Пасля  19 снежня па краіне праходзіць сапраўдная хваля вобыскаў, якія дайшлі ўжо і да Берасцейшчыны. У панядзелак кадэбісты завіталі і да берасцейскіх актывістаў.

У панядзелак раніцай у Берасці ператрусы прайшлі па месцы жыхарства пяці апазіцыйных актывістаў. Пра гэта «Радыё Свабодзе» паведаміў берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк. Паводле суразмоўцы, ва ўсіх пяці выпадках супрацоўнікі КДБ прад’яўлялі пастанову на ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску.

«На жаль, улады спрабуюць чыніць ціск на актывістаў пры дапамозе такіх вось вобшукаў. Так было ў 2007 годзе, калі ператрусы праводзіліся ў шэрагу берасцейскіх журналістаў. Так і цяпер. Нечаканы ператрус — гэта магчымасьць для спецслужбаў застрашыць людзей».

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, ператрусы ў панядзелак былі праведзеныя па месцы жыхарства Дзмітрыя Шурхая, Андрэя Шарэнды, Уладзіміра Вуека, Юркі Бакура, Арцёма Церашонка.

Арцём Церашонак быў сябрам ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука і Ўладзіміра Някляева. Па словах Арцёма, у яго нічога не канфіскавалі. Але ўручылі позву з’явіцца ва ўпраўленне КДБ па Берасцейскай вобласці 11 студзеня а 14-й гадзіне. Пытаюся ў юнака: ці запалохвае яго гэты ціск?

«Кожны чалавек здольны думаць. І думкі чалавека змяніць цяжка. І гэтымі ператрусамі ці допытамі КДБ ня зменіць ход маіх думак. Іншая справа, што, можа, хваля вобшукаў крыху прыб’е жаданне людзей быць далучанымі да актыўных дзеянняў апазіцыі. Магчыма. Але на ход маіх думак гэта не паўплывае».

Копія пастановы на ператрус у Андрэя Шарэнды

Копія пастановы на ператрус у Андрэя Шарэнды

[supsystic-social-sharing id="1"]