Кожнага з нас, асабліва ў ранняй маладосці, часам апаноўваюць думкі: «Вось бы з’ехаць куды-небудзь на нейкі час… абстаноўку памяняць… адпачыць ад звыклых спраў… новага чаго-небудзь паспрабаваць… Вось бы вырвацца з гэтага замкнёнага кола паўсядзённасці… свет пабачыць!»…

Але — думкі такія найчасцей застаюцца думкамі, а мары  марамі. Паўстае гара праблемаў і пытанняў, на якія, здаецца, няма адказу. Дзе ўзяць грошы? Як атрымаць візу? Як знайсці жыллё? Як уладкавацца на працу? Як пратрымацца ў незнаёмай краіне, тым больш, калі ня ведаеш мовы яе жыхароў? Падумаеш, памарыш і вяртаешся да звыклага ладу жыцця, да знаёмай рэчаіснасці. І зноўку ўсё па замкнёным коле.

Але на гэтыя пытанні ўсё ж існуе адзін агульны адказ. I ён вельмі просты — усяго тры літары — EVS, альбо European Voluntary Service, што ў перакладзе на беларускую мову значыць Еўрапейскі Валанцёрскі Сэрвіс.

«EVS»

EVS — праграма, створаная Еўрапейскай Камісіяй у рамках больш шырокай праграмы «Youth in Action» («Моладзь у дзеянні»), якае дае магчымасць маладым людзям з’ехаць за мяжу на перыяд ад трох месяцаў да году, каб працаваць на карысць грамадства. Гэта можа быць праца з дзецьмі, моладдзю, альбо старымі людзьмі, праца ў школе,  музеі, тэатры, і г.д. Асноўнае, што варта ведаць аб праграме

EVS:

— прыняць у ёй удзел можа кожны чалавек ва ўзросце 18-30 гадоў;

— удзел у праграме бясплатны;

— ты працуеш некалькі гадзінаў у дзень, маеш выходныя і вакацыі;

— за працу ты не атрымліваеш грошаў;

— падчас знаходжання ў іншай краіне запэўнены сродкі на пражыванне, харчаванне, страхоўку, кішэнныя грошы, грошы на праезд у грамадскім транспарце, а таксама курс мовы той краіны, у якой ты знаходзішся.

Каб стаць удзельнікам такой праграмы, зусім не абавязкова быць выдатнікам ва універсітэце, ці мець нейкія іншыя заслугі перад Бацькаўшчынай:) Быць студэнтам таксама зусім не абавязкова. Дастаткова быць маладым, актыўным, поўным энергіі, ідэй і ведаць, чаго ты хочаш.

Лепш за ўсё, калі ты ўжо браў удзел у некаторых відах грамадскай актыўнасці ў сваёй краіне і з’яўляешся сябрам нейкай грамадскай арганізацыі. Тады табе не трэба мэтанакіравана шукаць арганізацыю, якая будзе займацца тваёй адсылкай на валантарыят (так званая sending organisation).

Трэба толькі вырашыць, чым канкрэтна ты хочаш займацца, выбраць краіну і знайсці ў ёй арганізацыю, якая можа прапанаваць такога роду дзейнасць. Калі арганізацыя адобрыць дасланае табой CV, яна стане тваёй прымаючай (hosting) арганізацыяй.

Каардынуе сувязь паміж вамі так званае Нацыянальнае Агенцтва Праграмы «Моладзь у дзеянні». У Беларусі яго няма, але ёсць у кожнай краіне Еўразвязу і ў некаторых краінах за яго межамі.

Нацаянальнае Агенцтва прымае (альбо не прымае) заяўку ад hosting organisation на ўтрыманне валанцёра і кіруе ўсімі арганізацыйнымі і фінансавымі справамі падчас побыту валанцёра. Так, напрыклад, яно арганізуе трэнінгі, на якіх ты знаёмішся і наладжваеш кантакт з іншымі валанцёрамі, якія прыехалі ў тую самую краіну.

Што можа даць табе EVS?

Паспрабую растлумачыць на асабістым прыкладзе.Па-першае, я не выбіраў EVS, як гэта робіць большасць маладых людзей, але EVS выбраў мяне.

Я быў студэнтам 4-га курсу, калі атрымаў прапанову ад «Дзедзіча» паехаць на валантарыят у Польшчу. Тады я не ведаў, што такое EVS, як амаль ніхто ў нашай краіне. Я толькі ведаў, што ў выпадку, калі згаджуся, буду жыць цэлы год у Польшчы і працаваць на карысць некаторых моладзевых праектаў.

Таксама я ведаў, што мой побыт будзе цалкам аплочаны. Мне было цяжка прыняць рашэнне, але я прыняў яго цягам некалькіх гадзінаў. І цяпер, калі мой праект  EVS застаўся ў мінулым, я ўпэўнены — гэта было самае канструктыўнае, плённае і важнае рашэнне ў маім жыцці.

Чаго я дасягнуў?

Першае маё дасягненне тычыцца працы, якую я выконваў. Хаця ці  можна і ці варта называць працай дзейнасць, якая прыносіла мне столькі задавальнення? Справа ў тым, што разам з іншымі маладымі людзьмі я ствараў кароткія моладзевыя фільмы. Мая «праца», такім чынам, датычылася напісання сцэнароў, відэаздымкаў, мантажу. І за год я шмат чаму навучыўся. Больш за гэта, я зразумеў, што такая праца — тое, што мне сапраўды падабаецца і тое, з чым бы я хацеў звязаць сваё жыццё.

Другая файная рэч, з якой я сутыкнуўся — гэта шматлікія знаёмствы з новымі людзьмі. На працягу свайго праекту я сустракаў людзей, у першую чаргу моладзь, з усёй Еўропы і такім чынам меў выдатную магчымасць пазнаваць эўрапейскую ментальнасць. І галоўная рэч, якую я зразумеў, — гэта тое, што еўрапейцы — вельмі прыемныя людзі, а ў нашай краіне існуе вялікая колькасць забабонаў і стэрэатыпаў наконт іх. Мне пашчасціла пасябраваць з некалькімі заходне-еўрапейцамі, і гэты факт даказвае, што няма межаў паміж нашымі ментальнасцямі, мы можам разумець адзін аднаго і станавіцца блізкімі сябрамі.

Трэцяе, што прынесла мне шмат уражанняў падчас майго праекту — гэта вандраванне. Я вандраваў шмат па ўсёй Польшчы, і мне падаецца, што амаль кожны паляк можа мне пазайздросціць. Я наведаў найбольш слынныя і прыгожыя мясціны Польшчы, усе буйныя гарады і значныя мемарыялы, і, канешне, я адпачыў на беразе Балтыйскага мора і ў гарах. І я прыйшоў да высновы, што Польшча — магутны край з цікавай гісторыяй, багатай культурай, выбітнай архітэктурай і прыгожай прыродай.

Наступная рэч, пра якую варта ўзгадаць — вывучэнне польскай мовы. Было вельмі цяжка на пачатку, але праз некалькі месяцаў пастаяннай практыкі размоваў па-польску (у паўсядзённых стасунках з палякамі) пачаў усё разумець і нядрэнна размаўляць, а прыкладна праз паўгады размаўляў ужо зусім свабодна. Веданне мовы дапамагала мне лепш разумець палякаў, іх характар і ментальнасць, а таксама сябраваць з імі.

Але самае важнае, што прынес мне EVS — неверагодны асабісты досвед. Упершыню мне давялося жыць так доўга далёка ад бацькоў. Я шмат вучыўся — як планаваць бюджэт, весці гаспадарку, самастойна вырашаць праблемы. Незалежнае жыццё зрабіла мяне больш адказным і ўпэўненым у сабе, больш сабраным і дысцыплінаваным. Я меў магчымасць­ паляпшаць свае камунікатыўныя навыкі і практыкаваць замежныя мовы, вучыўся ўзаемадзейнічаць з людзьмі, пазнаваў іх характары і ментальнасць.

Такім чынам, EVS адкрывае перад табой шмат магчымасцяў, і часам цяжка нават уявіць, якіх. Я лічу, што паўдзельнічаць у праграме EVS — карысна і вельмі важна, асабліва калі хочаш зрабіць перапынак паміж нейкімі важнымі падзеямі ў жыцці; калі патрэбны адпачынак, новыя ўражанні, час на ўдасканаленне самога сябе. Ці я выбраў правільны накірунак у жыцці? Ці я раблю тое, што мне насамрэч падабаецца? Ці я ўмею размаўляць з людзьмі і ці я іх увогуле разумею? EVS можа даць адказ на шмат пытанняў. EVS — гэта файная магчымасць адпачываць, вандраваць, знаходзіць новых сяброў, адкрываць і пазнаваць свет.

Спасылкі па тэме:

Вікіпедыя

Еўрапейская камісія, праграма «Моладзь у дзеянні»

Ян БЕЛАРУС

[supsystic-social-sharing id="1"]