У наш час ва ўсім свеце ведаюць фотаапараты знакамітай фірмы «Кодак». Аднак сёння нават у Беларусі мала хто чуў, што ў адкрыцці «Кодака» маецца беларускі, а дакладней нават палескі след. У 2011 годзе спаўняецца 184 гады з дня нараджэння аўтара гэтага «следу» Уладзіслава Малахоўскага.

Уладзіслаў Малахоўскі

Уладзіслаў Малахоўскі

Нарадзіўся Уладзіслаў Малахоўскі ў 1827г. у маёнтку Маце на Кобрыншчыне. Скончыў Свіслацкую гімназію і Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін.

З лета 1863г. Малахоўскі ўваходзіў ў склад віленскага рэвалюцыйнага цэнтра, што ўжо рыхтаваў антырасейскае паўстанне, якое было ўзначалена Кастусём Каліноўскім. Да пачатку і падчас паўстання займаўся тэрорам у дачыненні да расейскіх высокіх чыноўнікаў у Вільні, альбо да іх мясцовых прыспешнікаў. З’яўляўся адным з найбліжэйшых памочнікаў К. Каліноўскага. Пэўны час (з перапынкам) Уладзіслаў Малахоўскі быў паўстанцкім начальнікам Вільні. Наладжваў кантакты з расейскімі рэвалюцыянерамі.

У 1864г., пасля паражэння паўстання, Малахоўскаму, як і многім іншым, давялося з’ехаць за мяжу. З 1866г., атрымаўшы ангельскі пашпарт, жыў у Лондане пад імем Леона Варнеркі. Тут ён пачаў займацца фатаграфіяй, якая на той час толькі з’яўлялася.

У гэтых умовах, былому Уладзіславу, а цяпер Леону, давялося ўдасканаліць сам працэс фатаграфавання. Дагэтуль, каб зрабіць здымак, для пачатку атрымлівалі адбітак на апрацаванай растворамі шкляной фотапласцінцы.

Пазней, удасканаліўшы згаданы метад, перайшлі да сухіх пласцінак. Але і ў першым, і ў другім выпадку гэта стварала вялікія нязручнасці, бо пласцінкі патрабавалі беражлівага абыходжання з сабой, а да ўсяго, іх было нязручна ўстаўляць у фотаапарат і даставаць адтуль. Малахоўскі ж прыйшоў да высновы, што пласцінкі можна замяніць спецыяльнай плёнкай, загадзя апрацаванай неабходнымі хімічнымі рэактывамі. Яго пленка лёгка скручвалася ў рулон, таму на ёй можна было рабіць ужо некалькі кадраў.

Гэтае адкрыццё выклікала сапраўдны пераварот у сусветнай фотасправе. Малахоўскі пачаў прапагандаваць адкрыццё, стварыўшы ўласную фоталабараторыю. Потым ён стварыў сваю лабараторыю і ў Расеі, і дабіўся такіх поспехаў, што ў 1882г. быў ўзнагароджаны на Усерасейскай выставе. Праз захапленне фатаграфіяй Малахоўскі кантактаваў нават з расейскім хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым.

Пры чым жа тут «Кодак»? А пры тым, што ў 1886г. амерыканец Джордж Істмэн запатэнтаваў фотаапарат, які выкарыстоўваў плёнку Малахоўскага. Назваў Істмэн свой апарат «кодак».
Вось такое цікавае жыццё пражыў Уладзіслаў Малахоўскі.

А памёр ён трагічна — застрэліўся. Гэта адбылося ў 1900г., пасля судовага разбіральніцтва наконт фальшывых грошай, што «ўсплылі» ў адным з філіялаў яго лабараторыі. Хутчэй за ўсё, яны былі падкінуты канкурэнтамі, якіх у таленавітага камерсанта-вынаходніка з’явілася вельмі шмат. А суд так і не здолеў знайсці доказаў віны Малахоўскага…

Павал ДАЙЛІД

Фотаапарат Малахоўскага

Фотаапарат Малахоўскага

[supsystic-social-sharing id="1"]