Інструкцыя па выжыванні. Распрацавана спецыяльна для першакурснікаў.
Глядзіш на гэтых «жоўтароцікаў» і думаеш: «Няўжо і я такім быў?!» Быў, канешне ж быў, і не так даўно. Імкнуўся, жадаў, спрабаваў і — паступіў. Таму цяпер і самому хочацца, гледзячы ў бліжэйшае мінулае, нешта параіць, засцярожыць. Бо універсітэт — гэта не войска, тут малодшых не б’юць, тут ім дапамагаюць.

Асабліва любяць дапамагаць хлопцы старэйшых курсаў першакурсніцам. Ой, як любяць. І тым часам казаць: «Давай увечары сустрэнемся, я табе яшчэ пра «прэпадаў» раскажу, а калі хочаш, можам яшчэ ў мяне на кватэры фоткі паглядзець: на практыцы ў нас та­ко-о-о-е было…»

Дарэчы, дзяўчыны-старшакурсніцы не менш зацікаўлена глядзяць на маладзенькіх прывабных студэнцікаў, як вампіршы, жадаючы паспрабаваць свежае крыві. Даводзілася сам-насам сустракацца з такімі гісторыямі, таму кожнаму абітурыенту надалей раю заўжды насіць на шыі кавалачак чысныку і на ўсялякі выпадак, невялічкі асінавы кол. Прэзерватывы ў кішэні таксама не зашкодзяць. Засцерагайцеся.

У першакурснікаў-іншагароднікаў адразу з’явіцца і першая галаваломка: «Дзе жыць?» Калі ты не інвалід, не зялёны «чарнобылец», не прыехаў ажно з Камчаткі ці Чачэніі, а твой дзядзька не дэкан, пра драўляны ложак у інтэрнаце на першым курсе можна забыць. Не хвалюйся — свае 175 літраў гарэлкі ты там паспееш выпіць.

Жыць давядзецца з бабуляй, можа, і з яе сабакам, дзедам і катом, якія ўвесь час спрабуюць нагадзіць у твае тапкі, хіба акрамя дзеда: ён крыху інтэлегентнейшы. Будзеш рэгулярна слухаць маразматычныя маналогі той самай гаспадыні і, можа, нават спаць на адной канапе разам з такім жа як ты студэнцікам, плоцячы 60$ у месяц.

На 5 гадоў курылка (калі паліш) і сталоўка (калі ясі) стануць тваімі ўлюбёнымі месцамі. Пра сталоўку падрабязней. Паесці можна за 4-5 тысяч, але каб добра і нетаропка паесці, трэба спачатку ў час туды дабегчы. Бо стаянне ў чарзе, што пачынаецца ад дзвярэй, можа заняць увесь перапынак, а піхаць па-хуткаму ежу нікому не хочацца, ды і здароўе губляць неяк не прышпільна. Таму зрывацца з пар у сталоўку трэба адразу па званку. І хай лектар крычыць, што званок для яго, ведай — званок у першую чаргу для твайго страўніка.

Першы курс даволі натужны. І натужны па той прычыне, што выкладчыкі адразу пачнуць шмат патрабаваць, пужаць залікамі, сесіяй.

Не хвалюйся: калі ты не зусім дурань і не запужанае дзіцятка, калі паступіў, — значыць, нешта ведаеш.

Памятай, усе выкладчыкі маюць адну мэту: зацягнуць цябе па вушы ў навуку, і чым глыбей, тым лепей.

Ёсць тры варыянты:

а) паддацца правакацыі, пражыць 5 гадоў сярод кніжнага пылу бібліятэк, страціць добры зрок і здаровы колер твару, пажаўцець, як старонкі тых кніг, а напрыканцы стаць выдатным дыпламаваным перспектыўным лабарантам ці вясковым настаўнікам, зашуганым кніжным гуру;

б) забіць на навуку, выкладчыкаў, на лекцыях спаць на апошніх крэслах ці з пахмелу ўпотай пацягваць мінералку, выляцець на 3-м курсе і вярнуцца зноў у сваю вёску маладым перспектыўным трактарыстам;

в) быць у плыні ўсіх спраў, ведаць што, як і калі, але рабіць, у першую чаргу, што падабаецца ці ад чаго не адверцішся, жыць жыццём факультэта, але не забываць, што сёння сябры збіраюцца на бульвары ці што заўтра ў 15.00 залік па псіхалогіі. Тады напрыканцы атрымаецца малады спецыяліст са светлым позіркам і разуменнем, дзе працаваць і як жыць далей.

Каб расфарбаваць сваё жыццё, ва універсітэце ёсць шмат месцаў для ўвасаблення існуючых і нявызначаных магчымасцяў і талентаў. Гэта танцавальныя, музычныя, вакальныя, спартыўныя калектывы і секцыі, КВЗ, «Што, Дзе, Калі», студэнцкі клуб і тэатральная студыя. Сваімі сіламі праводзяцца дыскатэкі, фестывалі, святы і забаўляльныя мерапрыемствы. Але ты павінен сам знайсці сабе прытулак, цікавы занятак.

Калі ты наогул вычварэнец — завітай у БРСМ, туды прымаюць усіх. Можа лічыш: «Навошта мне гэта ўсё патрэбна!», тады яшчэ раз прачытай пункты а) і б) (уважліва прачытай). На «крайняк» можна паехаць у Камянецкі раён збіраць камяні з палёў (ёсць шанец няблага «падняцца»). А яшчэ — навучышся мастацтву пісаць чырвона-зялёныя валянцінкі, насіць транспаранты на дэманстрацыях і «стучаць» на сваіх сяброў за добрую адзнаку на заліку.

А калі ты «палітычны адмарозак», які патрапіў пад уплыў заходняй агентуры і твой улюбёны колер «бел-чырвона-белы» — заходзь у «Дзедзіч», Таварыства беларускай мовы, Задзіночанне беларускіх студэнтаў ці ў БНФ. Там у горных грузінскіх летніках па падрыхтоўцы баявікоў цябе навучаць, як з дапамогай аднаго дохлага шчура атруціць горад, як голымі рукамі заваліць дзесятак ўзброеных АМАПаўцаў і як пры дапамозе адной свечкі арганізаваць несанкцыянаванае шэсце. А калі сур’ёзна — пабачыш прыгожыя еўрапейскія гарады, знойдзеш сяброў і аднадумцаў (чытай пункт в).

Пра выкладчыкаў нічога сказаць не магу. Яны, як і студэнты, усе розныя. Ёсць і старыя маразматычныя прафесары, і маладзенькія сімпатычныя асістэнткі, і сур’ёзныя, патрабавальныя, якіх пачынаеш баяцца і слухаць, і стэрвозныя, вечна незадаволеныя, і добрыя, разумныя, як бацькі.

Павер, мой дружа, сустрэнеш і першых, і другіх, і апошніх, бо выкладчыкі прыходзяць і сыходзяць, а вось твае аднагрупнікі застаюцца.

У групе таксама адразу вызначы сваё месца, не згубіся сярод студэнцкага натоўпу, каб па заканчэнні універсітэта не сказалі: «А што гэта за Сярожа сядзіць тут, я нават і не памятаю, што з ім вучыўся.»

Павал Біланус

[supsystic-social-sharing id="1"]