Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Замежжа

Нямеччына вачыма беларусачкі

Нямеччына… Што адразу прыходзіць на розум пры гэтым слове? Піва, футбол, сасіскі…
Але часцяком у беларусаў узнікаюць зусім іншыя асацыяцыі. У нашай свядомасці моцна ўкаранелі штампы з савецкага мінулага, закладзеныя яшчэ ў школе. Пры слове “Нямеччына” мы адразу ўзгадваем Гітлера, Вялікую Айчынную і г.д. Цікава, што зараз з сабе ўяўляе гэтая краіна?

Нягледзячы на шматлікія рэпарацыі і кантрыбуцыі, нягледзячы на ваенныя разбурэнні і кляймо “фашызму”, краіна змагла ачуняць і стала адной з самых паспяховых у Еўропе.
Вось некаторыя цікавыя назіранні за тыдзень вандровак па Нямеччыне:

1. Адукацыя

У адрозненне ад беларускай моладзі, нямецкія дзеці заканчваюць школу прыкладна ў 21 год. Таму для немцаў незразумела, як у 22 гады можна быць спецыялістам з вышэйшай адукацыяй. Атрымліваецца, што ўжо ў 17 ты павінен дакладна ведаць, у якой сферы хочаш працаваць усё астатняе жыццё. Але як 17-цігадовы падлетак можа вызначыцца, хоча ён быць музыкантам альбо фатографам і ці ёсць у яго на тое здольнасці.

Я не хачу ў 22 гады працаваць у офісе 8 гадзін у дзень, а студэнцкае жыццё дае свабоду“, – кажа Стэфан – студэнт Дрэздэнскага ўніверсітэта. Да 27 год можна лічыць сябе паўнавартасным маладзёнам і не задумвацца пра сям’ю, якую немцы не спяшаюцца заводзіць.

Цікава, што з нямецкага ўніверсітэта амаль немагчыма быць выключаным. Калі ты хочаш вучыцца – калі ласка. На здачу адной сесіі даецца цэлых 3 гады. А вось стыпендый як такіх у студэнтаў няма. За добрыя поспехі ты можаш атрымліваць гранты з розных фондаў, прыкладна ў памеры 600 эўра.

2. Жыллё

Што датычыцца студэнцкіх інтэрнатаў, то яны каштуюць у асноўным 100 эўра, таму многія аддаюць перавагу кватэрам. Дарэчы, чым бліжэй кватэра да метро ці да нейкай вялікай вуліцы, тым таннейшы будзе кошт. Таму ў самым цэнтры Берліна кватэру можна зняць літаральна за капейкі. Як і ва ўсёй Еўропе, у Нямеччыне вельмі дарагія камунальныя паслугі, таму стараюцца эканоміць і цяпло, і ваду.

3. Транспарт

Першы транспартны сродак, што кінуўся ў вочы – гэта ровар. Прычым катаюцца немцы на ім і зімой. Паўсюль можна пабачыць роварныя стаянкі, а ў цягніках ёсць адмысловыя “роварныя” вагоны. Дарэчы, цягнікі там ходзяць з такой перыядычнасцю, што на вакзалах няма залаў чакання. Сетка метро ў сталіцы вельмі развітая, можна даехаць практычна ў любы куток горада, адзінае, што квіток каштуе 2 еўра. Але ў самім метро няма турнікетаў, хочаш прабівай талончык, хочаш не, штраф за безбілетны праезд- 40 еўра, але нас за тры дні ні разу не праверылі 🙂

4. Ежа

Безумоўна, харчавацца ў шыкоўных нямецкіх рэстарацыях нам было не па кішэні, а вось кошты у розных фаст-фудах такія ж, як і ў Менску. Для нашага непры­стасаванага страўніка некаторыя прадукты (ёгурт, сыр) могуць падавацца “штучнымі” і без смаку. Кошты ў крамах вар’іруюцца: ёсць рэчы таннейшыя, чым у Беларусі, ёсць даражэйшыя. Цікава, што ў Нямеччыне ёсць звычайныя крамы, а ёсць Bio, дзе кошты большыя у тры разы, затое усё 100% натуральнае.

5. Жанчыны

Шмат розных жартаў існуе пра нямецкіх жанчын. Іх быццам бы знешнюю непрывабнасць спісваюць на наступствы інквізіцыі. Маўляў, даўным-даўно ўсіх прыгожых дзяўчын абвінавацілі ў вядзьмарстве і спалілі на вогнішчы. Так яно ці не, сказаць складана, але пэўныя адрозненні паміж нашымі прадстаўніцамі прыгожага полу і нямецкімі фрау мы заўважылі.

Маладыя дзяўчыны абсалютна “не заганяюцца” з нагоды свайго знешняга выгляду, яны аддаюць перавагу спартоваму стылю, у якім ім папросту зручна. На вуліцы мы не заўважылі ніводной кабеты ў спадніцы ды на абцасах. А вось жанчыны “бальзакаўскага ўзросту” наадварот, выглядаюць вельмі дагледжанымі, не кажучы ўжо пра бабулек. Нямецкіх бабулек нашым трэба ставіць у прыклад.

Такое ўражанне, што жыццё ў іх толькі пачынаецца. Яны апранутыя з іголачкі. З такой фрызурай, макіяжам і ўпрыгожаннямі іх хочацца размясціць на вокладку глянцавага часопісу. І выгляд у нямецкіх пенсіянерак шчаслівы.

У канцы хацелася б дадаць, што сучасная Нямеччына з’яўляецца надзвычай сацыяльна арыентаванай краінай, надзвычай прагрэсіўнай і бурлівай. Там можна пабачыць жыхароў з любога кутка свету, пачынаючы з Бразіліі і заканчваючы Аўстраліяй. Усе там адчуваюць сябе ўтульна, а такая страшэнная з’ява, як эканамічны крызіс, на мой погляд, у Нямеччыне ніяк не праяўляецца.

Усмешка СОНЯ


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *