Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Беларускі Дзед Мароз

Ці мае права на жыццё беларускамоўны Дзед Мароз? Складанае пытанне… Вось ужо 5 год працую Дзедам Марозам, і складаецца такое ўражанне, што не спалучаюцца ў свядомасці дзяцей Дзед Мароз і беларуская мова.

"Сані" вязуць на працу

"Сані" вязуць на працу

Здаецца, яны не маюць нічога агульнага – і прычына тут у не паўсядзённым ужыванні мовы. Вось некалькі парадаксальных гісторый з уласных прац.

Апошняе ўдакладненне

Перш чым апрануць касцюм чараўніка, даводзіцца прайсці этап дамовы заказа. Ты альбо табе тэлефануюць, каб высветліць шэраг арганізацыйных пытанняў, удакладніць час і апошняе, пра што заўжды пытаюць, пачуўшы па тэлефоне беларускую мову: «Извините, а Дед Мороз на каком языке будет?»

– Не хвалюйцеся, – заўсёды адказваеш ты, – на рускай мове.

А вочы вылезлі з арбіт

Гэта гісторыя пазітыўная ў адрозненні ад папярэдняй і наступнай. Неяк працаваў на выездах на дом. Быў заказ у адной маладой сям’і. Нас там чакаў хлопчык 7 год. Мы правялі сваю звыклую праграму на рускай мове.

І тут пачалося самае цікавае. Хлопчык пачаў расказваць верш на беларускай мове пра тое, што ён паднімецца рана, памыецца, збярэцца, пойдзе ў школу, будзе вучыцца старанна і гэтак далей, бо ён (цытую) «сумленны грамадзянін сваёй краіны». Мне так спадабаўся верш, што я незаўважна для самога сябе перайшоў на беларускую мову, на якой выказаў хлапчуку падзяку за верш і даў некалькі рытарычных парад.

Калі мы вышлі з кватэры, мая Снягурка расказала мне, што ў той момант, калі я пачаў «шпарыць» па-беларуску, у бацькоў ажно «вочы з арбіт вылезлі»! І гэта ім вельмі спадабалася!

Сапраўдны Дзед Мароз, альбо Снягурка-перакладчык

Хто тут не любіць Дзеда Мароза?

Хто тут не любіць Дзеда Мароза?


Адбылася наступная гісторыя ў адным кафэ, дзе сабраліся дзеці некалькіх пачатковых класаў з настаўнікамі і бацькамі.

Па звычцы падчас прыходу на працу я размаўляю па-беларуску, а, апрануўшы касцюм, пераходжу на расейскую. Перад пачаткам гульнёвай праграмы да нас у грымёрку зайшла настаўніца, і ёй так спадабалася, што я размаўляю па-беларуску. У мой бок было сказана вельмі шмат добрых слоў. Але зышліся, што Дзед Мароз будзе рускамоўны.

І вось стаю ў касцюме гатовы выйсці на пляцоўку да дзяцей, як да мяне падбягае тая настаўніца і кажа: «Мы тут з бацькамі параіліся. Давайце вы будзеце сапраўдным беларускім Дзедам Марозам! Давайце вы будзеце гаварыць па-беларуску!» Мне вельмі спадабалася ідэя, і я выйшаў да дзяцей…

Вярнуўшыся ў грымёрку, я цвёрда сказаў, што беларускамоўным Дзедам Марозам я працую, здаецца, у апошні раз. Чаму? А дзеці мяне амаль не разумелі, і маёй Снягурцы даводзілася мяне перакладаць. Гэта адбывалася прыкладна так:

Дзед Мароз: “Дзеткі, давайце пагуляем!” Дзеці здзіўленым позіркам глядзяць на Дзеда Мароза, і тут Снягурка: «Детки, поиграем с Дедушкой Морозом?» Дзеці: «Да!». Дзед Мароз: «Ну, што, дзеткі, прыйшоў час уручыць вам падарункі». Дзеці зноў моўчкі пераглядацца. Снягурка: «Хотите получить от Деда Мороза подарки?» Дзеткі: «Да!»

***
Не гатовыя нашы дзеці да беларускай мовы. І вершыкі беларускамоўныя расказваюць нібы на замежнай мове. Крыўдна. А гэта наступнае пакаленне… Дзеці растуць, а беларускамоўны Дзед Мароз вымірае…

Антось Янкоўскі

3 каментарыя

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *