Моладзевая ініцыятыва Аазіс з Берасцейшчыны правяла інтэрнэт-конкурс на лепшыя вобразы – сімвалы Беларусі, якія б карысталіся попытам сярод маладых людзей. Пераможцам конкурсу стала сістэма з 9 элементаў беларускага арнаменту, якія мусяць збрагчы здароўе і шчасце, тых, хто іх носіць, прынесці багацце і надаць поспеху ва ўсіх сферах жыцця!

“Цэнтрам ўвагі конкурсу “Беларусь гэта…” стала не сама сімволіка, а погляд на яе маладога пакалення – лічыць адзін з ініцыятараў конкурсу Віктар Клімус. — Хацелася ведаць, як успрымаюцца не толькі ізбітыя вобразы, але і тыя, што можна назваць новымі і арыгінальнымі — забытая спадчына ці новыя элементы культуры.
Арнамент — пераможца быў пададзены ў даволі цікавым, і, мяркую, мала каму вядомым рэчышчы. Была прапанавана разшыфроўка асноўных сімвалаў, зварот да іх сакральнага зместу. Разам з удзельнікамі і нашымі дызайнерамі мы распрацавалі сістэму з дзевяці сімвалаў-абярэгаў: сям’я, здароўе, дабрабыт, багацце і інш. Лічу, гэта цалкам новы і досыць удалы погляд на традыцыйную з’яву, акурат прыдатны да выкарыстання ў сярод моладзі”.

Свае прапановы на конкурс даслалі больш за 20 чалавек. Усе яны былі выкладзены на адпаведнай старонцы http://vkontakte.ru/club19072840 . Там жа была створана і адмысловая падзея-галасаванне. Аддаць свой голас можна было на сайце dzedzich.org Далей журы, у склад якога ўвайшлі гісторыкі і краязнаўцы падвялі вынікі конкурсу, і ўжо хутка найлепшую апрацаваную прапанову можна будзе пабачыць у выглядзе магнітаў і бралкоў.

Зараз у Беларусі падрастае ўжо трэцяе пакаленне, якое не датыкалася да народнай культуры ў яе натуральным асяроддзі, і ў якіх не выхоўвалі пачуццё павагі да нацыянальнай спадчыны. З гэтага вынікае слабое ўспрыманне беларускай моладдзю сваёй краіны як адметнай культурнай прасторы.

Адной з праяваў праблемы з’яўляецца адсутнасць ў сучаснай массавай культуры яркіх і прывабных вобразаў і сімвалаў, папулярна прэзентуючых адметнасць Беларусі адносна іншых народаў, і якія б выклікалі пачуццё гонару і самапавагі. У тым ліку няма і сувенірнай прадукцыі з падобнай сімволікай, прыдатнай для выкарыстоўвання ў масавым моладзевым асяродку (моладзевых субкультурах) як элемента самаідэнтыфікацыі. Не выкарыстоўваюцца ў бытавой камунікацыі элементы народнага міфу, фальклёру, аўтэнтычныя сімвалы і вобразы. Гэта нясе пэўную пагрозу поўнай асіміляцыі беларускага народу і знікнення яго самастойнай культуры як з’явы.

На жаль элементы Беларускай спрадвечнай самабытнасці не могуць канкураваць на рынку з аналагічнай прадукцыяй з Усходу, Расіі, Еўропы ды ЗША. Да прыкладу ў Берасці – абласным цэнтры і адным з буйнейшых гарадоў краіны – няма ніводнай сувенірнай крамы, дзе беларуская прадукцыя (па мейсцу вырабу і сутнасці) займала б 10% і больш асартыменту. Відавочна, што толькі рынкавы попыт такога кшталту прадукта можа павялічыць яго выраб. Але для гэтага ён (прадукт) мусіць быць папулярызаваны сярод моладзі, як найбольш актыўных карыстальнікаў семантычнай атрыбутыкі.

“Малады чалавек мусіць сутыкацца з беларускасцю паўсюль — у розных праявах і розных сферах, — лічаць арганізатары конкурсу. З гэтага пачынаецца разуменне сваёй адметнасці, гонару за краіну.На цяперашнім беларускім рынку можна знайсці чый заўгодна прадукт: заходні, расейскі, кітайскі, афрыканскі, а нацыянальнага вельмі мала. Гэта тычыцца і шоў-бізнеса, і кіно, і той жа сувеніркі”.

Можна толькі спадзявацца, што дзевяць абраных абярэгаў захаваюць не толькі здароўе і шчасце беларускай моладзі, але і нашую нацыянальную самабытнасць, пачуццё павагі да нацыянальнай спадчыны і культуры.

паводле Альтэрнатыўнай Моладзевай Платформы

[supsystic-social-sharing id="1"]