Як праходзілі «выбары» ў Ганцавіцкім раёне 71 год таму.
Апошнія выбары паказалі, што сёння такая падзея ўжо нікога не ўражвае. Людзі настолькі прывыклі да безальтэрнатыўных выбараў, што ідуць на участак толькі для таго, каб паставіць крыжык, а не для таго, каб нешта змяніць ў сваім жыцці.

Тады ж, у далёкім 1940 г. людзі яшчэ на штосьці спадзяваліся. Гэта былі першыя савецкія выбары ў Ганцавіцкім раёне.

Агітацыйную кампанію ўлады разгарнулі тады актыўную. У раёне дзейнічалі больш за 300 агітатараў, праводзіліся сходы, мітынгі. Агітавалі, зразумела ж, за «блок беспартыйных і бальшавікоў». Іншай жа агітацыі і не магло быць ва ўмовах таталітарызму.

24 сакавіка 1940 г. урачыста прайшлі «выбары» ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР і БССР. У іх прынялі ўдзел 19815 чалавек з 19827, што склала 99,9%. Людзі ішлі на выбарчыя ўчасткі са святочным настроем, верачы ў тое, што выбары зменяць іх жыццё.

Аднак выбары не ўдалося правесці без пратэставых настрояў. Як зазначылі партыйныя дзеячы раёна, «наряду с большим политическим подъемом огромной массы избирателей, имелись и враждебные вылазки отрепья польского панства».

Праявіліся гэтыя «вылазкі» ў розных варыяцыях. Напрыклад, ва ўкідванні запісак у скрыні для бюлетэняў. Так, у скрыні на Малькавіцкім выбарчым участку была знойдзена цыдулка: «Дайце жыцця народу, бо іначай і ў Маскве не будзе вам месца, а не тое, што ў Заходняй Беларусі. Камуны не жадаем і быць не павінна».

У скрыні Ганцавіцкага участка: «Пакуль не позна, уцякайце з Беларусі і вярніце нашы землі, свабоду і сонечныя дні. Мы вас, чырвоных катаў, карміць сваім хлебам не будзем». Была і такая: «Камуны не жадаем і за бальшавікоў галасаваць не будзем».

Запіскі былі перададзены ў аддзяленне НКУС. Былі засведчаны факты, калі людзі праяўлялі адкрыты недавер да савецкіх выбараў: у вёсцы Будча Шпакоўская В. на выбарчым ўчастку са словамі: «няма чаго за іх галасаваць» дэманстратыўна выкрэсліла ўсіх кандыдатаў.

У Хатыніцкім сельсавеце перад выбарамі «вражескими элементами» быў разбіты бюст таварышу Сталіну І.В.

Недапушчальна было, калі кандыдатамі ў дэпутаты станавіліся «антысавецкія элементы». Так, кандыдытам ў дэпутаты Малькавіцкага сельсавета быў выстаўлены Сідаровіч В.Я. Як сцвярджаюць бальшавіцкія дакладныя, «выдвинула его кулацкая часть присутствовавших на собрании». Аднак у выніку ён «был изъят органами НКВД» напярэдадні выбараў.

Цікавымі з’яўляюцца звесткі аб складзе кандыдатаў у дэпутаты. Па Ганцавіцкім раёне ў мясцовыя саветы былі зарэгістраваныя кандыдатамі 36 чалавек. З іх 17 былі членамі камуністычнай партыі і камсамолу. 17 чалавек з 36 былі прыбыўшымі з усходніх абласцей. Гэта таксама сведчыць аб факце недаверу мясцоваму насельніцтву ў фармаванні органаў улады.

Прычыну ўсіх антысавецкіх праяў раённыя ўлады бачылі ў тым, што ў некаторых месцах «политмассовая работа была не на должной высоте». І гэта нягледзячы на яўку 99%!

Не ўсе з тых, хто прыйшоў на ўчасткі, прагаласавалі «правільна». На участку ў в. Будча пры падліку было выяўлена 75 галасоў супраць бальшавіцкіх кандыдатаў. І гэта ж у тых умовах рэпрэсій і запалохвання!

Выбары, якія прайшлі ў 1940г., павінны былі сведчыць аб дэмакратычнасці савецкай сістэмы. Але гэта быў фальш, за якім хаваўся таталітарны характар дзяржавы. І нельга забываць, што за тымі падзеямі хаваюцца сотні паламаных жыццяў.

Артыкул падрыхтаваны на падставе фондаў
Дзяржаўнага архіва Берасцейскай вобласці
Падрыхтаваў Павел Дайлід

[supsystic-social-sharing id="1"]