Два лёсы ў эпапеі савецкіх канцлагераў…  7 лістапада адзначаецца вялікая дата ў календары сусветнай гісторыі — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. На працягу значнай часткі ХХ стагоддзя гэтая дата была чырвоным днём календара ў краінах савецкага лагера.

З падзеннем СССР адзначаць гэтую падзею як свята перасталі большасць постсавецкіх краін, у тым ліку і Расея. Пакінулі сабе “чырвонае свята” толькі Кыргызстан і Беларусь.

Крывавае свята

У Беларусі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, як гэта ні парадаксальна гучыць, адзначаецца недалёка ад свята памінання продкаў, якое ў народзе называюць “Дзяды”.

У чым жа тут парадокс? А ў тым, што бальшавіцкі рэжым, які прыйшоў да ўлады ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, стаў прычынай тысяч, нават соцень тысяч бязвінных ахвяраў.

Ужо пачынае забывацца сэнс таго страшнага слова — “рэпрэсіі”, якое ўжывалася ў дачыненні да людзей, асуджаных у СССР да канцлагераў або прыгавораных да смяротнага пакарання. Хаця многія гісторыкі сёння лічаць, што няправільна ўжываць слова “рэпрэсіі”, больш правільным азначэннем з’яўляецца “чырвоны тэрор”…

Узгадайце савецкі плакат — “Советский суд — суд народа”. Мелася на ўвазе, што народ у СССР з’яўляецца крыніцай правасуддзя. Але, насамрэч, асуджаным быў менавіта народ.

Старэйшыя жыхары вёскі Стайкі Івацэвіцкага раёна, 89-гадовы Апанас Іванавіч Трафімчык і 93-гадовы Аляксандр Якаўлевіч Валінскі, якія жывуць па суседстве, падчас савецкага рэжыму таксама пакаштавалі цяжар лагернага жыцця.

Хуліган? У Сібір!

Аляксандр Валінскі (злева) і Апанас Трафімчык

Аляксандр Валінскі (злева) і Апанас Трафімчык

Апанас Іванавіч Трафімчык у 1940 годзе, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, быў сасланы ў горад Салікамск за дробнае хуліганства (пабіўся на танцах з аднавяскоўцам).

“Завязлі мяне ў страну чужую,
З адзінокай буйнай галавой,
І разбілі мне жызнь маладую,
Дзевятнаццаць лет было,
Як разлучылі, маменька,
з табой…”

Такі вершык часоў той ссылкі ўспамінае цяпер Апанас Трафімчык.

Яшчэ ўзгадвае Апанас Іванавіч, што “загрузілі тады больш за дзвесце асуджаных у цялячыя вагоны і адправілі эшалон аж у Салікамск. Далей чыгунка тады не ішла. У дарозе адну рыбу салёную давалі. Піць вельмі хацелася. Неяк высунуў пальцы ў шчыліну, каб ледзяша дастаць, а мне канваір па пальцах — куды, маўляў, руку саджаеш!”

У Салікамску Апанас Іванавіч, як і многія асуджаныя, цяжка працаваў — пілаваў лес, за што рады быў узнагародзе не медалём Героя Сацыялістычнай працы, а двумастамі грамамі хлеба і міскай баланды.

Адпрацаваўшы дзесяць месяцаў (ужо пачалася вайна), Апанас Іванавіч быў вызвалены.

Многіх былых вязняў тады адразу ж накіроўвалі на фронт, а Апанаса Трафімчыка і іншых хлопцаў з тэрыторыі былой Польшчы ў армію пакуль не прызывалі. Як кажа сам Апанас Іванавіч, мабыць, не давяралі палякам.

Тым часам радзіма была акупіравана немцамі, таму Апанас Іванавіч разам з іншымі хлопцамі з Беластоку (сёння Польшча) жыў і працаваў у Пензенскай вобласці Расеі.

Толькі 20 верасня 1943 года былых палякаў разам з Апанасам Трафімчыкам паклікалі ў ваенкамат і накіравалі на фронт.

— Далі абмундзіраванне і сказалі, што пара нам ужо бараніць Радзіму. Далі вінтоўкі, а мы імі і карыстацца не ўмелі, спачатку нават патрон не маглі закласці. Але крышку навучылі і адправілі ў розныя часці. Мяне накіравалі ў артылерыю мінамётчыкам. Вызвалялі Польшчу — Хелм, Варшаву. Пад Варшаваю мяне параніла ў нагу, таму доўгі час матаўся па розных шпіталях, бо ўсюды ж месцаў мала было. Так па шпіталях дабраўся аж да Астрахані, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Магчыма, тое раненне мяне і выратавала, невядома ж як далей бы ваяваў… — расказвае Апанас Трафімчык.

Апанас Іванавіч паходзіў з нябеднай працавітай сялянскай сям’і. Расказвае, што ў бацькі было 12 гектараў зямлі, дзесяць кароў, трое свіней, коні.

— Як рускія прыйшлі ў 1939 годзе, дык адразу нас хацелі вывезці ў ссылку, бо заможна жылі. Але нешта перадумалі, толькі маёмасць адабралі, — кажа Апанас Трафімчык.

За выратаванне вёскі — у Сібір!

Аляксандр Валінскі на лагерным фота 1951 года

Аляксандр Валінскі на лагерным фота 1951 года

Сусед Апанаса Трафімчыка, Аляксандр Якаўлевіч Валінскі, у армію падчас вайны таксама не быў прызваны. Падчас акупацыі яго, высокага статнага хлопца, забралі ў паліцаі. Многіх тады прымусова забіралі ў паліцэйскія атрады, у немцаў існавалі нават спецыяльныя планы па кожнай акрузе, колькі чалавек патрэбна набраць.

Аляксандр Якаўлевіч двойчы ўцякаў з гэтай службы, але яго вярталі, а на трэці раз завезлі на Дзвіну, ахоўваць ад партызанаў вялікі мост.

Праз пэўны час службы яго адпусцілі дадому ў адпачынак. Сёння яшчэ ёсць вяскоўцы, якія ўзгадваюць, што менавіта ён спрычыніўся тады да выратавання многіх жыхароў Стаек.

Справа ў тым, што ў адзін з дзён, калі Аляксандр Валінскі быў у адпачынку, немцы сагналі многіх жыхароў у нейкі будынак і хацелі спаліць, магчыма, за сувязь з партызанамі.

Але Аляксандр Валінскі апрануў сваю паліцэйскую форму і разам з яшчэ адным мужчынам з адміністрацыі вёскі кінуўся прасіць немцаў не рабіць бяды.

— Якія ж то партызаны — тут жа адны бабы і дзеці! — угаворвалі яны немцаў.

І ў нейкі момант немцы адступілі — развярнуліся і з’ехалі.

Падчас вызвалення ад нямецкай акупацыі Аляксандр Валінскі перайшоў на бок Чырвонай Арміі і пайшоў з ёй далей на захад. Вызваляў Гародню, а закончыў вайну ў Кёнігсбергу, дзе разгортваліся значныя баі. Падчас гэтага шляху ён не адзін раз быў узнагароджаны.

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны Аляк­сандр Якаўлевіч вярнуўся ў родную вёску. Але, нягледзячы на тое, што ён ваяваў у Чырвонай Арміі, факт службы ў нямецкай паліцыі савецкая ўлада яму не даравала. Недзе ў 1946 годзе Аляксандр Валінскі на дзесяць гадоў быў сасланы ў Сібір, дзе таксама працаваў у лясной гаспадарцы на самых цяжкіх работах.

Вярнуўся Валінскі толькі ў другой палове 50-х гадоў. Сёння яго нашчадкі нават і не ведаюць, ці рэабілітаваны Аляксандр Валінскі. Хаця ці патрэбная ім сёння рэабілітацыя ад той улады, якая сама не рэабілітавалася, не адмылася ад крыві, якою заліла ўсю краіну.

Танная каўбаса і татальны дэфіцыт

Сёння мяне шакіруюць выказванні некаторых грамадзян і нават грамадска-палітычных дзеячоў, якія сцвярджаюць, што “пры Савецкім Саюзе было лягчэй жыць, была больш танная каўбаса, якой на зарплату купіць можна было больш…”, і пры гэтым неяк забываюць пра тое, што гэтую каўбасу трэба было “даставаць” па блату, бо ў краіне панаваў татальны дэфіцыт.

Толькі людзі, якія не ўмеюць рабіць высновы з урокаў гісторыі, могуць так гаварыць. Справа ў тым, што для таго, каб быць чалавекам і захаваць сваю годнасць, заўжды трэба глядзець глыбей і шырэй, і не толькі праз прызму ўласных інтарэсаў.

Сапраўды, стабільны дабрабыт савецкіх грамадзянаў 70-80-х гадоў мінулага ўжо стагоддзя сёння дае падставы толькі для настальгіі. Але калі разважаць больш рэтраперспектыўна, то можна зрабіць заключэнне, што тая танная каўбаса 80-х была здабытая дзякуючы рабскай працы мільёнаў рэпрэсіраваных (у пераважнай большасці па надуманых прычынах) нашых суайчыннікаў, землякоў у 1940-1950-х гадах.

Павел Дайлід

Серп і молат - смерць і голад

Серп і молат - смерць і голад

[supsystic-social-sharing id="1"]