Ці ведаеце вы, што бацька першага прэзідэнта Акадэміі Навук Беларусі Усевалада Ігнатоўскага быў святаром у Быцені Івацэвіцкага раёна? Ці чыталі вы калі-небудзь успаміны аб нямецкай акупацыі часоў першай сусветнай вайны? Ці чулі вы легенды палаца Пуслоўскіх у Косаве? Ці шмат вы ведаеце пра падзеі паўстання 1863 года на Берасцейшчыне?

"Рэха Берасцейшчыны"

"Рэха Берасцейшчыны"

На ўсе гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце адказы на краязнаўчым сайце “Рэха Берасцейшчыны”, які пачаў працу нядаўна.

На гэтым сайце, размешчаным на адрасе http://rehaby.info/, прадстаўлена інфармацыя гістарычнага, культурніцкага, турыстычнага характару, абнаўляецца тут бібліятэка электронных выданняў, прысвечаных Берасцейшчыне, ствараецца фотагалерэя і форум.

Як паведаміў рэдактар сайта, гісторык Павел Дайлід, “ідэя стварэння краязнаўчага сайта “Рэха Берасцейшчыны” з’явілася пасля выхаду трэцяга нумару аднайменнага бюлетэню. Разумеючы, што папяровы бюлетэнь “Рэха Берасцейшчыны” не можа змясціць шырокі спектр краязнаўчай інфармацыі краю і, з-за абмежаванасці свайго накладу, не можа быць даступны многім патэнцыйным чытачам, паўстала жаданне стварыць яго электронную версію”.

Сайт “Рэха Берасцейшчыны” з’яўляецца вынікам працы краязнаўцаў, гісторыкаў, аматараў турызму і іншых зацікаўленых асобаў Брэсцкай вобласці. Як паведамляецца на сайце, любы жадаючы можа прапанаваць свае артыкулы, матэрыялы, фотаздымкі з мэтай павышэння папулярнасці краязнаўства сярод жыхароў Берасцейшчыны.

Сайт створаны пры падтрымцы інфармацыйна-кансалтынгавай ўстановы “Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”.

[supsystic-social-sharing id="1"]