Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
МоладзьГісторыя

Мы можам!

На знак салідарнасці з егіпецкай моладдзю, якая ў гэтыя дні змагаецца з аўтарытарным рэжымам Хосні Мубарака, прапаноўваем чытачам кароткі агляд студэнцкіх выступленняў у Еўропе.

“Будзьце рэалістамі – патрабуйце немагчымага!”
Эрнэста Чэ Гевара

Студэнцкая супольнасць ва ўсе часы, з пачатку свайго існавання, была адной з самых актыўных у грамадстве.

Актыўнасць была накіравана на абарону сваіх правоў, на падтрымку ці забарону нейкіх з’яў у грамадстве або проста на выказванне сваёй пазіцыі. Можна сказаць, што ў ХХ ст. студэнцтва стала вельмі моцнай сілай, якая змагла паўплываць на сацыяльныя і палітычныя справы ў свеце. Самыя ж славутыя акцыі выказвання сваёй волі былі ў Чэхаславакіі і Францыі.

Ці вясёлае свята – дзень студэнта?

17 лістапада ўвесь свет адзначае свята, якое па-простаму называюць “Днём студэнта”. Беларускія студэнты святкуюць гэтую дату заўсёды весела, а вось студэнты ў Чэхіі пачынаюць адзначаць гэты дзень з сумных успамінаў.

28 кастрычніка – дзень абвяшчэння незалежнай Чэхаславацкай дзяржавы, але ў 1939г., калі краіна была акупіравана нямецкімі войскамі, адзначаць гэтае свята забаранялася. І ўсё-такі студэнты і іх выкладчыкі не пабаяліся выйсці на вуліцы Прагі і зладзіць дэманстрацыю. Хутка з’явіліся акупацыйныя падраздзяленні і разагналі шэсце. Пры гэтым быў забіты студэнт медыцынскага факультэта Ян Оплетал (Jan Opletal).

Пахаванне Яна адбылося 15 лістапада. І гэтая падзея стыхійна перарасла ў акцыю пратэстаў супраць Нямеччыны. У гэты дзень за кратамі апынуліся дзесяткі студэнтаў. А самыя масавыя затрыманні былі праведзены як раз 17 лістапада, калі гестапаўцы і эсэсаўцы акружылі пражскія студэнцкія інтэрнаты і захапілі каля 1200 чалавек. Большасць з іх потым аказася ў канцлагеры ў Заксенхаўзене, а 9 студэнтаў у той жа дзень былі расстраляныя.

Савецкія танкі на вуліцах Прагі. 1968г.

Савецкія танкі на вуліцах Прагі. 1968г.

Вось так, пакуль уся Еўропа дрыжала ад аднаго імя Гітлера, чэшскія студэнты без страху ахвяравалі сваім жыццём і свабодай дзеля надзеі, што калі-небудзь іх нашчадкі змогуць прайсціся па вуліцах вольнай Прагі і без страху выказваць пры гэтым свае думкі.

Праз 2 гады на міжнародным студэнцкім кангрэсе ў Лондане дзень 17 лістапада быў абвешчаны “Днём студэнта”, а ў Чэхіі з 1946г. – гэта “Дзень студэнта-патрыёта”.

Хваля актывізацыі чэхаславацкай моладзі узнавілася ў 1968г., калі краіна была акупіравана зноўку, толькі ўжо савецкімі войскамі. Тады студэнты прыдумалі іншы сродак барацьбы з акупантамі.

Помнік Яну Палаху (Вацлаўская плошча, Прага)

Помнік Яну Палаху (Вацлаўская плошча, Прага)

16 студзеня 1969г. студэнт Карлава універсітэта Ян Палах у знак пратэсту абліў сябе бензінам і падпаліў на Вацлаўскай плошчы. Пахаванне і гэтага маладога чалавека таксама перарасло ў дэманстрацыю.

Да красавіка таго ж года яшчэ 26 чалавек ажыццявілі спробу самагубства такім жа спосабам.

“Забараняецца забараняць!”

“Забараняецца забараняць!” – адзін з галоўных лозунгаў перыяду, які ўвайшоў у гісторыю як “Парыжская вясна” 1968г.

Падзеі сакавіка-траўня 1968г. сталі самымі вядомымі студэнцкімі выступленнямі ў ХХст. Хоць мэты і дзеянні гэтай “маленькай рэвалюцыі” былі дастаткова леварадыкальнымі, усё ж разглядаць і памятаць яе трэба як выдатны прыклад студэнцкай самаарганізацыі.

Sous les pavеs, la plage! Пад брукаванкай — пляж! Адзін з лозунгаў Парыжскай вясны

Sous les pavеs, la plage! Пад брукаванкай — пляж! Адзін з лозунгаў Парыжскай вясны

Усё пачалося яшчэ ў пачатку навучальнага года, калі на мітынгах студэнты пачалі выказваць незадаволенасць жорсткай дысцыплінай у студэнцкіх гарадках і ўніверсітэтах. З цягам часу акцыі пратэсту станавіліся ўсё маштабней, і ў некаторых ВНУ Францыі студэнтаў пачалі дапускаць да кіравання справамі універсітэтаў. На некаторы час хваля пратэстных настрояў спала.

Але ў сакавіку пачаліся арышты лідэраў грамадскай кампаніі супраць вайны ва В’етнаме, пасля чаго студэнты гуманітарнага факультэта ў Нантэры блакіравалі адміністрацыйны корпус мясцовага ўніверсітэта. Гэта адбылося 22 сакавіка, і таму новы рух атрымаў аднайменную назву. Гэты рух у далейшым каардынаваў усе дзеянні студэнцкіх выступленняў на працягу вясны.

Хутка пачаліся чарговыя затрыманні: было арыштавана каля 500 навучэнцаў, пасля чаго студэнты не толькі не спынілі супраціўленне, але яшчэ і павялічылі свае шэрагі за кошт выкладчыкаў і апалітычнай да таго часу моладзі. У пачатку траўня пачынаецца агульнаграмадзянская забастоўка, штодня праходзяць акцыі пратэсту супраць рэпрэсій, на вуліцах раскідваюцца тысячы ўлётак, выпускаюцца сотні газет.

І ўжо 6 траўня шасцітысячная дэманстрацыя студэнтаў ідзе да турмы Сантэ, дзе трымалі важакоў руху. Калі дэманстранты вярталіся назад, іх сустрэла паліцыя, і ў гэты ж дзень пры сутычцы былі пабудаваны першыя барыкады ў Лацінскім квартале. Паліцыя затрымала больш за 400 чалавек, яшчэ 600 былі параненыя.

На наступны дзень такая ж дэманстрацыя ўжо налічвала 30 тысяч чалавек, а 10 траўня – 50 тысяч. Гэты дзень вядомы як “ноч барыкад”, бо паміж студэнтамі і паліцыяй пачалася сапраўдная вайна, прымяняюцца газ і гранаты. Па ўсім Парыжы сотні параненых і былі нават забітыя.

Тады кіруючая на той момант у Францыі кампартыя пачынае антыстудэнцкую агітацыю. Але ўжо было позна, бо праз 3 дні дэманстрантаў на вуліцах Парыжа было 400 тысяч, а па ўсёй краіне баставалі дзесяткі мільёнаў чалавек. У гэтыя ж дні студэнты пачынаюць захопліваць адміністрацыйныя і прамысловыя будынкі. Ім нават удалося захапіць Сарбону, якая была зачынена з пачатку траўня.

Прэзідэнт Францыі адкрыта выказваецца аб тым, што, калі бунты будуць працягвацца, у Парыж уступяць войскі і будзе аб’яўлена ваеннае становішча. Толькі пасля гэтага студэнты супакоіліся. Але іх праца не была дарэмнай: пасля гэтых бунтаў прэзідэнт разагнаў існуючы парламент і правёў шмат рэформаў. Так Францыя паказала, што студэнцтва – гэта сіла, з якой не лічыцца нельга!

Сяржук Печавушка

Савецкія танкі на вуліцах Прагі. 1968г.

Савецкія танкі на вуліцах Прагі. 1968г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *