Мая мама памерла вечарам 4 снежня 2009 года ў анкалагічным дыспансэры. П’яны ў сцельку дзяжурны доктар, якога нам сказалі чакаць, каб атрымаць даведку аб смерці, доўга тлумачыў заплятаючымся языком, прыкрываючы рот далонню, што не можа нам сёння яе выпісаць. Я і так гэта бачыў. Я яго разумею — захаваць цвярозы розум, калі вакол цябе прывіды смерці, надзвычай складана. Зрэшты, яго стан мяне тады абсалютна не кранаў.

Маці памерла ад пухліны падстраўнікавай залозы. Яна ведала свой дыягназ (яе сяброўка па працы пасля прызналася), але нам, сваякам, не казала нічога да самага апошняга моманту. Толькі за 3 тыдні да смерці яна папрасіла яе адвезці ў паліклініку, каб узяць рэцэпт на нейкія лекі для паляпшэння засваяльнасці ежы. Эндакрынолаг адразу адправіла ў гарадскі шпіталь. Наступнага дня мне патэлефанавалі адтуль і папрасілі тэрмінова прыехаць. Доктар сказаў, што ў мамы пухліна, і трэба ехаць у анкалогію. Маме яны не сказалі нічога. Мы параіліся з бацькам і братам і таксама вырашылі ёй не казаць. Такая вось у нас атрымалася сумная гульня у малчанку. Мама ведала і не казала нам, а мы — не казалі ёй.

2 тыдні мы ездзілі з ёй на розныя аналізы, кансіліўмы і абследаванні (вывучыў значэнні слоў «тамограф» і «біяпсія»). Яшчэ на другі дзень абследавання намеснік галоўурача сказаў мне, што пухліна падстраўнікавай залозы, на жаль, адна з самых складаных — пакуль яна на першай-другой стадыі, яна не вызначаецца і не праяўляецца. А на трэцяй стадыі яе лячыць вельмі складана. У мамы была чацвёртая. Апошняя.

Добрыя людзі дапамаглі пакласці яе ў стацыянар. Усё лячэнне заключалася ў уколах абязбольваючых. Доктар доўга, прамалінейна і, як мне здавалася, досыць цынічна (а як інакш?) тлумачыў мне, што ані хіміятэрапіі, ані апраменьвання радыяцыяй мама не перажыве. Мы пачалі ўжо дамаўляцца пра яе перавоз дадому — мама на той момант ужо не ўставала. Нам казалі, што ёй застаецца 3-6 месяцаў. Памерла яна праз некалькі дзён, на бальнічным ложку. Дзякуй Богу, у сне. Памерла так, як жыла — імкнучыся нікому не перашкаджаць.

***

У красавіку 2010г. былі мясцовыя выбары. Я пайшоў на свой участак у СШ № 13. З галасавання ў 1994г. за Пазняка ніколі не прапускаў выбары, і цяпер падтрымаў нашых партнёраў — сацыял-дэмакратаў, якія балатаваліся па маім участку. Побач са сваім прозвішчам у спісе выбаршчыкаў пабачыў прозвішча мамы. На той момант з яе смерці прайшло больш за 4 месяцы. У адносна мяккай форме я тады зрабіў камісіі заўвагу, што трэба больш адказна правяраць спісы выбаршчыкаў. Сябры камісіі папрасілі прабачэння і паабяцалі выправіцца.

Зараз я сам працую ў гэтай самай камісіі. Атрымаў ад сакратара спіс жыхароў свайго дома, каб удакладніць, хто выехаў, каму споўнілася 18 год, хто памёр. Зноў пабачыў у спісе імя мамы. Здзівіўся. Але нічога не сказаў. А што тут скажаш — у нашай краіне з вялікай павагай ставяцца да простых людзей.

Учора абыйшоў сваіх суседзяў. Дзякуй Богу, за прайшоўшыя 9 месяцаў ніхто не памёр. Пару чалавек з’ехалі, некалькім споўнілася 18. Пабачыўся шмат з кім са старых сяброў. Было прыемна паўспамінаць дзіцячыя забавы. Па палітычных перавагах па выніках размоў адзначу некалькі груп:

— Мясцовыя актывісты. Людзі, якія змагаюцца за рамонт пад’езда, збіраюць грошы на прыбіральшчыцу, ведаюць усіх суседзяў. У асноўным жанчыны пенсійнага ўзросту. Дастаткова адэкватныя, сочаць за навінамі і, як ні дзіўна, чытаюць апазіцыйную прэсу. Бачу іх часцяком на лавачках ва двары ў цёплыя дні. За каго галасаваць — не ведаюць. Не хочуць галасаваць за Лукашэнку, але большасць астатніх кандыдатаў лічаць нездатнымі да выканання абавязкаў прэзідэнта. А тых, каго лічаць здатнымі, не падтрымліваюць, бо тыя атрымліваюць грошы з Расеі. Калі коратка выказаць іх філасофію — лепш усё ж такі Лукашэнка, чым Крэмль. Што тут скажаш — з гэтым пастулатам можна толькі пагадзіцца. Нават я магу.

— Інтэлігенцыя. Жанчыны за 35, у акулярах, выхаваныя, з граматна пабудавай мовай, трапнымі выказваннямі. Жывуць у кватэрах з сучасным рамонтам. Калі запытваў пра суседзяў, якіх не заспеў у хаце, яны не толькі называлі прозвішчы і імёны, але ж і дадавалі, хто дзе працуе, якую пасаду займае. Для іх важна мець уплывовых людзей у суседзях. Галасаваць не пойдуць, бо не бачаць сэнсу. «Ну вы ж самі цудоўна ведаеце, як там усё робіцца» — гэта яны мне кажуць 🙂 Я адказваў, якую партыю прадстаўляю, абяцаў, што пастараюся зрабіць усё, каб на нашым участку падлік галасоў быў сумленным. Не дзейнічае. І, блін, правільна ж кажуць: «А ноччу што, таксама будзеце ўрну караўліць?».

— Моладзь (ад 20 да 30). Індыферэнтна ставяцца да працэса галасавання. Адназначна супраць Лукашэнкі, але ў магчымасць перамен не вераць. Некаторыя паедуць на Плошчу. У гэтай групе — ніводнага лукашыста. Але тыя, каму толькі споўнілася 18, ісці на выбары плануюць. І правільна. Ім наша камісія нейкія падарункі рыхтуе. Напэўна, канстытуцыю 🙂

— Рабацягі. Іх большасць. Кожны раз здзіўляўся, бачачы яшчэ стары савецкі рамонт (ці дызайн, як зараз прынята казаць). Затое дзверы часцяком сустракаюцца металічныя — каб не горш, чым у суседзяў. Да доўгіх размоваў не схільныя, нягледзячы на маю ўсмешку, глядзяць насцярожана. Для іх я — увасабленне ўлады. Іх палітычнае крэда для мяне ў большасці выпадкаў засталося загадкай. Але ж стаўленне да мяне, як да прадстаўніка ўлады, дэманструе не вельмі гарачую любоў да яе. Пабачым 19 снежня.

Агулам удакладненне спісаў заняло ў мяне 5 гадзінаў часу. Гульня ў выбары працягвае мне падабацца — не сваёй мэтай, але сваім зместам. Мне падабаецца размаўляць з людзьмі, бачыць іх зацікаўленасць у пераменах да лепшага, падабаецца даваць парады, слухаць іншыя думкі. У дыялогу, у размове зараджаешся энергіяй, мабілізуешся, расцеш і удасканальваешся. Выбары, гэта той час, калі знаходзіш шмат аднадумцаў, прыхільнікаў, сяброў. Нават спрэчкі, дэбаты і бруд, які льецца палітычнымі праціўнікамі адзін на аднаго, калі людзі, у якіх бачыў сяброў, кідаюць табе у твар абразы — нават усё гэта прасякнута прагай перамен да лепшага. Праўда кожны бачыць яго па-свойму. Але ж выбары — гэта тое, што нас яднае ў імкненні да лепшага.

Галасуй. Твой голас важны для іх!

Галасуй. Твой голас важны для іх!

***

Мы пахавалі маму праз тры дні пасля смерці — у даждлівы панядзелак 7 снежня, на Плосцы, дзе ўжо некалькі год амаль нікога не хаваюць.
У той дзень у 7-20 раніцы я сустрэў нашага мэра Аляксандра Палышанкова ў файе гарвыканкама, прывітаўся і падняўся з ім у кабінет. Маю заяву з просьбай дазволіць пахаванне на Плосцы ён падпісаў адразу. І выказаў спачуванні. З удзячнасцю ўспамінаю яго чыста чалавечыя словы. Смерць заўсёды збліжае людзей.

***

Развітацца з мамай каля пад’езда сабраліся ўсе суседзі, было больш за сотню яе сяброў, вучняў, калег па працы ў 15-й школе. А калі мы пад’ехалі да школы, дзе яна працавала, для мамы прагучаў апошні званок. Светлая памяць!

[supsystic-social-sharing id="1"]