Учора абмеркавалі, як у нашых вылучэнцаў наладжваюцца адносіны з участковымі камісіямі. Склалася ўражанне, што многія сябры камісій карыстаюцца прынцыпам «скрипач не нужен».

Большая частка нашых сябраў да гэтага часу нават не атрымала запрашэнне на пасяджэнне сваіх камісій. Даводзіцца тэлефанаваць самім і пытацца: «чаму не запрашаеце?». Найбольш паказальны адказ прагучаў ад сябраў камісіі, што месціцца ў цэнтральнай гарадской бальніцы:

— У нас медыцынская ўстанова, шмат працы, шмат хворых, конкурс праводзілі на лепшую медсястру (хацеў бы я паглядзець на конкурс кшталту «Міс медсястрычка» :), — Д.Ш.), не было часу сабрацца. Нам пакуль не да выбараў.

Вось так! Ім не да выбараў. Канешне, гэта правільна. Дактары павінны лячыць. А лічыць (галасы) павінны прадстаўнікі ўсіх кандыдатаў, а не адзінкавыя украпленні свабоднай думкі.

Думаю, ігнараванне нашых прадстаўнікоў не запраграмаванае рэжысёрам гэтых выбараў. У некаторых камісіях паклапаціліся пра тое, каб за тры дні запрасіць людзей на першае пасяджэнне. А ў Адміністрацыі Ленінскага раёна тэлефанаваннямі займаўся асабіста Упраўляючы справамі сп. А.А. Парафенюк. Як ў прынцыпе і павінна быць, бо за першае пасяджэнне адказвае орган, які фармуе камісіі.

У Ленінскім раёне нашы прадстаўнікі ўжо наведалі па два пасяджэнні. Атрымалі ўчасткі па ўдакладненні спісаў выбаршчыкаў. Актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаванні працэдурных пытанняў.

На маім участку асаблівую ўвагу ўдзялілі памерлым — трэба праверыць, каб іх прозвішчы раптам не патрапілі ў канчатковыя спісы. Бо прыходзяць сваякі, якім пасля сорамна глядзець у вочы. А прэцэдэнты ўжо былі, непрыемны досвед яны маюць! У тым ліку з маім асабістым удзелам у якасці такога вось сваяка.

Таму нельга сказаць, што нас змясцілі ў ігнор. Пакуль што большасць нашых сябраў ацэньвае паводзіны камісій як інэртнасць сістэмы, дзе ў адладжаны нібы гадзіннік механізм нейкім цудам занесла чужародны прадмет. І тут магчымыя 2 варыянты — альбо гэты прадмет расплюшчыцца пад зубцамі шасцярэнек, альбо гадзіннік пакажа іншы час.

Праблема выбару

Праблема выбару

[supsystic-social-sharing id="1"]