Задалі не так даўно наведвальнікі нашага сайта пытанне. Чаму наш горад называецца Берасце? Чаму не Брэст ці не Бярэсце? Давайце паспрабуем разам знайсці адказ на гэта пытанне, а заадно пройдземся гістарычнымі этапамі развіцця Берасця.

Калі ўпершыню згадваецца горад Берасце, якая яго ранняя гісторыя?

Упершыню горад згадваецца пад назвай Берестье (бел. Берасце) ў 1019г. у «Аповесці мінулых гадоў». Узнік ён на тэрыторыі рассялення ўсходнеславянскага племяннога аб’яднання дрыгавічоў. Горад быў буйным гандлёвым цэнтрам Кіеўскай Русі на мяжы з польскімі ўладаннямі. У ХІ — ХІІ стагоддзях горад належаў тураўскім, кіеўскім, уладзіміра-валынскім і галіцка-валынскім князям. У 1020 годзе быў захоплены польскім князем Баляславам Храбрым, у 1044г. Яраслаў Мудры вярнуў Берасце ў Кіеўскае княства.

У выніку археалагічных раскопак было выяўлена Берасцейскае гарадзішча (на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці). Былі раскапаны вуліцы з драўляным насцілам, рэшткі больш як 200 жылых і гаспадарчых пабудоў. Сёння частка з іх закансервавана і знаходзіцца ва ўнікальным музеі «Берестье», які і дазваляе нам сёння праз стагоддзі зазірнуць у раннюю гісторыю горада. А гісторыя Берасця нават ХІ-ХІІІ стагоддзяў сведчыць аб яго шпаркім развіцці і трывалых гандлёвых адносінах з самымі рознымі краінамі як на Захадзе, так і на Усходзе.

Як адбывалася развіццё Берасця ў складзе Вялікага княства Літоўскага?

У склад ВКЛ Берасце ўвайшло ў 1319г. у час праўлення вялікага князя Гедыміна. Потым горад часова пераходзіў да Польшчы, у 1379г. яго разрабавалі і спалілі тэўтонскія рыцары.

У 1390г. Берасце першым сярод сучасных беларускіх гарадоў атрымала Магдэбургскае права на самакіраванне. Гэтае права звычайна надавалася як заахвочванне да лепшага парадку і развіцця горада, а таксама як узнагарода мяшчанам за іх заслугі.

Магдэбургскае права зрабіла Берасце самастойнай адміністрацыйнай адзінкай са сваімі атрыбутамі — тэрыторыяй, грамадзянствам, інстытутамі ўлады і суда, гербам, падатковай сістэмай і г.д. Уся ўлада ў горадзе належала органам гарадскога самакіравання. У казну горада ішлі даходы ад гандлю. Мяшчане Берасця мелі эканамічныя льготы, вызваляліся ад некаторых падаткаў. Карацей, Магдэбургскае права надало штуршок для больш хуткага развіцця сярэднявечнага Берасця.

Значэнне Берасця як геапалітычнага цэнтра ў скла­дзе ВКЛ было вялікім. Аб гэтым сведчыць тое, што менавіта ў Берасці ў 1409г. вялікія князі Ягайла і Вітаўт разам з татарскім саюзнікам Саладзінам абмяркоўвалі план выправы на крыжакоў.

Так што без сумнення можна сёння заявіць, што план перамогі над тэўтонамі пад Грунвальдам каваўся яшчэ на гэтай нарадзе ў Берасці.

У 1441г. прывілеем Берасце было аднесена да галоўных гарадоў ВКЛ.

Фрагмент гравюры Э. Дальберга “Аблога Берасця шведскім войскам” (1657г.)

Фрагмент гравюры Э. Дальберга “Аблога Берасця шведскім войскам” (1657г.)

У 1553г. берасцейскі стараста М. Радзівіл Чорны заснаваў тут кальвінскі збор і першую на тэрыторыі сённяшняй Беларусі друкарню, якая ў 1563г. выдала так званую «Берасцейскую Біблію», што на той час была адным з найлепшых выданняў у ВКЛ і Польшчы.

У 1596г. у Берасці была заключана царкоўная ўнія, пагадненне пра аб’яднанне праваслаўнай царквы з каталіцкай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Увогуле, у ХІV-ХVIII стагоддзях у Берасці існавалі касцёлы і кляштары аўгусцінцаў, бернардзінаў, брыгітак, дамініканаў, трынітарыяў, уніяцкія цэрквы і манастыры.

У 1615г. у Берасці з’явілася езуіцкая місія, пры якой з 1633г. дзейнічаў Берасцейскі езуіцкі калегіум.

У 1653г. у Берасці засядаў сойм Рэчы Паспалітай — тагачасны парламент нашай дзяржавы.

А ў 1665-1666гг. у Берасці працаваў нават манетны двор, які за год выпусціў медных солідаў на суму больш чым 2,5 мільёна злотых.

Як сталася, што першапачатковая назва Берасце знікла, а з’явілася сучасная Брэст?

Па адным з тлумачэнняў, назву Брэст горад атрымаў праз спецыфіку польскай мовы — польскі варыянт назвы запісваўся як Brzesc, потым ён быў перанесены ў рускую мову (ХІХ ст.) як Брест, потым — у беларускую як Брэст. Таксама ў Расейскай імперыі ўжывалася назва Брэст-Літоўск. У 1921г. горад атрымаў новую назву — Брэст-над-Бугам, якая праіснавала да 1939г.

Якія змены перажываў горад пасля ўваходжання нашых зямель у склад Расейскай імперыі?

Берасце трапіла ў склад Расеі ў 1795г. паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі горад страціў Магдэбургскае права. Справа ў тым, што гарады Расейскай імперыі такога права ніколі і не мелі.

А ў 1830-1840-х гадах Берасце было разбурана, на яго месцы была збудавана Берасцейская крэпасць. Яшчэ і сёння многія даследчыкі, нават энцыклапедыі аб гэтым гавораць вельмі суха: горад быў перанесены на 3 кіламетры на ўсход, а на яго месцы збудавалі крэпасць.

Аднак гэтую падзею трэба разглядаць як адну з самых трагічных старонак гісторыі горада. Берасце з ягонай унікальнай еўрапейскай забудовай было знішчана, бо не ўпісвалася ў традыцыі расейскай архітэктуры. Таму царызм і вырашыў сцерці непаўторную адметнасць горада, пабудаваўшы крэпасць у імперскім духу і горад у іншым месцы з тыпова расейскай забудоваю.

Якія падзеі навейшага часу займаюць важнае месца ў гісторыі Берасця?

Трэба адзначыць, што ў ХХ ст. Берасце было таксама арэнай важных падзей. У 1918г. ў Брэст-Літоўску быў заключаны мірны дагавор Савецкай Расеі з Нямеччынай і яе саюзнікамі. Гэты мірны дагавор фармальна завяршыў перыяд удзелу Расеі ў Першай сусветнай вайне. Паводле гэтага дагавору значная частка Беларусі (у тым ліку і Берасце) адышла да Нямеччыны.

У 1919г. Брэст быў заняты польскімі войскамі і паводле Рыжскага дагавору (1921г.) разам з заходнебеларускімі землямі знаходзіўся ў складзе Польшчы. Падчас польскай акупацыі Берасце пачалі называць Брэст-над-Бугам.

А ў 1939г. горад быў захоплены немцамі падчас іхняга паходу на Польшчу. Аднак, згодна з сакрэтным пагадненнем паміж фашысцкай Нямеччынай і камуністычным СССР аб размежаванні сфераў уплыву, 22 верасня 1939г. Берасце было перададзена Савецкаму Саюзу. Дарэчы, у тым 1939г. у Берасці адбыўся сумесны нямецка-савецкі парад, падчас якога нямецкія і савецкія камандуючыя нават абмяняліся сцягамі.

Але ўжо ў 1941г. былая хаўрусніца Савецкага Саюза Нямеччына парушыла дагавор і распачала аперацыю «Барбароса», падчас якой Берасце адным з першых зведала ўдар нямецкай ваеннай машыны. А гераічная абарона Берасцейскай крэпасці стала старонкай мужнасці ў савецкай гісторыі.
У 1965г. крэпасці было нададзена ганаровае званне «крэпасць-герой». І ў 1969-1971гг. на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці быў утвораны мемарыяльны комплекс, які ўвекавечыў подзвіг яе абаронцаў.

Павел Дайлід

Крыніца:  Дзедзіч №56

[supsystic-social-sharing id="1"]