Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Блог ДПШ

Д.Ш.: Кампанія робіць нас мацнейшымі

Сёння знайшоў нарэшце час уважліва прааналізаваць афіцыйныя вынікі збору подпісаў у Берасцейскай вобласці. Аказваецца, сябры, мы ці не лепшая каманда на Берасцейшчыне!

У кожнай справе, якую мы робім, ёсць задача максімум, і задача мінімум. Калі казаць пра выбары, то пра задачу максімум няхай вядуць дэбаты сталічныя палітыкі. А мы на лакальным узроўнім ставім для сябе лакальную задачу – зрабіць нашу каманду мацнейшай, больш эфектыўнай і прафесійнай. Падчас выбарчай кампаніі ў каманду заўсёды прыходзяць новыя людзі – значыць яна становіцца мацнейшай. Яны набіраюцца досведу і адпаведна становяцца больш прафесійнымі і эфектыўнымі ў сваёй справе. Камунікацыі з людзьмі, уменне пераконваць, уменне чуць і быць пачутым, уменне працаваць у камандзе – вось тыя навыкі, што набывае кожны чалавек, які працуе валанцёрам на выбарах. І яны спатрэбяцца яму не толькі ў палітычнай дзейнасці, але і ў самых паўсядзённых справах. Удзел у выбарах – неацэнны досвед, які робіць больш шырокім кругагляд і ўзбагачае любога чалавека.

Першы этап кампаніі – збор подпісаў – пройдзены паспяхова. Вылучэнцы ад правых, нацыянальна-дэмакратычных сілаў, за якіх мы збіралі подпісы, – Алесь Міхалевіч і Рыгор Кастусёў – учора былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты. Але ж варта ацаніць у лічбах, наколькі паспяховымі мы былі на гэтым этапе.

Наш першы кандыдат, Алесь Міхалевіч, за якога сапраўднымі прызналі 17.645 подпісаў, займае 2-е месца (не лічачы, канешне, А.Р. Лукашэнку) па колькасці сабраных подпісаў. Абыйшла нас толькі каманда У. Някляева з 23.547 сапраўднымі подпісамі. Што не так і дзіўна, калі параўнаць рэсурсы Някляева і Міхалевіча.

Што да нашага другога кандыдата, Рыгора Кастусёва, то са сваімі 9.352 подпісамі ён займае пачэснае перадапошняе месца. Але не забывайма, што сябры яго ініцыятыўнай групы працавалі цалкам на валанцёрскіх пачатках – унікальная з’ява для Беларусі, калі за кандыдата ў прэзідэнты сабралі 100000 подпісаў за “дзякуй”. Прытым адразу агаваруся, што тыя, хто збіраў подпісы за Міхалевіча, сабралі за Кастусёва толькі каля 2000. Астатняе сабралі сябры Партыі БНФ і яе прыхільнікі. Таму, калі скласці разам патэнцыял “Мі”+”Ка”, то на сённяшні момант мы – самая моцная каманда на Берасцейшчыне (паўтаруся, не лічачы, канешне…).

Я вельмі ганаруся, што працую падчас гэтай кампаніі з такімі адказнымі, энергічнымі і крэатыўнымі людзьмі. Вельмі рады, што амаль кожны сябра Партыі БНФ зрабіў свой унёсак у агульную справу. І хай у нас не было рэкардсменаў з 1000 сабраных подпісаў, але ж важна, што кожны адгукнуўся на нашу просьбу і сабраў хоць 10-20 подпісаў. Людзі, якія збіраюць за ідэю, а не за грошы, тым самым дэманструюць усім, што ідэя гэтая жывая і будзе жыць!!!

Да таго ж адзначу, што па якасці сабраных подпісаў Міхалевіч займае першае месца!!! Толькі 55 подпісаў камісіі па нейкіх прычынах палічылі несапраўднымі. І гэта сведчыць не толькі пра эфектыўную працу рэгіянальных штабоў па праверцы і адбракоўцы сабраных подпісаў, але ж і пра шчырасць і сумленнасць нашых сяброў, якія не гналіся, як некаторыя іншыя, за колькасцю, а сапраўды якасна працавалі з выбаршчыкамі. За подпісамі Кастусёва (206 несапраўдных) кантроль быў не меншы, але, трэба быць шчырым, мы выкрэслівалі толькі самыя яўныя памылкі (6 лічбаў у нумары пашпарта, не стаіць дата подпісу і да т.п.). Стараліся захаваць як мага больш подпісаў, бо іх і так не хапала. Так што можа недзе і прапусцілі нейкія хібы. Але ж, на маю думку, вынікі збору подпісаў сведчаць: адказнасць, энэргія і шчырасць – вось тры кіты, на якіх грунтуецца поспех нашай каманды!

Спадзяюся, што і ў далейшай працы мы будзем цвёрда стаяць на гэтых трох кітах. Веру, што мы можам правесці эфектыўную кампанію і даказаць, што правыя, нацыянальна-дэмакратычныя сілы – сапраўдны рухавік зменаў, а нашы ідэі знаходзяць станоўчыя водгукі ў значнай частцы жыхароў Берасцейшчыны!

І канешне віншую ўсіх, хто спрычыніўся да гэтай справы, з паспяховым пераходам на другі ўзровень гульні пад назвай Выбары-2010! Будзьма разам і парвем усіх!

P.S. Не магу ўстрымацца, каб не пажартаваць наконт апошняй фразы: (паўтаруся, не лічачы, канешне…). Але гэта толькі жарт 🙂 А то неяк усё занадта ўзнёсла і пафасна чытаецца.

Афіцыйныя вынікі праверкі сабраных подпісаў

Афіцыйныя вынікі праверкі сабраных подпісаў

Выбары-2010

Выбары-2010

4 каментарыя

Пакінуць адказ на dzedzich Адмяніць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *