Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Моладзь

Пакаленне віртуальнага кахання

Каханне часцей за ўсё прыходзіць, калі яго зусім не чакаеш. Ты не чакаеш і не верыш, што вось гэты чалавек, які толькі што прайшоў побач, можа стаць тваім адзіным, для якога будзеш гатовы на ўсё. Галоўнае – пацвердзіць свае пачуцці.

Сустрэчы адбываюцца з намі заўсёды, у розных гарадах, розных краінах, а можа проста ў звычайным цягніку, дзе адзін едзе адпачываць, а другі вяртаецца дахаты з камандзіроўкі. Але гэтая галоўная сустрэча ўсё змяняе. І лёс, і далейшы сцэнар жыцця.

А зараз задумайцеся, што дазваляе гэтае каханне не згубіць, а падтрымліваць, не гледзячы на адлегласць і немагчымасць стала быць побач. Так, тэлефон. Новыя сродкі сувязі і інтэрнэт.

Толькі ўявіце, колькі бывала цікавых і незабыўных сустрэч у нашых бацькоў і ў бацькоў нашых бацькоў, якія не мелі працягу. Проста не было магчымасці падтрымліваць кантакт, альбо ён быў такім рэдкім, што з часам згас. А побач апынуўся чалавек, які проста быў побач. Там жа побач застаўся і назаўжды.

У пакалення маіх аднагодкаў усё зараз па-іншаму. Па-іншаму адбываюцца сустрэчы і растанні, рэальныя зносіны становяцца віртуальнымі, каханне падпарадкоўваецца электрамагнітным хвалям і лічбавым сігналам. Так, гэта дрэнна, бо жывыя зносіны, яны акрамя таго, што прыносяць нашмат больш задавальнення, яшчэ і вучаць, ствараюць пачуццё адказнасці. Яны падпарадкаваныя пэўным правілам.

Але ўсё ж такі, як бы ні хацелася, віртуальнасць сама знаходзіць чалавека. На змену знаёмствам на вуліцы або ў парку ўсё часцей прыходзяць сайты знаёмстваў, розныя чаты і форумы. Мабільны тэлефон, а з ім СМС, ММС. Інтэрнэт, а з ім ICQ, Skype, “В контакте”, электронная пошта не даюць нам спакойна жыць, прымушаючы ўвесь час глядзець на экраны розных памераў.

І на гэтых экранах нам усміхаецца блізкі чалавек, піша прыемныя словы і марыць аб блізкай сустрэчы. Менавіта гэты экран і немудрагелісты тэлефонны апарат становіцца неад’емнай часткай кахання, сувязным паміж двума сэрцамі.

Сёння ўжо нікога не здзівіш тым, што два чалавекі моцна кахаюць адзін аднаго, хоць знаходзяцца на адлегласці ў сотні кіламетраў. А ўсё таму, што лёгка і без напругі могуць перадаваць гэтыя пачуцці па электрамагнітных хвалях. І яны даходзяць, аб’ядноўваюць сэрцы.

Шмат сустракаецца пар сярод студэнтаў, якія вучацца ў розных гарадах, бачацца раз у месяц, але разумеюць, што не могуць адзін без аднаго, таму ўсё каханне перацякае ў суцэльную гутарку, дзе, як і ў жывых зносінах, здараюцца скандалы, інтрыгі, слёзы радасці і нават сэкс, але толькі па тэлефоне.

Такое каханне існуе, але ў хуткім часе, без жывога падмацавання, лёгка загіне. Значыць, тут усё не так і дрэнна – сродкі сувязі ўсё ж ідуць як дадатак, які выступае дапаможным кампанентам. Яны дапамагаюць змякчыць сам момант чакання і зрабіць сустрэчу больш яркай.

Дзякуючы навуковаму прагрэсу і тэхнічным дасягненням, каханне таксама набыло новыя магчымасці і атрымала іншы выгляд. Значыць, пакаленне людзей, якія жывуць і растуць у сучасным асяроддзі, зараз мае больш магчымасцяў для разумення кахання і пошуку менавіта таго непаўторнага чалавека. А калі знайшоў яго, то ўжо страціць будзе не так і страшна, бо яго тэлефон і электронны адрас заўсёды пад рукой.

Алесь Жолуд

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *