Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
КультураУ краіне

Каля ўсходніх межаў Беларусі…

Магілёў-Орша-Віцебск.
Беларусь – не Бельгія, не краіна, якую аб’едзеш за паўдні, дзе кожны горад па-свойму прыгожы, а ад старажытнай архітэктуры і таямнічага духу кружыць галаву. Беларусь іншая. Гэта мая краіна, дзе нарадзіўся, расту, але, у той жа час, уяўляю яе толькі па тых шаблонах, што былі закладзеныя ў школе, у сям’і, СМІ.

Ведаю, што ў кожным горадзе ёсць плошча Леніна, жоўтыя аўтобусы, шапікі Белсаюздруку, крамы з надпісамі “малако”, “каўбаса”, “хлеб” і заводы з дымлівымі трубамі. Такія нашы гарады звонку, калі спрабаваць вызначыць іх агульныя прыкметы. Але насамрэч іх можна падзяліць, класіфікаваць на агра  і не агра; сталічныя, абласныя, раённыя; заходнія і ўсходнія.

Зімовыя вакацыі сталі магчымасцю самому па­знаць, што там, каля ўсходніх межаў. Тым больш – тыдзень з каханай дзяўчынай у гатэлі, што яшчэ больш узбуджала маю свядомасць і вандроўны настрой.

Найбольш цікава і зручна падарожнічаць на цягніку. Добра, што ў Беларусі ўсе абласныя і больш-менш значныя гарады маюць чыгуначнае злучэнне.

Магілёў

З Менску накіроўваемся ў Магілёў, горад, які ў маім уяўленні заўсёды быў чымсьці страшным, бандыцкім, глухім і зусім невядомым.

Вячэрні горад сустрэў шырокімі праспектамі і сталіч­ным подыхам. Сталіца яшчэ больш выразна праяўляецца, калі глядзіш на Дом Саветаў і таварыша Леніна. Усё супадае з Менскам. І гэта не выпадкова.

Пасля Другой сусветнай вайны Магілёў, з-за вялікага руйнавання Менска, быў галоўным прэтэндэнтам на званне сталіцы. Тут нават пабудавалі будынак дзяржаўнага упраўлення, такі  ж, як і менскі Дом Урада.

Ёсць у горадзе і сваё “Метро”. Вядомы магілёўскі бізнэсмэн пад такой назвай трымае некалькі крамаў, бараў, газету і адзін з самых лепшых у краіне начных клубаў. У прыезджага складзецца ўражанне, што ў горадзе сапраўднае метро, бо шыльды з вялікай “М” красуюцца на кожным скрыжаванні.

Адзін з магілёўскіх дворыкаў

Адзін з магілёўскіх дворыкаў

Ведаю пра пешаходную вуліцу Савецкую ў Берасці, вы­датная стараеўрапейская вулачка з такой жа назвай ёсць і ў Гародні, але зусім нечакана мне было трапіць з вялікага праспекта на непрыкметную, быццам утоеную за будынкамі сталінскай архітэктуры вулачку Ле­нінскую, якая зусім не саступае ні адной з вышэй згаданых.

Шпацыраваць па ёй можна бясконца. Менавіта гэтая вулачка ўвабрала ў сябе ўвесь каларыт горада. Ад пачатку і да канца вядзе яна па гісторыі горада і сучасным яго жыцці, ад старажытных будынкаў 17-19 стагоддзяў з утульнымі кавярнямі да элітнай гімназіі, музычнай школы з помнікам Баху, да мастацкага музея ім. Бялыніцкага-Бірулі, салона прыгажосці і вясельнага атэлье, якіх у Маілёве, як нідзе шмат.

А цікавая шыльда мэблявай крамы “Мона Ліза” – спаць­­ на годным” сведчыць аб прысутнасці ў жыхароў горада багатай фантазіі.

Мона Ліза - спаць на годным!

Мона Ліза - спаць на годным!

Праявілася апошняя і на зорным пляцы, куды вядзе Ленінская. Зачараваны “звездочёт”, абкружаны дванаццаццю крэсламі, адпаведнымі дванаццаці знакам задыяку, спрабуе выканаць жаданні людзей, якія да бляску адшліфавалі пальцы яго рукі, хапаючыся за іх з мэтай загадаць сваё самае запаветнае жаданне.

Тут жа і корпус педуніверсітэта, які памятае студэнтам цяперашняга прэзідэнта, а побач і вокны інтэрната, дзе прэзідэнт жыў і фармаваўся ў сваіх перакананнях, гледзячы на вулачку з бліскучым брукам.

Горад утульны, у ім хочацца застацца, тут ёсць свой непаўторны дух, які выяўляецца ў дварах, кожны з якіх мае сваю назву і спецыфіку: Шаманскі, П’яны, Тульскі… І Маскоўскі, дзе ўзвышаецца мініяцюрны Крэмль і да гэтага часу “жывы Цой” (прынамсі, так гавораць над­пісы на яго сцяне). У культурным плане горад так­сама не памёр, гэтаму сведчанне – незвычайнай рас­кошы будынак драматычнага тэатру і шматлікія афі­шы аб бліжэйшых дзеях і канцэртах.

Магілёў так­са­ма завуць сталіцай беларускага рока. На мясцовым фі­ліяле “Нашага радыё” можна пачуць больш добрай бе­ларускай музыкі, чым на ўсіх астатніх FM-станцыях разам узятых.

Ад Магілёва да Віцебска ўсяго 200 км. Далейшы наш шлях ляжаў туды. Але па дарозе нельга было прапусціць буйны горад, размешчаны дакладна паміж двума абласнымі цэнтрамі.

Орша

Чаканні ўбачыць нешта выразнае і цікавае ў гэтым 100-тысячным горадзе не апраўдаліся. Сучасным і прыгожым у Воршы сапраўды можна назваць толькі чыгуначны вакзал. Горад хаатычна раскіданы, у цэнтральнай частцы складаецца з хрушчовак і старых габрэйскіх 2-х павярховых хатак з яшчэ савецкімі вітрынамі і любымі беларускімі назвамі крамаў: “Хвілінка”, “Вясёлка”, “Сонейка”.

З Воршай звязана імя Уладзіміра Караткевіча, тут жа размешчаны музей, які распавядае аб ягоным жыццёвым і творчым шляху. З павагі да вялікага чалавека варта, знаходзячыся ў Оршы, наведаць ягоную экспазіцыю кожнаму беларусу.

З усіх цэнтральных будынкаў выразна вылучаецца трохпавярховы з ярка-сінім надпісам “Міліцыя”. Аддзел унутраных спраў Аршанскага райвыканкама – вось з чым у мяне зараз асацыюецца Ворша, а яшчэ з маленькімі аўтобусамі “Пазікамі”, якія, як “Газэлі” у большасці гарадоў Беларусі, тут выконваюць ролю маршрутак.

Горад выглядае непрывабным і стомленым. На прывакзальнай плошчы, купляючы ў вусатай жанчыны ў брудным халаце піражкі, убачыў голуба, які сеў на прылавак і пачаў дзюбаць крошкі з падноса, дзе ляжалі выстаўленыя на продаж булачкі. У жанчыны гэтая карціна не выклікала аніякага здзіўлення.

Мабыць, у Воршы птушкі і людзі жывуць вельмі прыязна.

Такое ўражанне, што горад замёр. Ну а мы накіроўваемся далей.

Віцебск

Ужо з прывакзальнай плошчы горад пачынае здзіў­ляць. Спачатку трамваі, якія ў Віцебску з’явіліся значна раней, чым у Менску. Трамвайная лінія была пабудаваная ў 1898г. Віцебскі трамвай быў першым у Беларусі і адным з першых у Расеі.

Надзеі ўбачыць на гэтым выдатным транспарце ўсе асноўныя прыгажосці горада не спраўдзіліся, гарадскі цягнік прама з прывакзальнй плошчы накіраваўся ў глухую частку гораду. З’явілася адчуванне, што трамвайныя шляхі пракладзеныя па вёсцы.

На канцавой станцыі ў ціхім мікрараёне горада кандуктар папрасіў пакінуць вагон. Прыйшлося на аўтобусе ізноў вяртацца ў цэнтр.

Горад размясціўся па двух берагах буйной ракі Заходняя Дзвіна, якая аказала вялікае ўздзеянне на ландшафт горада. Віцебск нібы складаецца з буйных нізінаў і высокіх узвышшаў, на вяршынях якіх красуюцца пышныя будынкі тэатра, дамы культуры і інш.

На адной з такіх вяршыняў сустрэў цалкам незразумелае “тварэнне”. Перада мною ўзвышалася проста белая калона без подпісу і вызначанай выразнасці. Жартам даў ёй матэматычны назоў “Помнік паралелепіпеду”. Нізкія часткі таксама не пустуюць, у адной з такіх нізін размяшчаецца і галоўная канцэртная пляцоўка горада і фэсту “Славянскі базар”.

Яе страха з далечыні нагадвае шыкоўны мост. У горадзе насамрэч шмат мастоў, гэта і невялікія пешаходныя і вялізныя бетонныя.

Падняўшыся па адным з такіх мастоў, апынуўся каля высокага будынка, які знадворку нагадвае замак.  Помнік архітэктуры аказаўся ветэрынарнай акадэміяй. Прыемна, пэўна, вучыцца ў замку. Горад славіцца сваімі ВНУ, асабліва вылучаецца Віцебскі медуніверсітэт.

Па гэтай прычыне ў горадзе існуе і невялікая праблема: катастрафічны недахоп хлопцаў. Давялося асабіста ўпэўніцца ў гэтым, зазірнуўшы ў піцэрыю, дзе ў невялікай залі толькі мая сяброўка была з маладым чалавекам, то бок са мною. Вакол нас сядзелі адныя дзяўчыны, якія размаўлялі паміж сабою, чакаючы замовы. Цікава, як яны выходзяць з такой сітуацыі.

У Магілёве шмат салонаў прыгажосці, а вось Віцебск запомніўся вялікай колькасцю харчовых крам з аднолькавай назвай “Веста”.

Віцебск – радзіма сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Ён пражыў у гэтым горадзе каля 30 гадоў. Пазней іміграваў і больш ні ў Віцебску, ні ў Беларусі не быў ніколі, хоць пражыў 97 гадоў.

Помнік Марку Шагалу

Помнік Марку Шагалу

На ціхай вуліцы Пакроўскага, недалёка ад чыгуначнага вакзалу, знаходзіцца дом-музей мастака, па дарозе да якога немагчыма не заўважыць і помнік Марку Шагалу: се­дзя­чы ў фатэлі, мастак глядзіць у неба, дзе лунае яго ўмілаваная Бэла. Сам музей уяўляе сабою адноўлены інтэр’ер дома, дзе мастак пражыў раннія гады.

На жаль, сярод фотаздымкаў і асабістых рэчаў няма ніводнай карціны мастака. Усе яны за мяжой.

Блукаючы вулкамі вячэрняга Віцебску, можна набрысці на заапарк, на ратушу, на невялікі ціхі скверык з прыемнымі лавачкамі для пацалункаў і, у рэшце рэшт, апынуцца зноў каля стромкіх спускаў да ракі…

Паміж сталіцай і абласным цэнтрам, паміж абласным і раённым гарадамі шмат адрозненняў: не­дзе жывецца лепш, а дзесьці горш. Але ў кожным горадзе ёсць сваё непаўторнае, свае “разынкі”. Кожны чалавек годны таго горада, у якім ён жыве або марыць жыць.

Усе абласныя гарады ў Беларусі выдатныя і па праве носяць гэтае званне, у раённыя ж часта вялікія грошы не даходзяць, горш інфраструктура ды і магчымасцяў там меней. Але, як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца, і каб вырашыць якое месца варта вам упрыгожыць, пазнайце ўсе магчымыя варыянты.

Павел Белавус

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *