаецца як чысціня,  цнота; а ў некаторых краінах у сувязі з рэлігійнымі традыцыямі сінтаізму, будызму і некаторых іншых рэлігій – жалобу. Белыя кветкі добрыя ўсюды, яны знак пяшчоты, даверу. Чалавек, які любіць белыя кветкі, імкнецца да ідэалу, але яго лёгка па-крыўдзіць.

Чорны і карычневы колеры абазначаюць смутак, сур’ёзную ўрачыстасць, жалобу. Але гэта не азначае, што нельга дарыць кветкі гэтага колеру тым, хто іх любіць. З гэтым колерам трэба быць больш асцярожным. Чорныя ружы, напрыклад, добрыя толькі тады, калі яны да месца або іх вельмі любіць адрасат. Не варта дарыць іх занадта часта і не ў час.

Значэнне колькасці кветак

У кожнай кветкі і яе колера ёсць сваё значэнне. Шмат гаворыць таксама і колькасць кветак. Няцотная колькасць кветак надзяляе букет станоўчай жыццёвай энергіяй і гармоніяй. На мове кветак і ў лічбаў ёсць сакрэтнае значэнне, так што будзьце ўважлівыя…

  • 1 кветка – «Ты ўсё, што ў мяне ёсць!»
  • 3 кветкі – «Хачу з’ехаць з табой на край свету!»
  • 5 кветак – «Я кахаю цябе!»
  • 7 кветак – традыцыйна даруюць у дзень заручынаў.
  • 9 кветак – «Я паважаю цябе як сябра»
  • 10 кветак – «Хачу што-небудзь для цябе зрабіць»
  • 11 кветак – «Ты мой сябра»
  • 12 кветак – «Нам цяжка, але я думаю, што ўсё будзе добра»
  • 13 кветак – «Адчуваю да цябе нянавісць»

Быць можа, у сучасным экстравагантным свеце не месца такім дробязям, як мова кветак, але псіхолагі сцвярджаюць, што менавіта такія дробязі ствараюць настрой, няхай нават на падсвядомым узроўні. Думаецца, што мастацтва каму-нікаваць пры дапамозе кветак і ў наш час не страціла сваёй актуальнасці.

Кветкавы слоўнік

  • Архідэя – прыгажосць
  • Астра – прыгажосць хуткаплынная
  • Бальзамін – «мы з табою ў няроўных адносінах»
  • Барвінок – светлы ўспамін
  • Браткі – «не забывай пра мяне»
  • Вяргіня – гонар і павага
  • Дзьмухавец – «кажу праўду»
  • Жасмін – сяброўскія адносіны
  • Ірыс – «хачу табе нешта сказаць»
  • Лаванда – шчырасць, адкрытасць
  • Ландыш – вяртанне шчасця
  • Лілія – сарамлівасць, сціпласць
  • Магнолія – «хачу Вас кахаць»
  • Мак – сон
  • Мімоза – пачуццёвасць
  • Нарцыс – самаўлюбёнасць
  • Незабудка – шчырае пачуццё
  • Півоня – выхвалянне
  • Бэз – закаханасць
  • Флокс – узаемнасць, адзінства
  • Фіялка – сціпласць
  • Хрызантэма – адкрытасць, прыязнасць

Маленькі слоўнік кветак

  • Браткі – анютины глазки
  • Бэз – сирень
  • Вяргіня – георгин
  • Дзьмухавец – одуванчик
  • Званочак – колокольчик
  • Канюшына – клевер
  • Пралеска – подснежник
  • Стакротка – маргаритка

А. Лена


[supsystic-social-sharing id="1"]