Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

У Беларусі ліквідуюць партыі?

Такія чуткі дыскутуюцца ў віртуальнай прасторы пасля 19 снежня. Іх з’яўленне звязана і з ціскам, які аказваецца на Партыю БНФ і з сітуацыяй вакол офіса партыі.

Як паведамляе БелаПАН, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не выключае, што ўлады могуць пайсці на ліквідацыю апазіцыйных палітычных партый. Пра гэта ён заявіў 15 студзеня на пасяджэнні сойма партыі.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Паводле інфармацыі Янукевіча, цяпер у Адміністрацыі прэзідэнта гэта пытанне разглядаецца ў якасці дыскусійнага.

Палітык паведаміў, што ў Міністэрстве юстыцыі пасля выбараў цікавіліся, ці прымала Партыя БНФ рашэнне пра ўдзел у несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах. Акрамя таго, вялікая верагоднасць, што не будзе працягнуты дагавор арэнды памяшкання, дзе размяшчаецца цэнтральны офіс партыі.

“Магчыма, улады не пойдуць на ліквідацыю апазіцыйных партый. Але не выключана, што нам прыйдзецца дзейнічаць у новых нязручных умовах”, — сказаў Янукевіч.

Палітык таксама лічыць, што рэпрэсіі з боку ўлады сведчаць пра яе нестабільнасць. “Сваімі жорсткімі дзеяннямі ўлада імкнецца вярнуць сабе пачуццё ўпэўненасці ў кантролі над сітуацыяй у краіне. Але, упэўнены, гэтым яна толькі набліжаецца да свайго краху”, — сказаў Янукевіч.

Тым часам, Партыя БНФ заклікае правесці міжнароднае расследаванне, у тым ліку судовае, падзей 19 снежня ў Мінску. Адпаведнае патрабаванне ўтрымліваецца ў заяве, прынятай 15 студзеня на пасяджэнні сойма партыі.

Партыя БНФ заклікае таксама міжнародныя структуры да “арганізацыі палітычнага, дыпламатычнага і эканамічнага націску” на ўлады Беларусі з мэтай неадкладнага вызвалення палітзняволеных і спынення рэпрэсій.

Як адзначыў лідар партыі Аляксей Янукевіч, да беларускіх улад павінны быць прыменены, у прыватнасці, візавыя санкцыі. Паводле яго інфармацыі, ужо рыхтуецца адпаведны спіс, у які ўключана некалькі сотняў прозвішчаў — старшыняў выбарчых камісій, суддзяў, ідэалагічных работнікаў і кіраўнікоў ВНУ.

Сойм партыі таксама патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і арыштаваных па справе аб падзеях 19 снежня ў Мінску; спынення масавых вобыскаў, затрыманняў, крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу грамадзян; прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у правакацыях і масавым збіванні мірных грамадзян.

Адзінай мэтай каардынацыі дзеянняў дэмакратычных сіл на сённяшнім этапе можа быць толькі барацьба за вызваленне ўсіх затрыманых у сувязі з падзеямі кампаніі па выбарах прэзідэнта.

Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве, прынятай 15 студзеня на пасяджэнні сойма Партыі БНФ у Мінску.
У дакуменце падкрэсліваецца, што “хваля рэпрэсій пасля 19 снежня закранула ўсе дэмакратычныя сілы Беларусі і стварыла сітуацыю, калі само існаванне краіны як дэмакратычнай дзяржавы можа апынуцца пад пагрозай”.

Сойм Партыі БНФ заклікаў усіх падпісантаў дэкларацыі аб стварэнні Нацыянальнага каардынацыйнага савета дэмакратычнай апазіцыі выказаць сваю салідарнасць з затрыманымі “рэальнымі дзеяннямі праз далучэнне да бестэрміновай акцыі па вызваленні палітзняволеных”, абвешчанай партыяй 5 студзеня.

Нагадаем, пад дэкларацыяй аб стварэнні Нацыянальнага каардынацыйнага савета дэмакратычнай апазіцыі падпісаліся прадстаўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Беларускай сацыял-дэмакратычны Грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, Рады беларускай інтэлігенцыі, кампаніі “Гавары праўду!”, руху “За Свабоду”, аргкамітэтаў па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай партыі працоўных, Беларускай партыі жанчын “Надзея”, а таксама палітык Аляксандр Казулін.
У дакуменце гаворыцца, што савет створаны “для салідарнага супрацьдзеяння росту тэрору і рэпрэсій з боку ўлад”. Яго мэтамі з’яўляюцца: вызваленне людзей, арыштаваных па палітычна матываваных падставах; арганізацыя аб’ектыўнага інфармавання грамадзян Беларусі і міжнароднай грамадскасці аб развіцці сітуацыі ў краіне; забеспячэнне вяртання краіны на шлях законнасці і дэмакратыі; стварэнне ўмоў для правядзення ў краіне свабодных і справядлівых выбараў.

Члены савета звярнуліся да парламентаў, урадаў і грамадскасці ўсіх дэмакратычных краін з заклікам “праявіць салідарнасць з беларускім народам і прыняць усе прадугледжаныя міжнародным правам меры, уключаючы дыпламатычны, палітычны і любы іншы націск, для таго, каб прымусіць беларускія ўлады няўхільна выконваць міжнародныя пагадненні ў галіне выканання правоў і дэмакратычных свабод грамадзян”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *