Ці была Другая сусветная айчыннай вайной для жыхароў ганцавіцкага раёна? Нягледзячы на тое, што Беларусь была ўжо вызвалена і савецкія войскі паспяхова рухаліся далей на захад, вельмі складана праходзіла мабілізацыя ў Чырвоную Армію.

Прапагандысцкі плакат 1940-х гг.

Прапагандысцкі плакат 1940-х гг.

У 1944г. ў Пінскай вобласці, у якую ўваходзіў і Ганцавіцкі раён, 80% ваеннаабавязаных заявілі, што яны хворыя. Юнакі, каб не патрапіць у войска, упрысквалі пад скуру ядавітыя рэчы, прыкладалі ядавітыя травы.

Прычына ў тым, што сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі аб паражэннях савецкіх войскаў на захадзе, што немцы могуць вярнуцца.

У жніўні 1944г. у вёсцы Новы Рожан Барай М.А. гаварыла, што «немцы хутка вернуцца назад». У той жа вёсцы Жыбуртовіч Т. казала, што «Турцыя выступіла супраць Расеі, хутка прыйдзе турэцкае войска і вызваліць нас ад савецкай улады». У аддаленых вёсках хадзілі і не такія абсурдныя чуткі.

Тыя, каго прызывалі ў войска, часта выказвалі нежаданне ваяваць. Суднік В.Ф. з вёскі Чудзін 30 ліпеня 1944г., ад’язджаючы на мабілізацыйны пункт, казаў: «Куды мы паедзем, за што будзем ваяваць?».

Захарчэня Р.К. не жадаў з’яўляцца ў ваенкамат, кажучы: «Хай лепш мяне заб’юць дома, чым дзе-небудзь».

Існавалі выпадкі і адкрытага запалохванння прызыўнікоў. У вёску Крышылавічы ночу 31 ліпеня прыйшлі 6 узброеных чалавек ў форме і сказалі, каб людзі не ішлі ў Чырвоную Армію і што хутка зноў прыйдуць немцы. У выніку, з гэтай вёскі на прызыўны пункт не з’явілася 40 чалавек.

Былі і выпадкі дэзерцірства з Чырвонай Арміі. З в. Будча хаваліся ў лясах 4 дэзерціры. З в. Радзялавічы — 32 чалавекі,частка з іх была са зброяй.

Прапагандысцкі плакат 1940-х гг.

Прапагандысцкі плакат 1940-х гг.

Аб тым, як адносіліся людзі, якія хаваліся ў лясах, да савецкай улады, сведчаць некаторыя акцыі. У жніўні 1944г. НКУС заняўся справай знікнення члена Хатыніцкага сельсавета Анісімава. Ён знік без вестак, рухаючыся праз лес з в.Радзялавічы ў в.Хатынічы.

8 верасня з в. Радзялавічы рухалася група чырвонаармейцаў — 4 чалавекі пад камандаваннем старэйшага лейтэнанта. На 8-м кіламетры іх абстралялі. Адразу былі забітыя лейтэнант і адзін чырвонаармеец. Другі чырвонаармеец быў паранены і яшчэ адзін прапаў без вестак. У выніку, з Радзялавічаў хлебапастаўкі дзяржаве не паступалі.

Восенню 1944г. былі забітыя ўпаўнаважаны райкама КП(б)Б і райвыканкама Хаўруга і старшыня Чудзінскага сельсавета Шостак.

Якія ж меры прынялі улады? Восенню 1944г. у раёне быў арганізаваны знішчальны батальён з партыйнага складу і былых партызанаў колькасцю 50 чалавек. Для ўзбраення батальёну райкам прасіў абкам выслаць 20 аўтаматаў, 3 кулямёты, 27 вінтовак.

Батальён павінен быў вышукваць у лясах дэзерціраў, ухіляючыхся ад службы ў Чырвонай Арміі і ўсіх, хто па якой прычыне хаваўся ў лесе. Таксама батальён займаўся канфіскацыяй маёмасці ў дызерціраў.

Аб тым, што пагражала дэзерцірам, сведчаць лічбы вайсковага трыбуналу войск НКУС Пінскай вобласці. Усяго за другі квартал 1945г. у Пінскай вобласці было асуджана 137 дэзерціраў, з іх да вышэйшай меры пакарання (растрэл) — 19 чалавек, да катаржных работ — 6 чалавек, да пазбаўлення волі — 112 чалавек.

Падрыхтаваў Павел Дайлід

Антысавецкі плакат часоў 2-й сусветнай вайны

Антысавецкі плакат часоў 2-й сусветнай вайны

[supsystic-social-sharing id="1"]